Вы тут

Як будзе развівацца Мінск


Напярэдадні 950-годдзя сталіцы старшыня камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама Павел ЛУЧЫНОВІЧ расказаў пра тое, якія буйныя праекты будуць рэалізаваныя ў найбліжэйшы час, што чакае прыватны сектар і якім чынам кожнаму можна будзе паўплываць на паляпшэнне свайго горада.


Горад для прыгожай працы

Кірункі забудовы сталіцы заклаў прыняты ў мінулым годзе генеральны план. Аднак цяпер распрацоўваюцца яшчэ два маштабныя дакументы: правілы забудовы і правілы сядзібнай забудовы, якія будуць арыентаваныя менавіта на рэаліі жыцця ў сталіцы. Як растлумачыў Павел Лучыновіч, будуць аналізавацца агульнарэспубліканскія нормы і мяняцца тыя, якія не падыходзяць для Мінска як для горада з асаблівым статусам для Беларусі. Напрыклад, павялічыцца колькасць машына-месцаў, пераўтворыцца аблічча дваравой тэрыторыі, у адрозненне ад іншых гарадоў ужо ёсць абмежаванні па максімальнай шчыльнасці забудовы.

Апошнія некалькі гадоў асабліва часта ўздымалася тэма зносу прыватнага сектара. Многія дамы дзясяткі гадоў знаходзіліся «пад умоўным зносам», гэта значыць лёс іх канчаткова не быў вызначаны, але некаторыя тыпы рамонтных работ выконваць усё роўна забаранялася. Галоўны архітэктар Мінска запэўніў, што больш такога не будзе, рашэнні будуць прымацца аператыўна і людзі змогуць давесці да ладу сваё жыллё.

Пры гэтым зменены нормы і па аб'ёмах зносу. Калі раней ліквідавалася 70% нізкапавярховай забудовы і толькі 30% захоўвалася, то цяпер гэтыя лічбы памяняліся месцамі. Тым не менш нязгодных і зараз дастаткова. Каб выслухаць меркаванне мясцовых жыхароў, праводзяцца грамадскія абмеркаванні, на якіх прэзентуюць дэталёвыя планы, за апошні час іх колькасць вырасла ў разы. Праўда Павел Лучыновіч прызнаў, што грамадскае абмеркаванне, умоўна кажучы, у актавай зале школы — гэта не самы зручны фармат. Таму ў планах — пераняць досвед Расіі, Украіны і Польшчы і ў якасці пляцоўкі выкарыстоўваць у тым ліку і інтэрнэт.

— Мы ідзём на дыялог і чуем гараджан. Прыклад таму — Асмалоўка. Але мы не можам па ўсім горадзе захаваць нізкапавярховую забудову. Там, дзе ёсць такая магчымасць, мы гэта робім. Возьмем той жа Сельгаспасёлак, дзе істотна скарацілі аб'ёмы зносу. Але, напрыклад, праспект Дзяржынскага — буйная магістраль, тут захаваць прыватную забудову не ўяўляецца магчымым, — адзначыў старшыня камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама.

Некаторыя мінчане прапануюць не зносіць прыватны сектар, а замест гэтага ліквідаваць заводы, якія не працуюць. Аднак Павел Лучыновіч з такой ідэяй катэгарычна не згодны:

— Мы не можам зрабіць горад, прыдатны выключна для забаў. Тут велізарныя працоўныя рэсурсы, якія неабходна задзейнічаць, бо менавіта вытворчасці — аснова эканомікі. Я б хацеў, каб Мінск стаў горадам для прыгожай працы.

У рэчышчы джэнтрыфікацыі

І ўсё ж будынкі заводаў нярэдка перапрафілююцца. Прыклад — вуліца Кастрычніцкая. Дарэчы, у свеце гэта настолькі распаўсюджаная практыка, што яна нават атрымала назву джэнтрыфікацыі. Гэта значыць, што добрыя будынкі фабрык і заводаў прыстасоўваюць пад галерэі, кафэ і крамы, а нярэдка і пад жыллё. Цяпер падобныя працэсы адбываюцца з заводам «Гарызонт». Але галоўны архітэктар адзначыў, што пакуль тут не вельмі якасна прапрацавана сацыяльная канцэпцыя, якая ляжыць у аснове любой добрай архітэктуры. А тым часам пустуючыя будынкі працягваюць выстаўляцца на аўкцыён: не так даўно ён праходзіў па заводзе імя Кірава, аднак не адбыўся з-за занадта высокай стартавай цаны, 12 верасня адбудуцца таргі па продажы ўчастка былога тралейбуснага дэпо на праспекце Машэрава.

Магчыма, у раёне Плошчы Перамогі з'явяцца новыя дамы.

— Вельмі важна, каб яны візуальна не парушалі ансамбль праспекта, таму будуць уведзены абмежаванні па вышыннасці, а ў стылістычным вырашэнні будуць выкарыстаны элементы, блізкія да «сталінскай» забудовы. Дарэчы, тут жа з'явіцца і новы дзіцячы сад, — расказаў Павел Лучыновіч.

Адной з самых буйных будоўляў Мінска ў найбліжэйшы час стане шматфункцыянальны комплекс на месцы знесенага «Белэкспа». Яго канцэпцыя распрацоўвалася доўга, адзін з варыянтаў быў выкананы ва ўсходняй стылістыцы, аднак здаўся горадабудаўнікам недарэчным для Мінска. Абмежаваныя будынкі будуць і па вышыні, каб не парушыць ансамбль Верхняга горада, а, наадварот, візуальна злучыць яго з тэрыторыяй Тэатра оперы і балета. З'явіцца там і пешаходны мост, і, верагодна, дзякуючы суседству з комплексам больш актыўна «зажыве» Траецкае прадмесце.

Цяпер вядзецца работа над падрыхтоўкай канцэпцыі Піцерскага квартала ў раёне метро «Пятроўшчына», а паралельна — над Мінскім кварталам у Санкт-Пецярбургу. Забудоўшчыкі ўжо вызначаны, праводзіцца конкурс сярод пяці лепшых архітэктурных бюро беларускай сталіцы і паўночнай сталіцы Расіі. Увосень агульнае журы вызначыць пераможцаў.

Таксама ідзе пошук тэрыторыі для маштабнага выставачнага цэнтра, хутчэй за ўсё, ён будзе знаходзіцца непадалёк ад МКАДа, але ў межах Мінска. Новым досведам для сталіцы стане з'яўленне плошчы раённага значэння на тэрыторыі комплексу «Маяк Мінска». Актыўна будзе развівацца і азеляненне горада, у прыватнасці, у заходняй яго частцы — па прыкладзе Сцяпянскай воднай зоны на ўсходзе горада.

Дар'я КАСКО

kаskо@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.