Вы тут

Ігар Карпенка: «Статус педагога ў грамадстве вызначае яго асоба»


Праект канцэптуальных падыходаў да развіцця сістэмы адукацыі на кароткатэрміновую перспектыву (да 2020) і на перспектыву да 2030 года быў прадстаўлены ўдзельнікам Рэспубліканскага педагагічнага савета.


Як зазначыў у сваім выступленні міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА, педагогі заўсёды абмяркоўвалі самыя складаныя пытанні на педагагічных саветах.

— Сёння перад намі стаіць задача далейшага ўдасканалення нацыянальнай мадэлі шматузроўневай адукацыі, якая адпавядала б сучасным і, галоўнае, перспектыўным патрэбам чалавека, грамадства і дзяржавы. Пры абнаўленні такой мадэлі трэба зыходзіць, па-першае, з дзяржаўных інтарэсаў і патрэб інавацыйнай эканомікі. Па-другое, абапірацца на самыя лепшыя нацыянальныя адукацыйныя традыцыі з улікам асноўных сусветных тэндэнцый. Па-трэцяе, забяспечыць даступнасць для кожнага якаснай адукацыі. Праект канцэптуальных падыходаў да развіцця сістэмы адукацыі быў распрацаваны з улікам даручэнняў кіраўніка дзяржавы, прапаноў, што паступілі ў ходзе абмеркавання новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі, і аналізу функцыянавання сістэмы адукацыі, — падкрэсліў міністр.

Пытанні абнаўлення зместу адукацыі па-ранейшаму стаяць на першым месцы. А гэта пастаянная работа з улікам дынамікі навукова-тэхнічнага прагрэсу над адукацыйнымі стандартамі, вучэбнымі планамі і праграмамі, вучэбнымі і вучэбна-метадычнымі дапаможнікамі. «Мы павінны ўдзяліць асаблівую ўвагу ўзроўню метадычнай культуры педагога, перш за ўсё праз абнаўленне сістэмы падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў, — дадаў Ігар Карпенка. — Але якасць адукацыі не павінна вымярацца выключна вынікамі ЦТ, прадметных алімпіяд ці запаветным месцам у гімназіі. Яе трэба ацэньваць па ўзроўні асабовага і сацыяльнага развіцця кожнага вучня. Пры гэтым важна падрыхтаваць не асобных элітных навучэнцаў, а дапамагчы ўсім ажыццявіць сваё жыццёвае і прафесійнае самавызначэнне, забяспечыць сацыяльную і прафесійную мабільнасць асобы, яе канкурэнтаздольнасць у сучасным свеце».

Шмат пытанняў узнікае з функцыянаваннем гімназій. Міністр адукацыі выказаў занепакоенасць пэўнай элітарнасцю гімназічнай адукацыі. Усяго па краіне дзейнічае 210 гімназічных устаноў, але на слыху знаходзяцца толькі некалькі дзясяткаў з іх.

«Патрабаванні да якасці адукацыі ў гімназіях трэба рабіць больш жорсткімі, а прафілізацыю трэба звязваць не з уступнымі экзаменамі ў пяты клас, а са свядомым выбарам школьнікамі прафесіі, а гэта магчыма толькі ў старэйшым узросце. На практыцы вучоба ў гімназіі — гэта не выбар вучня, а, хутчэй, амбіцыі яго бацькоў, — падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі міністр. — Калі, здаўшы ўсе экзамены на «дзявяткі», вучань не паступае ў гімназію, такі стрэс нельга нічым апраўдаць. Лічу, што агульнаадукацыйная школа мае такое ж права, як гімназія і ліцэй, на далейшае навучанне адораных і матываваных навучэнцаў. Сумесна з педагогамі-практыкамі трэба выпрацаваць крытэрыі такога адбору. Гэта, упэўнены, будзе адпавядаць і прынцыпам сацыяльнай справядлівасці, і роўнай даступнасці агульнай сярэдняй адукацыі».

Ігар Карпенка выказаў упэўненасць у тым, што поспех у рэалізацыі акрэсленых у канцэпцыі задач залежыць ад кожнага работніка сістэмы.

— Я цвёрда перакананы: педагог — ключавая фігура ў адукацыі. Асоба педагога вызначае яго статус у грамадстве. Але ці можна гаварыць пра павагу да сваёй прафесіі так званых рэпетытараў ад адукацыі? Настаўнік, які не імкнецца эфектыўна выкарыстоўваць кожную хвіліну ўрока, каб вучыць і выхоўваць дзіця, хутчэй за ўсё, зацікаўлены ў тым, каб прапанаваць яму не падтрымліваючыя ці стымулюючыя заняткі, а паслугі рэпетытара. Выбарачны аналіз сітуацыі паказаў, што педагогі, якія былі задзейнічаны ў прыёмнай кампаніі ў ВНУ і на ўступных іспытах у гімназіях, адначасова з'яўляліся і рэпетытарамі, а гэта завуаліраваная форма карупцыі. Таму для выключэння магчымых канфліктаў інтарэсаў і карупцыйных рызык Міністэрства адукацыі прапануе ўнесці ў кантракты норму аб тым, што педагог абавязаны інфармаваць наймальніка аб ажыццяўленні ім дзейнасці рэпетытара.

На думку міністра, кожны ўрок, лекцыя, дадатковыя заняткі маюць вялізны выхаваўчы і ідэалагічны патэнцыял, але эфектыўнасць яго рэалізацыі ў вырашальнай ступені залежыць ад педагога.

Сістэме агульнай сярэдняй адукацыі трэба здзейсніць рывок у стварэнні інфармацыйнай адукацыйнай прасторы (Расійская Федэрацыя, між іншым, плануе гэта зрабіць усяго за 1,5—2 гады).

Міністр адукацыі праінфармаваў, што 1 верасня да заняткаў прыступяць каля 1 мільёна навучэнцаў, у тым ліку 110 тысяч першакласнікаў.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.