Вы тут

Чаго чакаць ад «ТЭАРТа»?


На пачатку жніўня VII Міжнародны форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ», які пройдзе ў Мінску з 27 верасня па 16 кастрычніка, абвясціў праграму 2017 года. Нягледзячы на тое, што квіткі на пастаноўкі форуму толькі паступілі ў продаж, на некаторыя спектаклі ўжо немагчыма трапіць: сёлета ў межах міжнароднай праграмы ў Мінск з’язджаюцца лепшыя ўзоры тэатральнага майстэрства з Францыі, Італіі, Германіі, Славеніі, Латвіі, Расіі.


У міжнароднай праграме арганізатары форуму асобна вылучаюць намінантаў расійскай Нацыянальнай тэатральнай прэміі «Залатая маска»: спектаклі «Іванаў» маскоўскага Тэатра Нацый ад рэжысёра Цімафея Кулябіна і «Макс Блэк, або 62 спосабы падперці галаву рукой» Электратэатра Станіслаўскі (аўтар — нямецкі рэжысёр, кампазітар і педагог Хайнер Гёбельс). Пастаўлены на п’есе А. Чэхава «Іванаў», па-першае, уражвае акцёрскім складам: выканаўцы галоўных роляў — народны артыст Расіі Яўген Міронаў, Чулпан Хаматава, Лізавета Баярская, Віктар Вяржбіцкі. Па-другое, сцэнічная рэдакцыя, зробленая ў адпаведнасці з патрабаваннямі новага часу (Іванаў Цімафея Кулябіна не дваранін, а офісны супрацоўнік з крызісам сярэдняга ўзросту), абвастрае актуальнасць і без таго жыццёвай п’есы. Спектакль «Макс Блэк, або 62 спосабы падперці галаву рукой» арганізатары форуму смела называюць самай незвычайнай пастаноўкай бягучага года — спалучэнне піратэхнічных эфектаў з фрагментамі запісных кніжак вялікіх мысліцеляў ствараюць паліфанічны эфект.

Увосень беларускага гледача чакае пастаноўка ў стылі wordless (без слоў) ад рэжысёра Ліепайскага тэатра Сяргея Землянскага, харэаграфічны спектакль па матывах кітайскага народнага падання ад французскага танцора і харэографа Анжылена Прэльжакажа, «Іліяда» славенскага рэжысёра Ернея Ларэнцы (знаёмага аматарам «ТЭАРТа» па ўдзеле ў форуме ў 2014 годзе) ды шмат іншага.

 Практыка мінулых гадоў паказвае, што айчынная праграма на форуме «ТЭАРТ» прыцягвае не менш за міжнародную. Удзел у беларускім шоўкейсе «Belarus Open» возьмуць цікавыя пастаноўкі з усёй краіны. На працягу чатырох дзён госці «ТЭАРТа» ўбачаць 11 беларускіх спектакляў. Сярод іх — надзвычай актуальная ў юбілейны для ўсходнеславянскага кнігадрукавання год «Кар’ера доктара Рауса», прэм’ерная «Anti[gone]» ад трыумфатара мінулага года Аляксандра Марчанкі, сумесная праца Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек і італьянскага рэжысёра Матэа Сп’яцы — камедыя без слоў «Пансіён “BELVEDERE”».

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

 

Людміла Грамыка, тэатральны крытык, куратар праграмы «BELARUS OPEN» на VII Міжнародным форуме тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ»:

— Праграма «BELARUS OPEN» складзена са спектакляў, якія з’явіліся ў Беларусі на працягу апошняга года. У яе ўвайшлі спектаклі з рэпертуарных, незалежных тэатраў, асобныя тэатральныя праекты. У першую чаргу нас вабіла ўся тэатральная прастора краіны, цікавіла тое, чым яна напоўнілася за гэты сезон.

— Колькі беларускіх тэатраў сёлета падалі заяўкі на ўдзел у VII Міждународным форуме «ТЭАРТ»?

— Заяўкі на ўдзел у «BELARUS OPEN» прымаліся ад усіх, хто захацеў далучыцца да беларускага шоўкейса. Да нас прыйшло больш за 30 заявак ад дзяржаўных і незалежных тэатраў, прафесійных і паўпрафесійных калектываў, якія хацелі б убачыць свае пастаноўкі ў праграме «BELARUS OPEN». Акрамя таго, я праглядзела ўсе мінскія прэм’еры, спектаклі, якія дэманстраваліся на беларускіх фестывалях, па магчымасці выпраўлялася і за межы Мінска. На жаль, не ўсе прадстаўленыя да разгляду пастаноўкі давялося паглядзець «жыўцом»: нягледзячы на тое, што ў анкеце асобным радком значылася дата найбліжэйшых паказаў, з некаторымі спектаклямі знаёміліся праз відэа, далучаныя да заявак.

— Чым вылучаюцца адабраныя да ўдзелу ў беларускім шоўкейсе 11 спектакляў?

— Як куратар праграмы я ацаніла гэтыя 11 пастановак вельмі высока перш за ўсё з пункту гледжання прафесійнага ўзроўню, закладзенай у спектакль сэнсавай ідэі, імкнення выйсці за межы ўсталяваных норм. Усе тэатры, якія ўвайшлі ў праграму «BELARUS OPEN», — і «цяжкавагавікі», якія шмат гадоў працуюць з беларускім гледачом, і маладыя, незалежныя праекты — акрамя ўсяго вышэйпералічанага, адзначаны цягай да сапраўднага мастацтва, імкненнем быць не такімі, як усе, адшукаць свой непаўторны шлях у вялікім театральным свеце. Там адчуваецца жаданне рэжысёраў і мастакоў выказацца, распавесці ўсяму свету пра нешта такое, аб чым яны не маглі больш маўчаць.

— Якое значэнне мае «BELARUS OPEN» для беларускага тэатральнага працэсу?

— Паколькі я куратар праекта, мой адказ некаму можа падацца нясціплым, але я насамрэч бачу, што «BELARUS OPEN» мае свой уплыў на агульны тэатральны працэс. З гэтага пункту гледжання праграма беларускага шоўкейса зусім неадназначная: многія нашы рэжысёры, якія ў праграму не трапляюць, ставяцца да «BELARUS OPEN» даволі рэўнасна і адседжваюцца за тэатральнымі платамі, якія ўзведзены вакол іх тэатраў. А «ТЭАРТ» хацеў бы праз «BELARUS OPEN» паказаць людзям, якія прыедуць на наш форум з розных краін, адкрыты беларускі тэатр, дзе можна ўбачыць самыя розныя тэатральныя кірункі, сустрэцца з яркімі рэжысёрскімі асобамі, адкрытымі да дыялогу з чалавекам і з усім светам.

 Гутарыла Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.