Вы тут

«За вас заўсёды песня гаварыла…»


…Імя гэтага чалавека на слыху, але далёка не кожны патлумачыць, кім жа ён быў, адкуль яго карані. Размова пойдзе пра народнага артыста СССР Генадзя Іванавіча Цітовіча, які змог сабраць, зберагчы, зрабіць набыткам усёй краіны багаты беларускі фальклор.


 Як Рэчкі спявалі

Трапіла ў рукі кніжка пісьменніка Дзмітрыя Мікалаевіча Жураўлёва «Генадзь Цітовіч» аб жыцці і творчай дзейнасці майго знакамітага земляка. Але не сустрэла там, што нарадзіўся герой майго аповяду ў Новым Пагосце Мёрскага раёна, як сведчаць біяграфічныя даведкі.

…Хто не ведае як след дарогі, знайсці засценак Рэчкі, дзе нарадзіўся Генадзь Цітовіч, не так лёгка. Чатыры невялікія хацінкі хаваліся ў густым лесе, а дрыгвяністыя балоты надзейна ахоўвалі засценак ад цікаўных. Здавалася, што ніводзін чалавек не пайшоў бы сюды жыць па добрай волі — настолькі глухім і няўтульным здаваўся гэты кут, які невядома чаму называўся Рэчкамі, хоць сапраўдных рэчак тут не было, калі не лічыць невялічкую Маціцу.

Цяпер там усё ператворана ў агульны масіў пасля меліярацыі зямель. Але жыхары старэйшага ўзросту памятаюць гэтыя мясціны і могуць расказаць пра іх размяшчэнне: дарога вядзе з вёсак Каўшэлева на Запруддзе, Барсучыну і ўпіраецца ў былы засценак Рэчкі Шаркаўшчынскага раёна.

Шмат гадоў назад з’явіўся тут учарашні прыгонны селянін Фадзей Цітовіч і яго жонка Ефрасіння. Гаспадару дазволена было ўзяць замест надзелу зямлі лясныя выгаркі. Пабудаваў ён сабе хату і стаў асвойваць выдзелены ўчастак зямлі. Падрасталі і дапамагалі працаваць сыны: Іван, Сымон, Юстын, Мікалай і дочкі Наталля і Агаф’я. Бацька вырашыў увесь надзел перадаць двум старэйшым сынам, а астатніх далучыць да нейкай іншай справы.

Мікалай вывучыўся на ваеннага фельчара. А самы малодшы сын Іван стаў настаўнікам. Яго размеркавалі на работу ў вёску Вішнёва (цяпер гэта Вішнева Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці). Іван ажаніўся з Сусанай Рыгораўнай, якая працавала настаўніцай у вёсцы Замошша (цяпер Браслаўскі раён). На канікулах яны прыязджалі ў Рэчкі, каб дапамагчы па гаспадарцы Іванавым бацькам. І выйшла якраз так, што менавіта тут у ліпені 1910 года нарадзіўся ў іх першы сын Генадзь. Дзед, які быў галоўным у сям’і, не спяшаўся пахрысціць унука. Але надышоў той час, калі трэба было правесці важны абрад: сын запрасіў у якасці хроснага свайго даўняга сябра, мясцовага настаўніка. Павёз дзед унука ў царкву. Тутэйшы настаяцель некуды спяшаўся, хуценька правёў абрад, макнуў нованароджанага ў купель і, адклаўшы запіс у царкоўную кнігу на будучыню, знік. Праз некалькі дзён ён знайшоў ва ўласнай кішэні паперку з імёнамі бацькоў, хросных і нованароджанага «раба божага Генадзя» і, не абцяжарваючы памяці, запісаў у кнігу, што нарадзіўся хлопец у Новым Пагосце ў жніўні.

Дзеці Івана ( у тым ліку і Генадзь) летам жылі ў дзеда ў Рэчках, узімку — у бацькоў у Вішнёва непадалёку ад маляўнічага Вішнёўскага возера. Затым бацькоў перавялі настаўнічаць у вёску Дубатоўку, што каля Смаргоні.

