Вы тут

Паводле Пімена Панчанкі


 

Паводле Пімена Панчанкі

Экскурсія па музеі паэта, пададзеная праз развагі і ў суправаджэнні вершаў

Усёведка вікіпедыя (не будзем пісаць яе з прапісной літары, добра?) на старонцы пра Пімена Панчанку ўмудрылася не напісаць, што ён быў галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць». Трэба было згадаць гэта хаця б у тых трох радочках, у якія дзіўным чынам уціснуліся згадкі пра яго працу ў часопісе «Вожык», газеце «Літаратура і мастацтва» і альманаху «Советская Отчизна» — будучым часопісе «Нёман», але не згадалі. У сённяшнім свеце, калі браць яго такім, які ён ёсць для большасці, гэта азначае, што Пімен Панчанка да «Маладосці» дачынення не мае, і калі калегі-выданні, згаданыя «вікай», прэтэнду- юць на асаблівае адзначэнне 100-годдзя народнага паэта Беларусі — як былога свайго рэдактара, то «Маладосць» можа гэтым не пераймацца.

Тое самае магла б не рабіць сярэдняя школа № 199 Фрунзенскага раёна горада Мінска. Дарма што размешчана па адрасе: «Вуліца Панчанкі, дом 32». Але з павагі да творцы школа зладзіла на трэцім паверсе музей, які з цягам часу заслужыў сабе званне «народны».

Гэта гісторыя пра тое, што няма ў свеце нічога мацнейшага за асабістую ініцыятыву, уласную адказнасць, высокую павагу і добрую памяць. Бо ўсё астатняе, што можна ў ім назіраць, — гэта, пагадзіцеся, толькі вынікі наяўнасці або адсутнасці пералічанага.

Дык вось, 100-годдзе народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі. Святкуецца ў сценах мінскай школы, якая размешчана на вуліцы яго імя і ў якой створаны яго музей (істотнае ўдакладненне — адзіны ў свеце). Святкуецца на тым узроўні, на якім традыцыйна святкуюцца юбілеі народных паэтаў — з рассылкай запрашэнняў і прэс-рэлізаў, вітальнымі словамі высокіх гасцей і эмацыйнымі выступленнямі родных і блізкіх, адноўленай экскурсійнай праграмай і замоўленым філарманічным канцэртам, здымкамі для тэлебачання і тым, што называецца шырокім асвятленнем у друку, узаемным уручэннем падарункаў і ўскладаннем на магілу любімых кветак паэта. Апошняе — кранальная асаблівасць згаданага свята: замест традыцыйнага кошыка з чырвонымі гваздзікамі да 100-годдзя Пімена Панчанкі набываецца кошык з сінімі касачамі — а гэта ж таксама праява павагі і памяці.

Букет сініх касачоў стаіць у музеі ўвесь час. Месца яму побач з партрэтам — справа ад яго, на фартэпіяна, якое належала сям’і Панчанкаў. Яно шмат павандравала па кватэрах, дзе падрасталі ўнукі і праўнукі паэта, і мае з той пары на чорным тле процьму бялявых драпінак. Вобразна сказаўшы: «Шнары часу», не забывайма, што прыбіранне іх нагадвае злачынства. Іх, як і круглыя сляды на выступе кніжнай шафы, якія мае звычку пакідаць на лакіраванай паверхні кубак з гарачай гарбатай, наўмысна тут не здымаюць, не заціраюць — яны пакінуты як сведчанні жывога побыту вялікага чалавека. Галіна Філіпёнак, дырэктар школы, паказвае такія адметнасці экспанатаў музея з гонарам, а не шкадаваннем. Пра кніжныя шафы распавядае асобна. Вось як трапіла да іх, напрыклад, апошняя, трэцяя.

— Яна стаяла ў рэдакцыі «Роднага слова», і калі Міхась Шавыркін, рэдактар часопіса і зяць Пімена Панчанкі, адтуль сыходзіў, ён падказаў супрацоўнікам, дзе гэтая шафа можа дакладна спатрэбіцца. Супрацоўнікі ласкава перадалі яе нам, і ў нас, такім чынам, была завершана інтэр’ерная кампазіцыя. Тое, што ўсе тры шафы паходзяць з кватэры Панчанкі, даказваюць фотаздымкі, на якіх Пімен Емяльянавіч зняты асобна або з унучкамі. Усе кнігі, якімі запоўнены шафы, — мемуары, энцыклапедыі, зборы твораў, асобныя томікі — належалі яму, гэты факт таксама пацвярджаецца фотаздымкамі.

