Вы тут

Навошта Мінску новы кінатэатр?


Днямі ў Мінску адкрыўся самы вялікі мультыплекс у Беларусі. Кінатэатр зможа ўмясціць амаль 1000 гледачоў у сямі высокатэхналагічных залах, работа над якімі вялася тры гады. «ЛіМ» наведаў новую пляцоўку і даведаўся, навошта сталіцы яшчэ адзін кінатэатр, з кім ён канкурыруе і які рэпертуар чакае гледача.


Кінатэатр velcom cinema ўваходзіць у сетку Silver Screen, якая прыйшла ў Беларусь амаль 5 гадоў таму. Адзін з сузаснавальнікаў сеткі Яніс Гутанс адзначае, што на той момант у нашай краіне кінарынак быў не вельмі развітым, а вартых і сучасных пляцовак не хапала. Менавіта таму ніякай канкурэнцыі новы прыватны кінатэатр не адчуў. Не варта баяцца яе і цяпер, бо кожны кінатэатр так ці інакш мае свайго гледача.

 Напрыклад, у новым мультыплексе разлічваюць не толькі на прыхільнікаў самых гучных прэм’ер кшталту амерыканскіх блокбастараў, але і на больш пераборлівага гледача: тут будуць паказваць еўрапейскі артхаус, дакументальнае кіно, незалежныя стужкі ад малавядомых студый. Адным з абавязковых пунктаў рэпертуару былі фільмы на мове арыгінала, шмат увагі ўдзеляць і трансляцыям з адметных культурных і спартыўных мерапрыемстваў, для бяссоннікаў абяцаюць кінаночы. Начальнік аддзела маркетынгу Юлія Дайнека дадае, што кампаніі заўсёды была блізкая тэма роднай мовы. У гэтым кірунку вядзецца шэраг праектаў, таму фільмы ў беларускамоўным агучванні абавязкова будуць паказваць у новым кінатэатры. Таксама трэба разлічваць і на конкурсныя паказы фестывалю мабільнага кіно Smartfi lm.

Сапраўдным падарункам будуць начныя паказы, бо правесці ноч у новым кінатэатры не павінна стаць пакутай — кожная зала мультыплекса абсталявана неверагодна камфортнымі фатэлямі. Як адзначае Яніс Гутанс, у Мінску вельмі патрабавальны глядач, таму на яго камфорце не эканомяць — укладзеныя ў кінатэатр сродкі вельмі значныя, але канкрэтную суму сузаснавальнік не называе. Зразумець, наколькі вялікія грошы ўкладзены ў мультыплекс, можна па яго напаўненні: у самай прасторнай зале VOKA ўсталяваны адмысловыя праектары, якія поўнасцю паглыбляюць гледача ў атмасферу фільма, ствараюць эфект прысутнасці з дапамогай тэхналогіі, якую выкарыстоўваюць у IMAX (у Мінску яго дагэтуль няма); кінатэатр уключае таксама дзве VIP-залы (на 44 і 48 месцаў) з адмысловай лаўнж-зонай, такую залу можна арандаваць для сваёй кампаніі.

Асобнае пытанне новага кінатэатра — цэны. Квіткі будуць даражэйшымі, чым у іншых кінатэатрах: яны стартуюць ад 7 рублёў, але кошт будзе вар’іравацца ў залежнасці ад залы, месца і часу сеанса. Тым не менш стваральнікі абяцаюць праводзіць сацыяльныя паказы ў межах адмысловых праектаў, таму можна разлічваць на зніжкі. Асаблівай увагі заслугоўвае прыемны інтэр’ер: у афармленні кінатэатра спалучаюцца hi-tech і мінімалізм, і памяшканне ўжо не раз параўноўвалі з касмічным караблём (касы выкананы ў стылі пілатуемага модуля са стужкі Крыстафера Нолана «Інтэрстэлар»). Вельмі адказна паставіліся і да знешняга выгляду персаналу: форму распрацавала беларускі дызайнер Юлія Латушкіна.

Пакуль невядома, як хутка кінатэатр зможа акупіць свой кошт: ва ўсю сетку Silver Screen сродкі ўкладаюцца і цяпер, бо абсталяванне ў залах даводзіцца пастаянна абнаўляць. Тым не менш у жыхароў Уручча нарэшце з’явіўся свой кінатэатр, які выглядае вельмі прывабна не толькі для кінапраглядаў, але і для баўлення часу. І таму пытанне канкурэнцыі не такое вострае — гледачоў, якія гатовы плаціць за камфорт, у сталіцы значна больш, чым кінатэатраў

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.