Калі пачалася імперыялістычная вайна, бацьку забралі ў армію. Нямецкія войскі набліжаліся да Вільні, і каб не аказацца ў акупацыі, сям’я рушыла на ўсход. Іван Цітовіч скончыў ваеннае вучылішча ў Чугуеве і атрымаў прызначэнне ў Яраслаўль. Сюды прыехала і жонка з Генадзем і маленькім Аляксандрам. Потым сям’я жыла ў Вятцы, у Арлове. Калі дачакаліся вызвалення родных мясцін ад ворага, зноў пераехалі да дзеда ў Рэчкі. Бацька аказаўся на фронце. Пайшлі на фронт і дзядзькі. У хаце засталіся адны старыя ды малыя.

Боская прырода гукаў

Неўзабаве прыйшла вестка аб Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года, а праз некалькі месяцаў дакацілася водгулле Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Петраградзе. Радзіма зноў апынулася пад пагрозай нямецкай акупацыі, потым прыйшлі польскія салдаты. Не было міру на зямлі…

Новую прафесію абраў Іван Фадзеевіч. Вырашыў былы настаўнік здаць іспыты за поўны курс семінарыі. З 1920 года змог рукапалажыцца ў святары, стаў айцом Іаанам у вёсцы Новы Пагост (Мёрскі раён). Потым служыў у Шкунціцкай царкве (Шаркаўшчынскі раён), у Рымках (Пастаўскі раён) і завяршыў сваю службу ў Лужках (Шаркаўшчынскі раён).

Генадзю было ўжо трынаццаць, а ён, як і ўсе дзеці ў сям’і, не хадзіў у школу (з імі займаліся бацькі). Восенню 1924 года Генадзь разам з бацькам паехаў у Вільню, каб атрымаць адукацыю. Праз некалькі дзён ён трымаў экзамены за першыя два класы і стаў выхаванцам трэцяга класа Віленскай праваслаўнай духоўнай семінарыі. Яна размяшчалася ў былым Троіцкім манастыры. Любімым заняткам Генадзя былі песні і музыка — духоўны аркестр і хор. На рэпетыцыях спявалі музыку Лядава, РымскагаКорсакава, Чайкоўскага, Вярстоўскага, «Мроі» Шумана, хоры салдат з «Фаўста» Гуно і многія іншыя ўрыўкі з разнастайных опер.

На фарміраванне асобы Цітовіча аказаў вялікі ўплыў Рыгор Шырма, з якім ён быў знаёмы з 1926 года. На кватэры ў Рыгора Рыгоравіча Цітовіч сустракаўся з выдатнымі дзеячамі культуры Заходняй Беларусі: Максімам Танкам, Пятром Сергіевічам і Язэпам Драздовічам.

З нецярплівасцю Генадзь чакаў калядных, велікодных, летніх канікул, каб паехаць да бацькі ў Рымкі ці да дзеда і бабулі ў Рэчкі. Вельмі прыцягвалі яго песні бабулі і захапляў яе цудоўны голас.

Надзвычай добрую школу харавых спеваў прайшоў Генадзь у класе Беера і хоры Шырмы. Неўзабаве Генадзь стаў удзельнікам хору. Паступіць у кансерваторыю? Нечакана разважанні і сумненні скончыліся, як толькі ён прыехаў на лета ў Рэчкі: у сям’і вырашылі, што трэба працягваць вучыцца.

Стаў студэнтам прыродазнаўча-матэматычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта. Асабліва падабаліся лекцыі і практычныя заняткі па метэаралогіі, анатоміі. Ва ўніверсітэце быў арганізаваны хор, дзе Цітовіч праяўляў свае здольнасці да музыкі.

Мара ажыццявілася. У 1934 годзе Генадзь паступіў у кансерваторыю, але ўніверсітэта не кінуў. Скончыў яго і цалкам аддаўся музыцы. А ў 1936 годзе ён, працягваючы займацца ў кансерваторыі, становіцца студэнтам факультэта гуманітарных навук Віленскага ўніверсітэта кафедры этнаграфіі.

