Кавун і дыня


Кавун і дыня з’яўляюцца найбліжэйшымі родзічамі агурка і адносяцца да так званых бахчавых культур. Як і ў агуркоў, сцябло ў іх сцелецца па зямлі. Буйныя аранжавыя альбо жоўтыя кветкі бываюць двух відаў: мужчынскімі (тычынкавымі) і жаночымі (песцікавымі). Плады завязваюцца толькі на жаночых кветках, але мужчынскія патрэбны для апылення. Плод – ягада (іншая назва – гарбузік). Менавіта дзеля салодкіх смачных пладоў і разводзяць людзі кавуны і дыні.

Радзімай кавуна лічыцца вялікая і суровая пустыня Калахары ў Паўднёвай Афрыцы. Менавіта там і цяпер растуць дзікарослыя кавуны (калацынты), невялікія, памерам, прыкладна, з тэнісны мячык (хоць могуць сустракацца і значна большыя)… Ды і маса іх, адпаведна, малая. Вага ж сучасных культурных кавуноў – ад 2 да 25 кг.

Калацынты пустыні Калахары служаць ежай многім тамтэйшым жывёлам. Яны, калі паядаюць гэтыя плады, атрымліваюць неабходную ваду. А насенне ў трывалай абалонцы праходзіць без усялякіх для сябе пашкоджанняў праз стрававальны тракт жывёлы і, зноў трапіўшы на зямлю, прарастае.

Праўда, дзікія кавуны могуць рассяляцца і самі. Вецер адрывае іх плады-гарбузікі ад сцябла і коціць па пустыні. Потым плод трэскаецца, і з яго на зямлю выліваецца ліпкі сок разам з насеннем. Сок увільгатняе зямлю, прыклейвае да яе насенне і спрыяе яго прарастанню.

Дарэчы, салодкімі (дакладней, крыху саладкаватымі) плады калацынтаў бываюць не заўсёды, у пераважнай большасці яны нават горкія. Ну а смачнымі культурныя кавуны сталі ў выніку адбору, які праводзілі людзі, выбіраючы для сяўбы насенне самых вялікіх і салодкіх экзэмпляраў.

Праўда, застаецца пытанне: як мог кавун патрапіць аж з Паўднёвай Афрыкі ў іншыя часткі свету? Некаторыя даследчыкі нават лічаць, што радзімай культурных кавуноў пустыня Калахары не з’яўляецца, а іх сапраўдная радзіма знаходзіцца зусім у іншым месцы. Але ж дзе яна тады?

А вось з радзімай дыні ўсё зразумела – Паўднёва-Заходняя і Паўднёвая Азія. У Аравіі, Сярэдняй Азіі, Індыі земляробы вырошчвалі яе са старажытных часоў. Ды там і сёння можна знайсці дзікія дынькі, невялікія (памерамі ад грэцкага арэха да кулака), не заўсёды салодкія, але затое на адной плеці іх можа вырасці больш за сотню. А ў культурнай расліны – пяць-шэсць пладоў, не больш. Затое памеры кожнай уражваюць. І смак прыемны, і водар такі, што ні з якім іншым не зблытаеш.

Дыні ў Беларусі амаль не вырошчваюць (занадта яны цеплалюбівыя), а вось кавуны ў апошні час навучыліся расціць, і ў немалых нават колькасцях. Але ўсё ж куды больш сустракаюцца тут іншыя бахчавыя культуры – гарбуз, а таксама яго разнавіднасці кабачок і патысон.

Але пра іх іншым разам.

Цікава ведаць

Кавуны і дыню ў асноўным спажываюць сырымі. Хоць на Кубані, напрыклад, кавуны яшчэ засольваюць, і вельмі някепска атрымліваецца. З кавуноў і дынь таксама атрымліваюць вельмі смачны мёд, а з іх скурак – цукаты.

Не так даўно селекцыянеры вывелі… квадратныя кавуны. Не ведаю, як на смак, але перавозіць іх куды зручней, чым круглыя. Не перакочваюцца з месца на месца, ды і самога месца куды менш займаюць пры аднолькавай масе.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уладзімір Краўцоў пра тое, як будзе развівацца Гродзенская вобласць

Уладзімір Краўцоў пра тое, як будзе развівацца Гродзенская вобласць

Кіраўнік Гродзенскай вобласці — аб розніцы паміж усходам і захадам, паразуменні фермераў і буйных агракомплексаў, спосабах прыцягнення турыстаў і прыватнай ініцыятыве ў рэстаўрацыі будынкаў.

Грамадства

Смеццевы калапc: рэальная пагроза?

Смеццевы калапc: рэальная пагроза?

Як у нашай краіне вырашаецца праблема з утварэннем і ўтылізацыяй адходаў.

Грамадства

У Мінск прыляцела даўгахвостая кугакаўка

У Мінск прыляцела даўгахвостая кугакаўка

Сенсацыя ў свеце беларускай фаўны — у Мінск прыляцела сава-«чырванакніжніца».

Грамадства

Колькі прадуктаў і адзення нам неабходна для нармальнага жыцця?

Колькі прадуктаў і адзення нам неабходна для нармальнага жыцця?

Колькі малака і яек беларус ужывае за месяц?