З дзённіка «Маладосці» 2012 год.
17 ліпеня, аўторак Прыходзіў Міхась Мікалаевіч Шавыркін, былы зяць Пімена Панчанкі. Папрасілі яго расказаць пра другога па ліку галоўнага рэдактара «Маладосці» што-небудзь вясёлае. Не расчараваліся!
— Памятаю, як запрасілі нас з Таццянай, дачкой Пімена Емяльянавіча, у кватэру на Пуліхава, 29, на сустрэчу за святочным сталом з нагоды рэгістрацыі нашага шлюбу. Я, вядома, саромеўся. Я ведаў яго творы, мне было пра што з ім гаварыць, але за тым сталом я маўчаў. Што ж я буду гаварыць у такіх абставінах? Ну, чокнуліся, выпілі. Зоя Кірылаўна гаворыць: «Закусвайце. Сала смачнае, вэнджанае, з Камароўкі». А Таццяна ў адказ: «Ён сала не есць». І тут я адчуў, што «папаўся»: ці то плечы Пімена Емяльянавіча падняліся, ці то галава у іх уцягнулася, а вочы глядзяць на мяне, як пражэк- тары: «Ён сала не есць». Тады Зоя Кірылаўна кажа: «Дык вы сялёдачку вазьміце». А Таццяна зноў: «Ён сялёдкі не есць». Плечы Пімена Емяльянавіча адразу апускаюцца і ён кажа: «Тут нешта ёсць. Давай за гэта і вып’ем». Вось так пры нашай першай сямейнай сустрэчы паміж першай і другой мы нават не закусілі.

Наўмысна ці выпадкова, але школьныя музейшчыкі (відаць, хутка з’явіцца такі тэрмін) выка- рысталі вельмі цікавы прыём, які стварае тры эфекты адразу — пераходу выявы ў рэальнасць, ператварэння 2D у 3D і пераносу ў часе: глядзіш на здымак Пімена Панчанкі, зроблены на фоне шафы з кнігамі, пераводзіш позірк на тыя самыя кнігі ў той самай шафе, якая стаіць тут жа, побач, — і падаецца, што паэт на хвілінку адышоў.

 — Калі ўзнікла патрэба вызначыць, што рабіць з фотаздымкамі, прамільгвалі думкі перанесці іх на пластык, празрыстую стужку, выкарыстаць нейкія іншыя сучасныя матэрыялы. Але рашэнне прынялі такое: калі ўжо пакідаем шафы і іншыя прадметы сапраўднымі, з налётам часу, калі ствараем дамашнюю абстаноўку, то і фотаздымкі трэба захаваць арыгінальнымі і размясціць адпаведным чынам — аформіўшы з іх пано, як гэта рабілі раней.

Размова, якая адбываецца сярод экспанатаў фармату «адзін аднаго цікавей», не можа быць плаўнай і паслядоўнай. Такую ж «праблему» мае і гэты аповед: кранеш адно — усплыве другое, што называецца. Перш чым напісаць пра «збажыновы фон», які маюць пано з арыгінальнымі фотаздымкамі, і яго «пераклічку» са снапом каласоў і іншым «жытнёвым» у інтэр’еры (як часткай відавочнай канцэпцыі), трэба сказаць, што ў гэтым музеі, хоць ён і школьны, усё арганізавана прафесійна — «як у музеі». Каб быць упэўненымі ў тым, што ўсё зроблена правільна і патрэбная дакументацыя аформлена і вядзецца як трэба, былі запрошаны спецыялісты з Міністэрства культуры і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Іх візіты пацвердзілі правільнасць усіх дзеянняў і рашэнняў. У тым ліку і датычных пытання зберажэння экспанатаў. Ці мала хто, ствараючы ў школе музей, наіўна размяшчае іх «пад сонейкам»? Але не ў дадзеным выпадку. Задаю дырэктару школы пытанне пра ўмовы захавання — і чую ў адказ, што вокны ў музейным памяшканні аснашчаны таніраваным шклом, паверх яго размешчаны рольшторы, таксама сонцаахоўныя, і толькі потым тое, што наведвальнікі бачаць як прыгожыя, у колер жытнёвага поля, парцьеры.

