Вы тут

Прэзідэнт патрабуе ўдасканалення сферы адукацыі. Але паступовага


У ХХІ стагоддзі ўстойлівае развіццё любой дзяржавы вызначаецца не толькі рэсурсамі — радовішчамі нафты, газу або залатым запасам. Галоўнымі становяцца прарыўныя тэхналогіі, новыя галіны, што ствараюць эканоміку ведаў. На гэтым зрабіў акцэнт Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падчас свайго ўчарашняга выступлення на пленарным пасяджэнні Рэспубліканскага педагагічнага савета.


Адукацыя як дамінанта

Рэспубліканскі педсавет — мерапрыемства, якое апошні раз праводзілася ў краіне некалькі гадоў таму. Але сёння наша сістэма адукацыі стаіць на парозе новага этапу.

— Мы з вамі павінны параіцца, як будзем вырашаць тыя пытанні, што паўсталі перад адукацыяй. Нам трэба будзе зрабіць новы крок у дашліфоўцы, удасканаленні нашай адукацыі — дашкольнай, школьнай, вышэйшай, прафесійна-тэхнічнай.

Роля адукацыі паступова становіцца дамінуючай у свеце.

— Менавіта эканоміка ведаў, а таксама прафесіяналы, якія шчыра любяць сваю краіну, забяспечваюць яе канкурэнтаздольнасць, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Адсюль узнікае заканамернае пытанне: ці гатова Беларусь адпавядаць гэтым тэндэнцыям? Настаўнік ва ўсе часы быў важнай крыніцай ведаў. Але сёння сфера адукацыі і, адпаведна, роля педагога кардынальна змяніліся.

У сучасным інфармацыйным асяроддзі, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, расце так званае пакаленне сеціва. Для моладзі інтэрнэт — гэта асяроддзе пражывання. Яна не бачыць сябе без электронных прылад.

— Цалкам згодны: гэтыя прылады патрэбныя, цікавыя і карысныя, — адзначыў Прэзідэнт. — Але яшчэ больш важна навучыць людзей думаць! Нам з вамі важна не забыць, што, як і раней, чалавека трэба вучыць думаць.

Беларускі лідар звярнуў увагу, што сёння школьнікаў, студэнтаў часта вучаць карыстацца толькі гатовым наборам ведаў. Як вынік, моладзь перастае аналізаваць і разважаць. Многія не здольны без інтэрнэту лагічна сфармуляваць думку і выказаць уласнае меркаванне. Далей ужо выглядае зразумелай праблема недахопу прафесіяналаў, а таксама незадаволенасць работадаўцы супрацоўнікамі.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены: такі падыход у адукацыі сёння непрымальны. У нас наперадзе вялікая праца па развіцці чалавечага патэнцыялу. Адпаведна, неабходна аб'ектыўна, без эмоцый даць ацэнку вынікам развіцця ўсіх звёнаў нацыянальнай адукацыі, намеціць перспектывы яе ўдасканалення.

— Ужо шмат што зроблена ў гэтым кірунку. Галоўнае — мы захавалі станоўчыя дасягненні, што дасталіся нам у спадчыну ад папярэдніх пакаленняў. Сярод іх — дзяржаўная падтрымка, сацыяльная справядлівасць, роўны доступ да адукацыі і яе годны ўзровень. Менавіта такімі прынцыпамі мы павінны кіравацца, плануючы любыя далейшыя пераўтварэнні ў гэтай сферы.

Нашы дзіцячыя садкі — найлепшыя

Гаворачы пра сістэму дашкольнай адукацыі, кіраўнік краіны звярнуў увагу: Беларусь — лідар у гэтым плане ў рэгіёне.

Яшчэ не так даўно дастаткова вострым было пытанне недахопу месцаў у дзіцячых садках і яслях. Асабліва гэта датычылася новых мікрараёнаў, дзе сацыяльная інфраструктура не паспявала за будаўніцтвам жылля. Сёння гэта праблема вырашаецца. У краіне актыўна будуюцца новыя дашкольныя ўстановы. Толькі ў мінулым годзе ўведзена ў эксплуатацыю 12 дзіцячых садкоў, а сёлета — яшчэ 16.

Цяпер жа трэба ўкамплектаваць гэтыя ўстановы кваліфікаванымі спецыялістамі і зрабіць так, каб моладзь пасля размеркавання заставалася.

— Увогуле, пра дашкольную адукацыю скажу наступнае: калі ўзяць у комплексе, то наша дашкольная адукацыя не мае аналагаў у свеце. Па-першае, гэта амаль бясплатная дашкольная адукацыя. Па-другое, усе маюць роўны доступ да дашкольнай адукацыі, да ўсіх мы ставімся — прынамсі, у дзяржаве мы праводзім такую палітыку — аднолькава. Нідзе ў свеце такога няма.

