Вы тут

Беларускія навукоўцы прэзентавалі распрацоўкі электратранспарту


Максімальная хуткасць — 110 кіламетраў за гадзіну, разгон да «сотні» — за дзевяць з паловай секундаў, магутнасць — 80 конскіх сіл. Магчыма, не самыя выдатныя паказчыкі для звычайнага сучаснага аўтамабіля, але ключавое слова тут «звычайнага». Размова ідзе пра распрацаваны ў Аб'яднаным інстытуце машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук першы беларускі электрамабіль, эксперыментальны экзэмпляр якога днямі паказалі кіраўніцтву краіны і журналістам. Машына створана на базе серыйнага Gееlу SС7 беларускай зборкі (сімвалічны момант — асновай для распрацоўкі паслужыла самая першая «легкавушка», якая сышла з канвеера прадпрыемства «БелДжы»). Уся кампанентная база цягавага электрапрывода створана ў нашай краіне.


Су­пра­цоў­ні­кі Ін­сты­ту­та ма­шы­на­бу­да­ван­ня рас­каз­ва­юць пра сваю рас­пра­цоў­ку на­мес­ні­ку прэм'­ер-мі­ніст­ра Ула­дзі­мі­ру СЯ­МАШ­КУ.

Па словах стваральнікаў, аўтамабіль распрацаваны для гарадскіх умоў. Максімальны запас ходу машыны на адной зарадцы складае каля 100 кіламетраў. Поўная «запраўка» акумулятара ад звычайнай разеткі з напружаннем у 220 В займае каля шасці гадзін, ад трохфазнай (380 В) — чатыры гадзіны. На доследных выпрабаваннях электрамабіль пацвердзіў заяўленыя тэхнічныя характарыстыкі. Цяпер стваральнікі адпрацоўваюць аптымальныя рашэнні ў плане электракампанентаў, удакладняюць іх характарыстыкі і ў хуткім часе плануюць прыступіць да стварэння паўнавартаснага доследнага экзэмпляра.

— На максімальныя паказчыкі машыну пакуль не выводзілі, усё ж такі мы яе трохі шкадуем, бо яна існуе ў адзіным экзэмпляры, — прызнаецца генеральны дырэктар Аб'яднанага інстытута машынабудавання НАН Сяргей ПАДДУБКА. — 110 кіламетраў за гадзіну — гэта пакуль толькі разліковая хуткасць. Пра кошт сказаць пакуль нічога не магу — трэба арганізоўваць серыйную вытворчасць кампанентаў. Наступным нашым крокам стане замена батарэі-накапляльніка, якую мы закупляем у расійскай кампаніі, на беларускі суперкандэнсатар на аснове графену, што распрацоўваецца ў Навукова-практычным цэнтры НАН па матэрыялазнаўстве. З выкарыстаннем айчыннага акумулятара многія характарыстыкі аўтамабіля значна вырастуць.

На практыцы электрамабіль ад звычайнай машыны адрознівае шэраг момантаў. Першае — практычна абсалютна бясшумны ход (гэта, дарэчы, лічыцца праблемай электратранспарту — у некаторых краінах на яго спецыяльна ўстанаўліваюць гукавыя сігналізатары). Другі аспект — экалагічнасць, бо аб'ём шкодных выкідаў электрапрывода роўны нулю. Нельга не адзначыць і эканамічнасць — ККД рухавіка даходзіць да 98 працэнтаў (у звычайным аўтамабілі — каля 50), акрамя гэтага, тут выкарыстоўваецца сістэма рэкуперацыі (пры тармажэнні адбываецца зарадка батарэй). Усё гэта значна адбіваецца на кошце эксплуатацыі — цана 100 кіламетраў шляху складае ўсяго 2—3 рублі. Гэта ў разы меней, чым цэны на паліва.

— Аўтамабіль дынамічны, разганяецца добра, — сказаў намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір СЯМАШКА, які адным з першых правёў тэст-драйв распрацоўкі. — Даўно езджу на машыне з аўтаматычнай каробкай перадач. Розніцы не адчуў: што едзеш на А8, што на электрамабілі. Я ўпэўнены, што за электратранспартам будучыня. Гэта пытанне экалогіі, а таксама эканомікі. У сувязі з уводам у эксплуатацыю Беларускай атамнай электрастанцыі стаіць задача павелічэння выкарыстання электрычнай энергіі. Мы распрацавалі зарадную прыладу, яе робіць завод «Віцязь». Гэта вельмі зручна — можна ўстанаўліваць яе каля дамоў, супермаркетаў, на стаянках.