Але гаворка пра засцярогу на вокнах пайшла не ад пытання захавання фотаздымкаў — ад зусім іншай тэмы. На пісьмовым стале (на якім размешчана ўсё тое і так, як у Пімена Емяльянавіча, са слоў яго жонкі) стаіць сярод іншых прадметаў пішучая машынка «Эрыка» — падарунак родных, зроблены музею да 95-годдзя паэта.

— Спецыяльны карэспандэнт Белтэлерадыёкампаніі, асвятляючы наша папярэдняе юбілейнае мерапрыемства і ўбачыўшы гэты падарунак, выказала меркаванне, што яе клавіш краналіся пальцы знакамітага паэта. Але з экскурсійных матэрыялаў і з той інфармацыі, якую давялося прачытаць, я зразумела, што Пімен Емяльянавіч сам не друкаваў, гэтым займалася, ператвараючы рукапісы ў друкаваныя старонкі, яго жонка, Зоя Кірылаўна. Таму правільней сказаць, што клавіш «Эрыкі» краналіся не яго, а яе пальцы. Школьнікі здзіўляюцца, гледзячы на гэты механізм, бо клавіятуру яны пазнаюць, а іншае для іх галаваломка, — гаворыць Галіна Філіпёнак і ўдакладняе, што машынка дагэтуль выдатна працуе.

На гэтыя яе словы раптам узнікае гарэзлівая думка і тут жа агучваецца:
— А ці не хацелася вам стварыць вакол гэтай машынкі легенду ці зладзіць квэст: маўляў, калі ўпотай залезці ў музей і надрукаваць на ёй сваю мару, то мара здзейсніцца дзівосным чынам?..
Прыкусваю язык.
— Ведаеце, — гэтак жа гарэзліва адказвае Галіна Аркадзьеўна, — не хочацца дзяцей правака- ваць…
— Бо залезуць?
— І надрукуюць!
— І здзейсніцца!

Мы смяёмся, быццам самі ўжо залезлі і нешта надрукавалі. А потым Галіна Аркадзьеўна расказвае, чаму насамрэч трапіць сюды потайкі немагчыма, і не толькі з калідора, але і з вуліцы, — апісвае згаданую ўжо засцярогу на вокнах. Але вучням і не трэба «залазіць» сюды такім чынам. Бо адны з іх прыходзяць сюды рэгулярна як на самую сапраўдную працу: некалькі ўзроставых груп з'яўляецца тут экскурсаводамі. Іншыя, безумоўна, бываюць у музеі як наведвальнікі.

Мяркую, што ўрокі па творчасці Пімена Панчанкі праходзяць не ў класах, а ў гэтых сценах, дзе столькі зборнікаў паэзіі разгорнуты на самых патрэбных старонках — не трэба шукаць, не трэба вучыць і, хвалюючыся, збівацца: чытай і дэкламуй натхнёна. Напрыклад, вось гэта:

Той дзень прапаў і страчаны навекі,
Калі ты не зрабіў таго, што мог;
Калі не паспрыяў ты чалавеку,
Няшчыры быў, зманіў, не дапамог.

Той дзень збяднеў, зліняў на сотню радуг
І, попелам пасыпаны, сканаў,
Калі не падзяліў з суседам радасць
І больш за дзень узяў ты, чым аддаў.

Той дзень, лічы, завянуў пустацветам,
Калі ты пяць хвілін пашкадаваў,
Каб дзецям паказаць куточак свету
І хараство людзей, і дрэў, і траў.

Той дзень зусім закрэслены табою,
Калі ты раўнадушна абмінуў
Бяду чужую, пабаяўся болю,
Абразу хама моўчкі праглынуў...

Пазней старэць пачнеш самотна ў хаце
І будзеш скаргі гнеўна кідаць нам.
Не мы, жыццё табе даўгі заплаціць
За раўнадушша.
Вінаваты сам.