Жыццё вучня — гэта жыццё настаўніка

Менавіта сярэдняя школа фарміруе чалавека і яго светапогляд, сёння гэтаму ўзроўню адукацыі ўдзяляецца самая пільная ўвага.

— Моцная сістэма адукацыі трымаецца перш за ўсё на настаўніку, — упэўнены Прэзідэнт. — Галоўнае — гэта настаўнік. Не інтэрнэт, не камп'ютар. Усё гэта важна, але, я яшчэ раз падкрэсліваю, другарадна.

Раней было шмат скаргаў з-за высокай загружанасці настаўнікаў неўласцівымі ім функцыямі. Аднак у мінулым годзе міністэрства — пасля таго як Прэзідэнт прыняў адпаведнае рашэнне — запэўніла: прыняты вычарпальны спіс школьнай дакументацыі, пытанне залішняй нагрузкі знята.

— Аднак мне дакладваюць, што нашы настаўнікі па-ранейшаму скардзяцца на гэту праблему. Хачу падкрэсліць, што галоўная задача настаўніка — вучыць і выхоўваць дзяцей, а не займацца паператворчасцю.

У той жа час кіраўнік краіны выказаў упэўненасць: настаўнік павінен жыць тым жыццём, якім жыве яго вучань. Так, калі ў вёсцы настаўніка просяць пракантраляваць, як вядзецца ўборка збожжа, сапраўдны педагог не адмовіцца:

— Талковы настаўнік, сапраўдны настаўнік ніколі не паскардзіцца, калі яго просяць нешта пракантраляваць, у тым ліку і ўборку. Гэта ўзбагачае настаўніка, тым больш што вы працуеце ў вёсцы, а там вучні больш-менш працуюць і на камбайнах са сваімі бацькамі. Але, калі шчыра, безумоўна, гэта не функцыя настаўніка.

Прэзідэнт успомніў тыя часы, калі сам быў вучнем. Тады настаўнік у вёсцы наведваў сваіх вучняў дома — кожны тыдзень. Калі ж Аляксандр Лукашэнка сам стаў настаўнікам, дырэктар і завуч яго школы строга спыталі: калі ты быў у сваіх вучняў?

— Гэтага нам страціць нельга. Настаўнік павінен жыць тым жыццём, якім жыве яго вучань. Ці ўсюды гэта сёння ёсць? Пытанне рытарычнае. Падумайце над гэтым, над адзінствам працэсу адукацыі і выхавання.

Зарплата — без праблем

А як з зарплатай? Як падкрэсліў Прэзідэнт, у наступным годзе гэта праблема павінна быць знята.

— Мы абавязкова павінны зрабіць той крок, пра які я казаў у плане заработнай платы, — упэўнены беларускі лідар. — Асабліва тым, хто працуе ў дзіцячых садках і яслях. Любымі спосабамі і любымі шляхамі нам трэба амаль што падвойваць у наступным годзе іх даходы.

Яшчэ адзін нюанс у плане аплаты працы, на які звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, — гэта яе дыферэнцыяцыя. Настаўнікі і па кваліфікацыі, і па загружанасці адрозніваюцца, але чаму тады зарплату ўсе яны атрымліваюць прыкладна аднолькавую? На думку кіраўніка краіны, гэта не зусім справядліва, як і тое, што маладыя настаўнікі, якія толькі-толькі прыйшлі на працу, атрымліваюць вельмі мала:

— Калі малады чалавек, прыйшоўшы з ВНУ, выкладае не горш, чым настаўнік-выкладчык з 25-гадовым стажам, чаму мы яму плацім капейкі? Трэба вызначыць крытэрыі, па якіх мы павінны плаціць зарплату настаўніку-наватару, выкладчыку адукаванаму, разумнаму, сучаснаму, які авалодаў усім неабходным для выкладання.

Важней за дысертацыю

Пра тэрміновую неабходнасць новых падручнікаў для школ кіраўнік краіны апошнім часам гаворыць нярэдка. Патрабаванне Прэзідэнта, якое ён агучыў і падчас рэспубліканскага педсавета: новыя падручнікі па ўсіх прадметах неабходна падрыхтаваць да першага верасня 2019 года.

— Аснова школьнай адукацыі — добры падручнік. Гэта тое, што ў многім вызначае якасць ведаў вучняў. Нагадваю галоўнае патрабаванне — змест навучальнага матэрыялу павінен быць аптымальным па аб'ёме, па інфармацыі і яе глыбіні.

Акрамя гэтага, краіна мае патрэбу ва ўнікальных аўтарскіх методыках навучання і выхавання.

— Чаму мы не чуем пра сучасных настаўнікаў-наватараў? Дзе айчынныя Макаранкі, Сухамлінскія, Шаталавы? — задаўся пытаннем Аляксандр Лукашэнка. — Гэта папрок і вам (настаўнікам. — Заўв. аўт.), і ўладам таксама — тым, хто займаецца адукацыяй.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, аўтарскія методыкі навучання і выхавання — гэта «самае лепшае, што можа быць». Гэта важней за дысертацыі, доктарскія і кандыдацкія, таму што гэта ідзе адразу ад жыцця.

