Вы тут

Беларускія снайперы сталі прызёрамі міжнародных конкурсаў


Гэты жнівень стаў для супрацоўнікаў спецыяльнага падраздзялення па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз» багатым на ўзнагароды. У пачатку месяца яны паказалі сваё майстэрства на спаборніцтвах у Лібаве (Чэхія), а на мінулых выхадных вярнуліся пасля паспяховага выступлення ў Санкт-Пецярбургу.


Апошнія ўзнагароды спецыяльнага падраздзялення па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз».

Як растлумачыў начальнік снайперскага аддзела і кіраўнік каманды — імёны стралкоў у мэтах бяспекі афішаваць не прынята, — Міжнародны турнір паліцэйскіх і ваенных снайпераў у Лібаве з'яўляецца адным з самых прэстыжных штогадовых профільных чэмпіянатаў нароўні з Кубкам свету ў Венгрыі. Дарэчы, і ў Будапешце на майскіх спаборніцтвах наша каманда таксама добра сябе праявіла і ўвайшла ў дзясятку наймацнейшых. Яшчэ раз на два гады праводзяцца буйныя спаборніцтвы ў Расіі: восеньскія ў Краснадары і цяжкія зімовыя ў Маскве, іх чарга надыдзе ў 2018-м.

Што да Чэхіі, то тут чэмпіянат прайшоў ужо 19-ы раз. Удзел прынялі 58 камандаў з 14 краін, кожная каманда — гэта снайперская пара. Нашыя снайперы занялі прызавое трэцяе і ганаровае пятае месцы, у мінулым годзе да п'едэстала ім не хапіла аднаго кроку. Нароўні з беларусамі спаборнічалі выхадцы з Украіны (дарэчы, яны занялі адразу першае і другое месцы), Расіі, Эстоніі, Славакіі, Сербіі, Даніі, Германіі, ЗША і іншых краін.

Усяго спаборніцтвы доўжыліся тры дні і складаліся прыблізна з 30 этапаў. Страляць трэба было з розных становішчаў і з рознай адлегласці: ад 15 да 750 метраў. Акрамя агульнага заліку, было адно дадатковае практыкаванне, якое ацэньвалася і ўзнагароджвалася асобна: стральба з прадстаўленай толькі напярэдадні этапу зброі. У ім ужо другая снайперская пара з «Алмаза» заняла трэцяе месца.

Кіраўнік каманды адзначыў, што дамагацца такіх высокіх вынікаў дапамагаюць зацятая падрыхтоўка і вялікі спаборніцкі вопыт, у той час як многія іншыя краіны робяць стаўку, і не заўсёды правільна, выключна на абсталяванне. Дарэчы, у майстэрстве снайпера сталы ўзрост часта іграе на руку. Калі праграмай не прадугледжаны празмерныя фізічныя нагрузкі, то спецыялісты з вопытам, хутчэй за ўсё, змогуць адолець моладзь.

А вось Адкрыты чэмпіянат Расіі сярод вайскоўцаў сілавых структур па стральбе з баявой зброі адносіцца да тых, дзе ў трохбор'і трэба праявіць не толькі дакладнасць і сабранасць, але і цягавітасць. На адным з этапаў неабходна было на сабе несці параненага — макет важыць, як дарослы мужчына — і яшчэ страляць з розных становішчаў.

У гэтым годзе на спаборніцтвы запрасілі не толькі прадстаўнікоў падраздзяленняў, якія ўваходзяць у Расгвардыю, але і іншыя дзяржавы — Беларусь і Казахстан. Першапачаткова была зарэгістраваная 51 каманда, большасць з Паўночна-Заходняй акругі Расійскай Федэрацыі, аднак да начной стральбы дайшло ўсяго 30. Астатнія былі знятыя за парушэнне нормаў бяспекі: як толькі зроблены стрэл, зброю неабходна было ставіць на засцерагальнік.

Практыкаванні былі прадугледжаны рознабаковыя: вызваленне заложнікаў у аўтобусе і ў памяшканні, снайперская стральба, якая ўключае падгон экіпіроўкі, на дыстанцыі ў дзённы час ад 100 да 400 метраў, у начны — да 200. Дарэчы, стралялі як пры святле, так і ў поўнай цемры, выкарыстоўваючы толькі прыбор начнога бачання.

Падчас умоўнага абясшкоджвання тэрарыстаў у памяшканні наша каманда паказала найлепшы час. Неабходна было ацаніць пагрозу, выявіць, у каго ёсць зброя, правесці перагаворы, а таксама выканаць складаны элемент: адначасовы стрэл, які некалькі супрацоўнікаў робяць па кодавым слове.

Усе этапы супрацоўнікі сілавых структур праходзілі ў абмундзіраванні 5-га класа абароны, якое не здымалі на працягу ўсяго спаборніцкага дня: у форме, бронекамізэльцы і касцы — і ўсё гэта ў 30-градусную спякоту. У выніку беларуская каманда стала другой, саступіўшы толькі арганізатарам турніру, ветэранскаму клубу «Неўскі».

На спаборніцтвах у Чэхіі.

Інструктар каманды «Алмаз» заўважыў, што да прадстаўнікоў беларускага МУС неаднойчы падыходзілі расійскія калегі і адзначалі дакладнасць і зладжанасць іх дзеянняў. Праўда, некаторыя акцэнтавалі ўвагу і на тым, што каманда не прымала ўдзел у баявых дзеяннях, на што беларусы прывыклі адказваць адно: «І дзякуй богу!». Відэаматэрыялы са спаборніцтва потым выкарыстоўваюцца ў трэніроўках, а самі чэмпіянаты дапамагаюць выявіць моцныя і слабыя бакі падрыхтоўкі прафесіяналаў у мірных абставінах, каб не дапусціць памылак у выпадку небяспекі.

Буйных снайперскіх турніраў у гэтым годзе ўжо не будзе. У другой палове кастрычніка пройдуць комплексныя спаборніцтвы сярод розных сілавых падраздзяленняў Рэспублікі Беларусь. А на працягу ўсяго года ідзе «Дынаміяда», нядаўна супрацоўнікі «Алмаза» спаборнічалі ў практычнай стральбе, у канцы жніўня будуць змагацца за перамогу ў шматбор'і

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Алмаз», які цэніцца ва ўсім свеце

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.