Мы не плюём на дружбу і на працу:
Нам без трывог не зберагчы жыцця.
Сябры, давайце будзем хвалявацца
За ўсіх і ўсё: за зерне, і дзіця...

Я не святы, хоць і не сквапны злыдзень.
Даруйце, калі часам быў глухі
Ці чалавека грубасцю пакрыўдзіў...
Грахі мае, бясконцыя грахі.

 

— А фон збажыновы на фотапано нездарма, ён як частка ідэі, — працягваецца расповед, ад якога я адвяла чытача — ненадоўга і ненаўмысна, а толькі таму, што не ўкладаецца жывая размова ў роўныя радкі ў межах плоскіх старонак. — «Калі за летам не ўбачу жыта, зраблюся хворым», — пісаў паэт. Экскурсія па нашым музеі завяршаецца звычайна ў месцы, дзе размешчаны тэкст верша «Жытнёвы звон». Калі вучні-экскурсаводы яго прамаўляюць, у тых, хто іх слухае, на вачах з’яўляюцца слёзы.

Жытнёвую тэму падтрымлівае высокі сноп у цэнтры кабінета-музея. Жнівень — месяц нараджэння паэта, дык ці магло быць іначай?..

…Пішу гэтыя радкі ў вёсцы. Выходжу за ваколіцу набрацца новых спосабаў іх «спляцення». Паветра насычана збожжам — праз два дні жнівень. А ў галаве ўключаецца «Жытнёвы звон» — ужо як песня ў выкананні Анатоля Ярмоленкі:

 Калi за летам не ўбачу жыта,
Зраблюся хворым, зраблюся хворым.
За мною тое, што перажыта,
Стаiць з дакорам, стаiць з дакорам.

Дубоў вялiкасць, бярозаў светласць
У зялёным дыме, у зялёным дыме.
I свет адметны, i час прыкметны
Мы – маладыя, мы – маладыя.

А што засела ў сэрцы кволым
З часоў дзяцiнства, з часоў дзяцiнства?
А тая песня i матчын голас
У полi чыстым, у полi чыстым!

Такi любiмы, як вочы мацi,
Як сонца ў росах, як сонца ў росах,
Яго за век ты не растрацiш
Той звон калоссяў, той звон калоссяў.

Як позiрк мацi, такi ласкавы,
Да смерцi родны, да смерцi родны.
На радасць шчодры, на шчасце шчодры
Ён несмяротны, ён несмяротны.

Калi за летам не ўбачу жыта,
Зраблюся хворым, зраблюся хворым.
За мною тое, што перажыта
Стаiць з дакорам, стаiць з дакорам.

За тры апошнія гады музей налічыў пяць тысяч наведванняў. Прыязджаюць сюды не толькі вучні з іншых школ і не толькі выхаванцы ўстаноў пазашкольнай адукацыі Беларусі, але і замежныя дзіцячыя і моладзевыя дэлегацыі. Асаблівыя стасункі склаліся ў музея з Эстоніяй, у прыватнасці, з горадам Маарду. Тамтэйшыя школьнікі і гімназісты наведваюцца ў Мінск на вуліцу Панчанкі, 32 па некалькі разоў у год. Такому сяброўству спрыяе погадненне ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Фрунзенскага раёна горада Мінска з гаруправай Маарду і яго дэпутатам Эрыкай Ціганік, якая ўзначальвае кірунак дзейнасці ў галіне адукацыі.

– Эрыка Ціганік – дэпутат, старшыня камісіі па адукацыі і справах моладзі гарадскога сходу горада Маарду з задавальненнем суправаджае экскурсіі да нас, — кажа дырэктар школы. — Эстонскія дзеці, якія праводзяць свае канікулы ў беларускім лагеры адпачынку, перад тым як пакінуць нашу краіну, абавязкова наведваюць нашу школу і наш музей — гэта ўжо традыцыя.

Чаму эстонцы цікавяцца Панчанкам? Бо ён нарадзіўся ў іх сталіцы Таліне, які меў тады назву Рэвель. Бацькі-сяляне трапілі туды, вандруючы па свеце ў пошуку лепшага месца і лепшай долі. — Калі дзеці на экскурсіі рас- казваюць пра гэта эстонцам, тыя бяруцца ў бокі: таксама, маўляў, прэтэндуем, — з усмешкай прамаўляе Галіна Аркадзьеўна.