Канкрэтных перамоў па вытворчасці электрамабіля ў серыі яшчэ не вялося, але ў НАН лічаць, што гэта пытанне часу — ужо праз тры—чатыры гады беларуская машына можа паступіць у продаж. Разглядаецца як варыянт супрацоўніцтва з «БелДжы», так і стварэнне ўласнага прадпрыемства на базе Нацыянальнай акадэміі навук.

— Мы ў стане зрабіць стапрацэнтную лакалізацыю гэтага аўтамабіля, — упэўнены старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір ГУСАКОЎ. — Цяпер думаем над стварэннем уласнага канвеернага цэха, у той жа час БелАЗ прапаноўвае распачаць вытворчасць у іх, «Белкамунмаш» — у іх. Трэба палічыць, дзе гэта будзе выгадна. Але тое, што беларускі электрамабіль будзе, — адназначна.

Акрамя электрамабіля, на Рэспубліканскім палігоне для выпрабаванняў мабільных машын паказалі іншыя, магчыма, менш рэзанансныя, але не менш актуальныя распрацоўкі. На прыборабудаўнічым заводзе «Аптрон» Нацыянальнай акадэміі навук у 2017 годзе мадэрнізавалі матор-кола (былі распрацаваны блок кіравання і праграмнае забеспячэнне). Гэта прылада прызначана для ўстаноўкі на самыя розныя механізмы і дазваляе перавесці іх на сілкаванне ад электрычнасці. Яскравы прыклад выкарыстання — электравеласіпед, пярэдняе кола якога заменена на распрацоўку айчынных навукоўцаў.

— На ліцій-іонным акумулятары наш веласіпед можа праехаць каля 40 кіламетраў, максімальная хуткасць — 36 кіламетраў за гадзіну, — расказвае інжынер-канструктар завода «Аптрон» Андрэй ЗАЛУСКІ. — Шчыра скажу, магутнасць завялікая, таму мы будзем яе памяншаць, што павялічыць запас ходу на адным зарадзе да прыкладна 60 кіламетраў. Гэтага будзе дастаткова для выкарыстання на працягу цэлага дня. Зараджаецца энерганосьбіт каля чатырох гадзін. Сам з задавальненнем катаюся па горадзе, ніякіх праблем няма. Нават у гару веласіпед едзе з хуткасцю 15—18 кіламетраў за гадзіну. Уласнай назвы наша сістэма пакуль не атрымала, хочам абвясціць на яе конкурс. Што датычыцца лакалізацыі, то яна роўная 100 працэнтам — усе дэталі беларускай вытворчасці.

Ад­ным з пер­шых на ве­ла­сі­пе­дзе з ма­тор-ко­лам  пра­ехаў­ся стар­шы­ня Дзяр­жаў­на­га ка­мі­тэ­та па на­ву­цы і тэх­на­ло­гі­ях Аляк­сандр ШУ­МІ­ЛІН.

Паводле апытання, якое супрацоўнікі «Аптрона» правялі ў спецыялізаваных крамах, на сёння ў сталіцы прададзена каля трох тысяч падобных установак. У асноўным яны кітайскай вытворчасці, каштуюць каля 500 долараў за штуку. Наша распрацоўка будзе прыкладна ў два разы таннейшай. Набываць новы веласіпед не трэба — устанавіць матор-кола можна на любую мадэль. Магчымасць рухацца пры дапамозе педаляў, вядома, застаецца.

— Наша матор-кола можа выкарыстоўвацца таксама ў гіраскутарах, скейтах, самакатах, трохколавым турыстычным транспарце, вазках, сеялках, — падкрэслівае генеральны дырэктар «Аптрона» Мікалай ЯНКЕВІЧ. — Абсяг прымянення — самы шырокі, гэта дазволіць нашай краіне развіваць сферу індывідуальнага электратранспарту.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lуskаvеts@zvіаzdа.bу

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Хуткія, экалагічныя, свае

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».