Яшчэ ў дзяцінстве Генадзю хацелася захаваць у памяці ўсё, што спявала некалі бабуля, і ён стаў наведвацца ў найбліжэйшыя вёскі, а ў час летніх канікул зрабіў сапраўднае фальклорнае падарожжа на лодцы і плытах па Дзісне аж да яе ўпадзення ў Заходнюю Дзвіну.

У студэнцкім хоры спявала маладая студэнтка-медычка. Сярод студэнтак яна была самая прывабная і здольная да песень. Яна захапіла сэрца Генадзя, і ў 1937 годзе яны з Вольгай Строк згулялі вяселле. Генадзю Іванавічу да сканчэння кансерваторыі заставалася два гады, таму застаўся ў Вільні, а Вольга Мацвееўна пасля заканчэння ўніверсітэта атрымала пасаду правізара ў Вышкаве, невялікім гарадку пад Варшавай.

У 1939 годзе Генадзь Цітовіч скончыў кансерваторыю. Вольга рыхтавалася да пераезду ў Вільню, а Генадзь накіраваўся ў чарговую экспедыцыю. Яго цікавілі польска-ўкраінскія фальклорныя ўзаемасувязі. Аднак гэтае апошняе веласіпеднае падарожжа этнографа па Польшчы давялося спыніць. Адчувалася набліжэнне вайны, Цітовічы рушылі на ўсход.

Хросны бацька ў мастацтве

Яны апынуліся ў Лужках, дзе ў той час жыў бацька Генадзя. Уладкаваўшыся часова настаўнікам у Паставах, Цітовіч напісаў у Мінск ліст з прапановай выкарыстаць яго па спецыяльнасці. Хутка атрымаў прызначэнне на пасаду адказнага рэдактара музычнага вяшчання радыёстанцыі ў Баранавічах. Справы на радыё ішлі добра. Абжываліся ў новай кватэры, нарадзілася першая дачка Таццяна.

Пры набліжэнні фашыстаў пакінуць горад не ўдалося, сям’я галадала. Аднойчы Генадзь Іванавіч сустрэў доктара Уладзіміра Лукашэню. Той паспрыяў, каб Генадзь з жонкай уладкаваліся ў Ляхавіцкую аптэку. Яны дапамагалі партызанам лекамі. Нямецкая разведка пра гэта даведалася, давялося ўцякаць. Цітовічы апынуліся ў Навагрудку. Калі Савецкая Армія вызваліла Беларусь ад нямецкіх акупантаў, сям’я вярнуліся ў Баранавічы.

Генадзь Іванавіч атрымаў прызначэнне на пасаду адказнага рэдактара «Апошніх паведамленняў». Пазней ён быў вызвалены ад абавязкаў рэдактара і прызначаны намеснікам начальніка абласнога аддзела мастацтваў. Тут перад ім адкрываліся бязмежныя творчыя магчымасці для прымянення сваіх ведаў.

Работа з дакументамі не вельмі натхняла, Генадзя Іванавіча «панізілі» на пасадзе — ён перавёўся ў абласны Дом народнай творчасці метадыстам-кансультантам. Наступнае прызначэнне Цітовіча — мастацкі кіраўнік Міжабласнога ансамбля песні і танца ў горадзе Маладзечне. Заўважыўшы плённую творчую працу Цітовіча, у 1951 годзе яго запрашаюць у Мінск старшым метадыстам Рэспубліканскага дома народнай творчасці.

Праз год Генадзя Іванавіча чакаў новы паварот у жыцці. У самым пачатку 1952 года быў заснаваны Дзяржаўны акадэмічны народны хор БССР, і кіраўніком прызначылі Цітовіча.

Калектыў удзельнічаў у розных мастацкіх міжнародных конкурсах, аб’ездзіў усю Беларусь і пабываў за мяжой. Сам Генадзь Іванавіч вандраваў па ўсёй рэспубліцы ў пошуках народных песень. Пабываў не адзін раз у розных гарадах і вёсках, нават у самых закінутых.