І паказвае Кнігу для запісаў ганаровых гасцей: вось водгукі дырэктара Маардускай асноўнай школы (аналаг нашай дзевяцігодкі) Марыям Раннак і дарадчыка мэра горада Маарду па міжнародных справах Эліны Лецючай. На некалькі старонак далей — водгук Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь Ергалі Булегенава, які наведаў выяздную экспазіцыю музея на адным з музейных форумаў. Тут можна адшукаць водгукі іспанскіх гасцей, якія прыехалі ў сярэднюю школу № 199 Мінска на выбарчы ўчастак — сачыць за ходам галасавання.

Назіраецца парадаксальная з’ява: нягледзячы на тое, што музей размешчаны ў школе (і мог бы з гэтай прычыны мець адпаведную «збітую» славу, называючыся шаблонна «школьны музей»), ён валодае больш чым тысячай экспанатаў, мае тысячы ўдзячных наведвальнікаў і, як бачым, вядомасць у свеце. Маркетынгавая стратэгія? Безумоўна. Але і навука. Школа бярэ актыўны ўдзел у рэспубліканскіх і міжнародных мерапрыемствах, прысвечаных дзейнасці музеяў. Апошняе з іх — ІІІ Нацыянальны форум «Музеі Беларусі» — прайшло летась у Магілёве. Для ўдзелу ў такіх мерапрыемствах школа набыла спецыяльныя кубы для экспанатаў — каб і транспарціраваць іх без пашкоджанняў, і дэманстраваць годна. Абавязкова вандруюць, да прыкладу, пішучая машынка і саламяны куфэрак для лекаў, які ў вольны ад выязных экспазіцый час стаіць на пісьмовым стале, як было прынята і ў паэта. Цудоўная, я скажу, рэч: ідэя — незвычайная, прадмет — выключнай прыгажосці, а ўражанне пакідае такое, што хочацца неадкладна завесці сабе нешта падобнае. У гэтым і сакрэт сілы ўздзеяння сапраўднага музейнага экспаната: ён не толькі розум сілкуе, але і абуджае эмоцыі, і пабуджае да дзеяння.

Юнымі і дарослымі — адно аднаму калегамі, вучнямі і іх кіраўнікамі-настаўнікамі — ажыццяўляецца не толькі экскурсійная, але і навуковая дзейнасць. Працу экскурсаводаў курыруе кіраўнік музея Таццяна Іванаўна Кудрэвіч, а навуковую дзейнасць — настаўнік беларускай мовы і літаратуры Таццяна Уладзіміраўна Курашэвіч, якая займаецца гэтым ад самага пачатку, дня стварэння музея. Стаяла, як кажуць, ля самых вытокаў разам з Янінай Іванаўнай Плашчынскай, заснавальніцай.

Гэтыя старонкі сапраўды маглі б застацца нена- пісанымі, калі б не збег маленькіх акалічнасцей для ўвасаблення вялікіх задум: настаўніца Яніна Іванаўна, сябруючы з Зояй Кірылаўнай, жонкай Пімена Панчанкі, прыходзіць працаваць у школу, якая стаіць на вуліцы Панчанкі. Для стварэння музея паэта ўмова небясспрэчная, але чытач павінен памятаць, што гэта гісторыя пра тое, што мае ў свеце найвялікшую моц. Ініцыятыва Яніны Іванаўны Плашчынскай знаходзіць падтрымку ў Сяргея Пятровіча Стрэнкоўскага, самага першага дырэктара школы, цяперашняга першага прарэктара Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі. Адказнасць супрацоўнікаў школы перад роднымі Пімена Панчанкі, якія перадалі ім асабістыя рэчы свайго мужа, бацькі і дзеда, іх трапяткое стаўленне, павага да памяці нараджаюць вялікі давер: цяпер кожны год на дзень нараджэння паэта яго сям’я абавязкова наведвае школу і стараецца перадаць на захоўванне ў якасці экспаната нешта яшчэ з таго, што памятае народнага паэта. А школьныя даследчыкі дзеляцца сваімі здабыткамі — вынікамі працы, якія выклікаюць заслужаную павагу і захапленне, а часам здзіўленне: «Вы ведаеце пра нашага роднага чалавека ўжо нават больш, чым мы». Памяць пра Пімена Панчанку захоўваецца настаўнікамі і вучнямі з 2003 года. З той пары ў школе працуе чацвёрты па ліку дырэктар. Як і два папярэднія, што працавалі тут пасля Сяргея Пятровіча Стрэнкоўскага, так і Галіна Аркадзьеўна Філіпёнак імкнецца падтрымліваць дух музея і захоўваць яго традыцыі.