Сістэма паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, лічыць кіраўнік краіны, таксама патрабуе далейшага ўдасканалення.

— Яна павінна даць абітурыенту магчымасць прадэманстраваць не толькі пэўны набор ведаў па прадмеце, але і здольнасць лагічна разважаць, рабіць вывады і творча мысліць, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Папярэджваю, што карэкціроўка правілаў прыёму і інфармаванне грамадскасці аб зменах павінны адбывацца загадзя.

Неабходна мяняць падыходы да падрыхтоўкі будучых выкладчыкаў непасрэдна ў ВНУ. Асновай, на думку кіраўніка краіны, павінны стаць практычная педагогіка і псіхалогія.

Яшчэ адзін элемент выхаваўчай работы — ідэалагічны — таксама патрабуе дапрацоўкі. Прынамсі, гэта датычыцца маладзёжных арганізацый:

— Склалася ўражанне, што апошнім часам нашы ідэалагічныя памочнікі — маладзёжныя арганізацыі, грамадскія — захапіліся флэш-мобамі, піяр-акцыямі і іншымі паказушнымі мерапрыемствамі. Гэта таксама, відаць, патрэбна, гэта сучасна... яны, відаць, забылі, што іх галоўная задача — гэта штодзённая карпатлівая праца з моладдзю. Аўтарытэт у гэтым асяроддзі неабходна заваёўваць канкрэтным рэзультатам рэальных спраў у кожнай установе адукацыі.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

«Пяць» ці «дзесяць» — не крытычна

Прэзідэнт адказаў на пытанні ўдзельнікаў Рэспубліканскага педсавета

Учарашняе мерапрыемства з удзелам кіраўніка дзяржавы праходзіла ў адкрытым фармаце. У зале стаялі мікрафоны, да якіх мог падысці любы ўдзельнік педсавета і задаць пытанне кіраўніку дзяржавы або проста выказаць сваё меркаванне, выступіць з прапановай. Пытанні былі розныя: і пра ролю рэгіянальных ВНУ, і пра сельскія школы, і пра інфармацыйную абарону дзяцей, і пра прэстыж нашых універсітэтаў у вачах замежных студэнтаў, і пра магчымае вяртанне да пяцібальнай сістэмы ацэнкі ведаў...

Апошняе, відаць, самае абмеркаванае. На думку Прэзідэнта, рашэнне трэба прымаць тады, калі яно наспела.

— Так, я чую ў сродках масавай інфармацыі, бачу, чытаю, адсочваю працэс. Але гэтае пытанне не мае крытычнай масы, яно не наспела для таго, каб тут прымаць нейкія рашэнні, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што да сістэмы ацэнкі ведаў розныя пакаленні ставяцца па-рознаму. Старэйшым больш зручнай уяўляецца пяцібальная сістэма, і яны сёння вымушаны перакладаць сучасныя сямёркі і дзявяткі на стары лад. У моладзі ж такой праблемы няма.

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што цікавіўся і меркаваннем свайго малодшага сына Мікалая па гэтым пытанні. Ён адказаў, што сённяшняя сістэма нармальная і да яе ўжо ўсе прывыклі.

— Таму з усіх пунктаў гледжання, з усіх каардынат, якія мне як Прэзідэнту ўдаецца атрымаць, я раблю выснову, што нам спяшацца не трэба, трэба паглядзець, недзе гэтую сістэму страсянуць, калі мы бачым нейкія недахопы, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Хоць я асабіста прыхільнік пяцібальнай сістэмы: прасцей, добра і зручна, усё зразумела. Але ўсё-такі цяпер ужо, пасля гадоў работы гэтай дзесяцібальнай сістэмы, я адчуваю, што яна прыжылася.

Тэма рэфармавання завочнай адукацыі таксама на слыху. Прэзідэнт запэўніў, што гэта будзе рабіцца вельмі акуратна. На яго думку, трэба, каб завочную адукацыю атрымлівалі тыя, каму гэта патрэбна, і, галоўнае, тыя, хто патрэбен дзяржаве і эканоміцы. Прэзідэнт запэўніў: тых людзей, якія сапраўды маюць патрэбу ў атрыманні завочнай адукацыі, дзяржава будзе падтрымліваць. Акрамя таго, прадпрыемствы таксама змогуць аплачваць вучобу сваім спецыялістам.

— Так ёсць і цяпер: недзе сам плаціць, недзе — бюджэт, недзе — прадпрыемства. Мы захаваем усё самае лепшае, але мы ў пачатку шляху.

Загаловак у газеце: Калі веды даражэйшыя за золата

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.