Праз 10 гадоў Генадзь Іванавіч стварыў яшчэ адзін цудоўны калектыў — жаночы вакальны квартэт «Купалінка». За перамогу на міжнародным фестывалі ў Балгарыі квартэт атрымаў Вялікі залаты медаль. У 1968 годзе Генадзю Іванавічу Цітовічу прысвоена званне «Народны артыст Савецкага Саюза». У 1974 годзе ён перадаў кіраўніцтва хорам Міхаілу Паўлавічу Дрынеўскаму, якога лічыў сваім творчым сынам.

У 1978 годзе за стварэнне «Анталогіі беларускай народнай песні» і выданне кнігі «Аб беларускім песенным фальклоры» Генадзю Іванавічу Цітовічу прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР.

Хросным бацькам у мастацтве называў Г. Цітовіча Іван Краснадубскі, саліст Беларускай дзяржаўнай філармоніі, народны артыст Рэспублікі Беларусь. Бацькі яго жылі ў Лужках. Маці Генадзя і Івана сябравалі. Аднойчы, калі Генадзь Іванавіч гасцяваў у бацькоў, маці Івана звярнулася да яго з просьбай: «Паслухай ты майго мальца, добра спявае, баюся, каб тут не прапаў». Паслухаўшы, Генадзь накіраваў хлопца на абласны конкурс у Віцебск. Пасля перамогі на ім Іван Краснадубскі перамог на рэспубліканскім конкурсе з песняй «Нёман».

«Так здарылася, што яго бацька, айцец Іаан, у 1947 годзе хрысціў мяне ў царкве ў Лужках, а сам Генадзь Іванавіч стаў хросным бацькам у мастацтве», — узгадваў Іван Краснадубскі.

«...З вамі гаварыць»

— Я нарадзіўся ў адным з тых чатырох дамоў, што мясціліся ў Рэчках, — узгадвае Дзмітрый Мікалаевіч Цітовіч (Шаркаўшчына). — Калі Генадзь Іванавіч жыў ужо ў Мінску, я, яго стрыечны пляменнік, прыйшоў з Арміі, у 1969 — 1970 гадах жыў у яго на кватэры і рыхтаваўся да паступлення ў БДУ. Калі Таццяна, дачка Генадзя Іванавіча, мела праблемы з паступленнем у БДУ, ён не стаў ёй дапамагаць. Я самастойна рыхтаваўся да паступлення на фізкультурны факультэт, скончыў яго, стаў настаўнікам фізічнай культуры і ўсё жыццё працаваў у школе. Мой дзяцька быў вельмі сціплы. Заўсёды ездзіў грамадскім транспартам. Людзі часта яго пазнавалі, віталіся, прасілі аўтограф. Ён вельмі любіў расказваць анекдоты, выпадкі з жыцця. Сыходзіўся з людзьмі рознага ўзросту імгненна. Генадзь Цітовіч пражыў на гэтай зямлі 76 гадоў, мог бы і больш, але вельмі шмат курыў, не шанаваў свае лёгкія.

Пасля сябе Генадзь Цітовіч пакінуў жонку, якая да 80 гадоў працавала ў аптэцы. Дочка Людміла скончыла БДУ, факультэт замежных моў, жыве ў Амерыцы. Туды выехала і яе сястра Таццяна. Святлана стала артысткай балета, паехала на гастролі ў Нарвегію, дзе і засталася.

Генадзь Цітовіч меў вялікую бібліятэку (больш за 20 000 тамоў), якую пачаў збіраць яшчэ яго бацька. Увесь гэты скарб ён перадаў у Нацыянальную бібліятэку.

Фалькларыст, этнограф, вучоны-музыказнаўца быў яшчэ аўтарам шматлікіх арыгінальных песень і больш як 60 апрацовак народных мелодый. Паэт Уладзімір Карызна прысвяціў Цітовічу верш «Песня памяці», у якім ёсць такія радкі: «За вас заўсёды песня гаварыла. І будзе вечна з вамі гаварыць…».

Падрыхтавала Кацярына СОСНА, ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».