— Пазнаёміўшыся з творчасцю Пімена Панчанкі бліжэй, я па-новаму зразумела яе глыбокі філасофскі сэнс і проста яго палюбіла, — прызнаецца мая суразмоўца, павярнуўшыся да партрэта. — Музейная праца выклікае вялікую радасць, нягледзячы на тое, што патрабуюцца для гэтага дадатковыя грошы. Шмат што зроблена тут за сродкі апякунскага савета і проста рукамі бацькоў. Не за грошы бацькоў, а рукамі бацькоў. Гэта таксама важна. Вось гэтая кафля на падлозе старанна імі выкладвалася, і штукатурка на сценах — таксама. Звароты па такую дапамогу мы тлумачым простымі словамі: усё, што акружае асабістыя рэчы паэта, павінна быць вартым таго, каму яны належалі.

Асабістыя рэчы паэта. Бела-блакітны кубак са сподачкам, акуляры і брытва, алоўкі, ручкі і нататнікі з запісамі, зробленымі яго рукой, фотаапарат, сувеніры з вандровак і ключыкі ад чамаданаў, гальштукі-стужкі з арнаментам, шэры пінжак... У адной вітрыне захоўваецца запэцканы чарніламі піянерскі гальштук, побач — разгорнутая кніжачка з вершам пра яго. Кранальную гісторыю пра тое, як расчуленая дзяўчынка на сустрэчы з паэтам у Бухары падбегла да яго і аддала яму свой гальштук, расказваецца тут заўсёды з асаблівым уздымам і выклікае асаблівы настрой. Напэўна, не толькі настрой, але і ўспаміны — у кожнага свае. Слухаючы Галіну Філіпёнак, я ўспомніла Дзень пісьменства ў Шчучыне ў 2015 годзе, Гала-канцэрт конк урса юных чытальнікаў «Жывая класіка» і чатырнаццаці- гадовую вучаніцу Круцілавіцкай базавай школы Дзятлаўскага раёна Веру Сёмуху, якая, бы сапраўдная артыстка, душою і сэрцам чытала верш «Бульба». З той пары ён у мяне любімы.

Так ісці на захад, гэтак перці
За эпоху можна толькі раз.
Есці захацелася да смерці,
Ну, а повар з кухняю заграз.

Падцягнулі рамяні з тугою,
Леглі адпачыць пад сіняй хвояй,
На сухой абочыне шашы.
Рай — для ног, цыгарка — для душы...

Спрэчка пачалася нечакана:
Што смачней з усіх вядомых страў?
«Хаш і лобі! — першым крыкнуў Вано,—
Я б сем місак зараз увабраў».

«Плоў,— сказаў Ахмет.— Калісьці дома..
I пацмокаў смачна языком.
А Гурген ускочыў: «Вы знаёмы
3 ерэванскім сочным шашлыком?»

Я тут узгарэўся не па жарты:
«Вашых страў я ганіць не хачу:
I яны што-кольвек, пэўна, варты,
Як хвалілі знаўцы іх — я чуў.

Сорам пра найлепшае не ведаць,—
Рынуўся я ў наступ на байцоў,—
Калі смачна хочаце паснедаць,
Закажыце бульбы з селядцом.

Печаная бульба — гэта казка,
Паскрабеш нажом — і калі ласка.
Жоўтая скарынка, як пірог,
Будзеш уплятаць яе за трох.

Трапіш да кабеціны рахманай —
Паспытаеш, друг мой дарагі,
Дранікі са свежаю смятанай,
Бабку, клёцкі, нават пірагі.

3 нашай бульбы тысячу, не меней,
Смажаць і гатуюць розных страў...»
Я ўсхапіўся з месца і з натхненнем
Песню ім пра бульбу праспяваў.

