Вы тут

Беларускія кінолагі і іх сабакі — адны з лепшых у свеце


Вайскоўцы кіналагічнага цэнтра Узброеных Сіл узялі «серабро» падчас конкурсу «Верны сябар», які прайшоў у межах «Армейскіх міжнародных гульняў — 2017». Нядаўна кінолагі ў пагонах вярнуліся з расійскага Дзмітрава. Карэспандэнты «Звязды» паспяшылі пазнаёміцца з імі асабіста.


На міжнароднай арэне Беларусь прадстаўлялі пяць спецыялістаў кіналагічнай службы і, вядома ж, іх чацвераногія сябры. Трапіць у фінал прэтэндавалі 47 каманд і больш двухсот разлікаў ваенных кінолагаў з многіх армій свету. Ужо за медалі змагаліся прадстаўнікі Узброеных Сіл усяго пяці краін, у тым ліку беларусы.

Нямецкая аўчарка Цыцырон у адрозненне ад сваіх чацвераногіх таварышаў па камандзе ў конкурсе «Верны сябар» прымала ўдзел не ўпершыню. Летась яна нават заваявала прыз глядацкіх сімпатый. Нягледзячы на адсутнасць вопыту, не расчараваў і Лары. Праходзячы конкурсныя выпрабаванні разам са сваім гаспадаром, ён быццам бы выконваў свае паўсядзённыя задачы. І гэта пры ўсім тым, што сабака ў кіналагічным цэнтры зусім нядаўна: на выхаванне вайскоўцам яго аддалі цывільныя грамадзяне.

— Ад беларускай каманды ў конкурсе ўдзельнічалі адны нямецкія аўчаркі, — расказвае салдат тэрміновай службы Вячаслаў Пазняк. — Яны ж, а таксама бельгійцы, прадстаўлялі каманды і іншых краін. Справа ў тым, што аўчаркі — тыя сабакі, якія найбольш паддаюцца навучанню. Яны паслухмяныя, усё разумеюць.

Па выніках конкурсу, які, дарэчы, складаўся з чатырох этапаў, нашых вайскоўцаў з іх чацвераногімі сябрамі абагналі толькі расійскія кінолагі. Другое месца з беларусамі раздзялілі спецыялісты кіналагічнай службы Казахстана. За імі засталіся каманды з Узбекістана і Егіпта.

— Канкурэнцыя вельмі сур'ёзная, — прызнаецца салдат тэрміновай службы Артур Карповіч. — Усе краіны добра падрыхтаваліся. Але гэта быў не проста конкурс. Мы набраліся вопыту, атрымалі магчымасць пазнаёміцца са спецыфікай кіналагічнай службы іншых краін.

У кіналагічным цэнтры няма выпадковых людзей. Каб займацца з сабакамі, перш за ўсё іх трэба любіць. Тут служаць людзі, у якіх па меншай меры ёсць або былі кудлатыя гадаванцы.

Як прызнаецца радавы Уладзімір Каралёў, пераключыцца з ёркшырскага тэр'ера на нямецкую аўчарку было няпроста. І справа не толькі ў памеры. «Сабака — жывёла сацыялізаваная, — кажа хлопец. — Да мяне ў Арчы быў іншы гаспадар, але мы хутка знайшлі агульную мову».

— Але якой бы разумнай істотай сабака ні быў, як яму патлумачыць, што гэта конкурс і тут змагаюцца за першае месца? — удакладняю ў кінолагаў.

— Ніяк не тлумачыць, — адказваюць хлопцы. — Мы адпрацоўвалі конкурсныя элементы, таму, калі сабака трапляе ў знаёмыя яму ўмовы, то проста аўтаматычна пачынае выконваць каманды. А калі яго яшчэ і матывуеш, усё выдатна атрымліваецца.

Вераніка КАНЮТА

kаnуutа@zvіаzdа.bу

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Загаловак у газеце: Гонка чэмпіёнаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».