Вы тут

Каля бацькоўскай ліпы


Шчымліва і самотна душы, калі разглядаю фотаздымак, які беражэ памяць пра сям'ю з вёскі Дварэц на Любаншчыне ўжо 61 год.


Лідзія Рыгораўна выйшла замуж за Данілу Нічыпаравіча Мігуна ў першы пасляваенны год. (У цэнтры сястра Лідзіі Алена, якая ў час карнай аперацыі фашыстаў трапіла ў палон і была вывезена ў Нямеччыну, дзе працавала на авіязаводзе. Дамоў вярнулася пасля вызвалення. Лёс звёў яе з удаўцом Сямёнам, разам з ім выгадавалі пяцёра яго дзяцей.) Побач з Лідзіяй і Данілам іх дзеці: Васіль, Вольга, Каця, Марыя, Ліда (не стае толькі Аляксандра, які нарадзіўся пазней).

Данілу Нічыпаравіча ў маленстве гадавала мачыха, і таму ён вельмі рана (у 8 гадоў) пайшоў на свой хлеб. Пасвіў жывёлу, касіў, малаціў, калі крыху падрос. У лістападзе 1939 года прызваны ў войска. У першыя дні вайны разам з аднапалчанамі трымаў абарону на заходніх рубяжах. Падвозіў снарады аўтамашынай на баявыя пазіцыі. 4 снежня калона трапіла пад бамбёжку. Уцалелых захапілі ў палон. На шосты дзень палону вартавыя ўначы паднялі знямоглых, адлічылі дваццаць чалавек і павялі за тэрыторыю часовага лагера. Мільганула думка — расстрэл. Але трэба было выцягнуць грузавік, які праваліўся ў багну. Падчас мітусні Даніла схаваўся ў хмызняк, а потым ірвануў у лясны гушчар.

Да родных мясцін дабіраўся шмат дзён і начэй. Падлячыўся і стаў партызанам атрада Варашылава брыгады імя Гуляева. Прымаў удзел у аперацыі «Рэха на Палессі» па падрыве чыгуначнага моста цераз раку Пціч. Ажаніўся з Ахрамейкай Вольгай Макараўнай, у сям'і нарадзілася дачушка. Вясной 1944 года ў час апошняй блакады абараняў падыходы да партызанскай зоны за некалькі кіламетраў ад вёскі Дварэц.

Неспакойна было на душы партызана-кулямётчыка. Пасля бою з дазволу камандзіра з сябрам падаўся ў родную вёску. Калі падышоў да кураня ў лесе, дзе хавалася сям'я, сэрца сціснулася ад болю, бо ляжалі там скошаныя аўтаматнай чаргой яго родныя: сястра, жонка з аднагадовай дачушкай, дзве яе сястры і маці, мачыха. З сябрам перацягнулі на посцілцы родных на пясчаны грудок ва ўрочышчы Мінкава і пахавалі ўсіх у адной магіле каля дуба.

Закончыў вайну ў Дрэздэне. Вярнуўся дамоў, і праўленне калгаса даручыла франтавіку выконваць абавязкі брыгадзіра паляводчай брыгады. У суседняй брыгадзе кіраўніком была Лідзія Макарава. Пасля нядоўгіх разваг яны вырашылі разам будаваць сваё сямейнае шчасце.

У гады вайны Лідзія дапамагала партызанам атрада Давыдава, дзе ў баявых аперацыях удзельнічалі два яе браты. Па даручэнні камандавання выконвала розныя заданні: падвозіла прадукты, бярвенне для будоўлі зямлянак, вазіла зерне для памолу ў вёску Камаровічы; даводзілася маскіраваць аэрадром на востраве Зыслаў і ахоўваць штабное памяшканне ў вёсцы Дварэц, дапамагала параненым партызанам. Пасля вайны гадавала шасцярых дзяцей. Зведала радасць ад нараджэння трынаццаці ўнукаў, 21 праўнука і 2 прапраўнукаў. Лёс адвёў ёй 95 гадоў жыцця. Ва ўсіх дзяцей свае сем'і. Вольга — цырульнік, Васіль — будаўнік (прараб), Марыя шмат гадоў працавала выхавальніцай у інтэрнаце каледжа, Каця — бухгалтар, Ліда — заатэхнік, Аляксандр — кіроўца. Тры дачкі і малодшы сын жывуць і цяпер у вёсцы Дварэц. Часцяком уся вялікая сям'я збіраецца на бацькоўскім падворку каля ліпы, якую пасадзілі бацька з маці ў маладосці. Успамінаюцца церні і радасці жыццёвага лёсу, схіляюцца галовы ў самоце па бацьках, таму што не хапае родных пытлівых вачэй, добрых жыццёвых парад. І, вядома ж, усім прысутным хочацца зазірнуць у будучыню свайго роду. Жыццё працягваецца.

Анатоль Вялічка, настаўнік, краязнаўца

Шаноўныя чытачы! Конкурс «Фотаздымак з гісторыяй» працягваецца. Мы па-ранейшаму чакаем ад вас цікавых фота з сямейнага альбома. Здымкі (не больш за тры) з невялікай гісторыяй дасылайце з адпаведнай пазнакай на адрас: вуліца Б. Хмяльніцкага, 10а, 220013, г. Мінск або іnfо@zvіаzdа.bу. Найлепшага аўтара чакае прыз. Арыгіналы дасланых фотаздымкаў абавязкова вяртаюцца.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».