Бачу: праняла мая прамова,
Зараз крыкнуць: «Дзе яна? Гарні!»
...Добра, што пад'ехаў ротны повар
На рудым запараным кані.

 

— Спарышы. Ён любіў наўмысна шукаць спарышы, — вяртае мяне са Шчучынскага дома культуры ў музей Галіна Аркадзьеўна, — арэхі, якія зрасліся між сабой. Лічыў, што калі знойдзе спарыш, то планы, сфарміраваныя ў гэты дзень, абавязкова рэалізуюцца, усё атрымаецца. Вось і верш пра спарышы нездарма тут.

Адгрымела ноччу навальніца,
Птушак пазванчэлі галасы,
I пяюць на сто ладоў сініцы —
Упіліся, пэўна, ад расы.

На ялінах росных зор мільярды,
Дурнап'яну гаркаваты пах.
I арэхаў наліўныя ядры
Хрумстаюць так смачна на зубах...

Ён адшастаў ценісты арэшнік,
Змок увесь, але знайшоў, знайшоў —
З думкай пра яе, зусім нягрэшнай, —
Пару запаветных спарышоў.

Хоць ніколі ў прымхі ён не верыў,
Проста для забавы ўзяў, а ўсё ж,
Калі стукнуў да яе у дзверы,
Скаланула радасная дрож.

У яе пакоі — вокны насцеж,
I сама, як раніца, была.
«На, вазьмі сабе спарыш на шчасце...»
Ціха засмяялася, ўзяла.

Узяла і тут жа раскусіла:
«Дзякую, браточак, шчасце ёсць!»
На вяселле хлопца запрасіла:
«Будзеш у мяне найлепшы госць!»

Не, не быў ён госцем на вяселлі.
Па начных дарогах, без дарог
Ён хадзіў ля пожняў і аселіц,
Боль хацеў развеяць і не мог.

А праз год яна яго спаткала
Выпадкова.
Ці то ён яе...
Ля вачэй — маршчынкі...
Шчасця мала:
Муж — гультай, бадзяецца ды п'е.

Прызнавацца сорамна і горка.
«Як тады аслепнуць я магла?
— Сумным жартам скончыла гаворку:
Шкода, што спарыш не зберагла».

Вось і ўся гісторыя...
А можа
Гэта толькі першая з дарог?
Нездарма яе так устрывожыў
Ціхі сказ хлапца: «А я збярог».

 

А на пісьмовым стале, каля самай машынкі — званок, адліты на ліцейным заводзе Валдая, прывезены адтуль Піменам Емяльянавічам, ганаровым грамадзянінам гэтага горада, як падарунак. Першы і апошні званкі — для першакласнікаў і выпускнікоў школы — даюцца тут ім, вырабленым па тэхналогіі 1125 года. Неверагодны ў яго гук — як у царкоўнага звана. Шкада, што дыктафон запісаў яго, а на паперы — не перадаць.

— На гэтым стэндзе — яго фота з жонкай, — працягваецца экскурсія. — Яны мелі вельмі цёплыя адносіны адно да аднаго. Гэта прасочваецца і ў вершах. Кнігі сяброў з аўтографамі. Вельмі шмат ад Максіма Танка. Яны былі сябрамі. Падарункі, якія Пімен Емяльянавіч прывозіў з вандровак, у тым ліку замежных. Вось цікавы экспанат — нос рыбы-пілы, прывезены ім з Афрыкі.

***
Напрошваецца адно пытанне: чаму сярэдняя школа № 199 не носіць імя паэта Пімена Панчанкі? — Прыемна адзначыць, што рашэннем калегіі Міністэрства культуры літаратурнаму музею Пімена Панчанкі прысвоена званне «народны». Цяпер школе, у якой знаходзіцца народны музей, не сорамна будзе звяртацца з хадайніцтвам у Міністэрства адукацыі аб прысваенні ёй імя паэта, — адзначае Галіна Філіпёнак. А часопіс «Маладосць», які некалі ўзначальваў Пімен Панчанка, далучаецца да шматлікіх віншаванняў на адрас музея і школы. З прысваеннем звання «народны», дарагія сябры! І ўсіх нас — з днём нараджэння паэта!

Святлана Воцінава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?