Вы тут

Там, дзе жыве сонца


Спектакль «Начны садоўнік» вылучаецца не толькі сярод лялечных спектакляў краіны, але і сярод большасці пастановак самога тэатра «Дом сонца». Паўнавартасны герой дзеі — малюнак святлом, так званая лайт-анімацыя (ад англійскага слова light — святло), які арганічна ўваходзіць у агульную канву спектакля. На маленькай «сцэне» — маленькі горад. Адметна, што людзі і звяры (калі дакладна — каты, што сядзяць на чарапічных дахах утульных домікаў), з якімі ўзаемадзейнічаюць артысты, маляваныя: такім чынам, светлавы малюнак спалучаецца са звычайным. Атмасферу казкі стварае выкарыстанне святлонакапляльных экранаў: у цемры, калі на лялечнай сцэне наступае ноч, пачынаюцца цуды. Заслона вызваляе экран, дзе з дапамогай спецыяльнай указкі рэжысёр і актрыса тэатра Галіна Савельева малюе зорнае неба, котак, соў і нават сланоў. Каб больш зацікавіць маленькага гледача, малюнкі з «Начнога садоўніка» ажываюць, калі наступае сцэнічны дзень: былыя карцінкі ўвасабляюцца ў лялечнае дрэва з незвычайнай формай.


Сцэна са спектакля «Начны садоўнік».Фота Вольгі Качуры

— Мы пазіцыянуем сябе як тэатр лялек, святла і цені, любім выкарыстоўваць светлавыя і ценявыя эфекты, — распавядае рэжысёр і актрыса тэатра «Дом сонца» Галіна Савельева. — Пачыналі з лялек, якія свецяцца ва ўльтрафіялеце. Такія лялькі стваралі чароўны эфект, а чараўніцтва блізкае ўсім людзям незалежна ад узросту. Потым, дзякуючы інтэрнэту, даведаліся, што існуюць адмысловыя святлонакапляльныя экраны з ультрафіялетавымі ўказкамі замест пэндзляў. Я адразу падумала, што гэта можна выкарыстаць у спектаклях, і рушыла за экранам. Навучыцца новай тэхніцы аказалася справай практыкі: трэба спрабаваць, набіваць руку, трэніравацца. Зараз мы не проста малюем святлом, а сумяшчаем гэты малюнак з дзеяннем.

Тэатр «Дом сонца» існуе ўжо 5 гадоў. Тэхнікі, з якімі ён працуе, здзіўляюць: дзякуючы сучасным матэрыялам, вітражным фарбам і плёнкам, артысты навучыліся ствараць для ценявых спектакляў каляровыя цені, якія выглядаюць на экране як жывы мультфільм. Ідуць у іх і камбінаваныя спектаклі, дзе цені чорна-белыя, а малюнак каляровы. Напрыклад, пастаноўка «Кніга прыпавесцей» для падлеткаў і дарослых (спектаклі «Дома сонца» для дарослых карыстаюцца папулярнасцю: у «Доме Фішэра» на іх заўсёды збіралася публіка) паказвае тры прыпавесці, выкананыя ў розных тэхніках пад жывую музыку. Каляровыя эфекты ўвогуле ўдала спалучаюцца з жывой музыкай, якую забяспечвае супрацоўніцтва з музыкантам Іванам Соласам. Ён выконвае аўтарскую музыку на кельцкай электраарфе і панфлейце. Заўважна, што выкарыстоўваць святлонакапляльныя экраны пачалі для дарослай аўдыторыі: малюнкі святлом суправаджалі канцэрты Івана Соласа яшчэ да з’яўлення «Маленькага вусеня» — першага дзіцячага спектакля з лайт-анімацыяй, дзе ўльтрафіялетам малююць мары вусеня.

— Наш тэатр мае некалькі дабрачынных праектаў, рэгулярна ездзіць выступаць у інтэрнаты, у анкацэнтр — куды паклічуць, — кажа Галіна Савельева. — Вельмі хочацца паказваць нашы тэхналогіі дзецям, якія іх раней не бачылі і могуць нідзе больш не сустрэць.

У галерэі «Універсітэт культуры», дзе быў паказаны «Начны садоўнік», дзеці з задавальненнем далучаліся да спектакля: дапамагалі мяўкаць лялечным коцікам (нават калі гэтай дапамогі наўмысна не прасілі), спрабавалі намаляваць светлавую жывёлу пасля спектакля. Галіна Савельева кажа, што іх тэатр часта сустракаецца з падобнай рэакцыяй. Цікава, што эмацыянальна рэагуюць на ўбачанае не толькі маленькія гледачы. Калі «Дом сонца» паказваў для падлеткаў у інтэрнаце спектакль «Кніга прыпавесцей», юнакі ад 12 да 18 гадоў, у асноўным хлопчыкі, выстраіваліся ў чаргу, каб паспрабаваць сябе ў якасці мастака, які стварае святлом. Здаецца, светлавая анімацыя можа закрануць кожнае дзіця і нават дарослага, асабліва калі спектаклі філасофскія і маюць этычны падмурак.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».