Вы тут

Як развіваецца льнаводчая галіна на Міншчыне?


У Беларусі заўсёды было асаблівае і трапяткое стаўленне да вырошчвання лёну. Яго здаўна называлі блакітным «золатам». Гэтая сельскагаспадарчая культура, калі правільна яе апрацоўваць, прытрымлівацца тэхналогій, — рэнтабельная. У лепшыя часы такую рэнтабельнасць давала нафта. Пра гэта заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка пры наведванні рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Вусце» Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў Аршанскім раёне. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў ліквідаваць недахопы ў ільнаводчай галіне.


«Лён любіць паклон», — так кажуць людзі старэйшага пакалення. Сапраўды, усе аперацыі амаль што да 80-х гадоў мінулага стагоддзя ажыццяўляліся ўручную. І трэба было нізка нагнуцца, каб сарваць кожную сцяблінку. Цяпер гэтая прыказка страціла сваю актуальнасць. Усе працэсы ў ільнаводчай галіне аўтаматызаваныя. Карэспандэнт «Звязды» наведала Слуцкі льнозавод, пабывала на полі, дзе вырошчваецца гэтая культура, і на гэтым прыкладзе адсачыла перспектыву развіцця льняной галіны Мінскай вобласці.

Слуцкі льнозавод — самы буйны сярод аналагічных прадпрыемстваў цэнтральнага рэгіёна. Больш як два гады таму тут завяршылася рэканструкцыя, устаноўлена новая бельгійская лінія «Dерооrtеrе» па выпуску льновалакна. Яна дазваляе атрымліваць яго дзве тоны за гадзіну, гадавая патрэба льнотрасты для поўнай загрузкі — каля 10 тыс. тон. З уводам у дзеянне канвеера вытворчая магутнасць завода па перапрацоўцы сыравіны павялічылася больш як у 2,5 раза. Усё гэта дало магчымасць прадпрыемству выйсці на прыбытковую работу. Для параўнання: у 2013 годзе страты былі на ўзроўні 200 тыс. рублёў, а ў 2016-м спрацавалі з прыбыткам у 71 тыс. рублёў, рэнтабельнасць — 1,5%. Прычым сабекошт прадукцыі за сем месяцаў склаў 3350 рублёў пры 3530 за адпаведны мінулагодні перыяд.

— Церабленне лёну мы пачалі 4 ліпеня і закончылі яго ва ўсёй сыравіннай зоне. Цяпер галоўнае — убраць участкі, прызначаныя для насення. Такіх засталося менш за 200 гектараў. Ураджай прывозім у цэх проста з поля. Раней яго складавалі пад навесамі. Новая лінія дазваляе атрымліваць безадходную прадукцыю: асобна насенне, валакно, трасту.

Перш за ўсё завод выконвае дзяржзаказ — пасля перапрацоўкі прадукцыя адпраўляецца на Аршанскі льнокамбінат. Пасля гэтага прадпрыемства можа атрымаць ліцэнзію на пастаўку валакна на экспарт. Яго з задавальненнем набываюць Кітай, Расія, краіны Еўрасаюза. Сёлета, лічыць кіраўніцтва, таксама не будзе адбою ад кліентаў, на чым можна нядрэнна зарабіць.

На адным з палёў урочышча Новая Ніва ў самым разгары работы.

— Сезон уборкі лёну — нагода адчувальна папоўніць сямейны бюджэт. Тым больш, што ўраджай выдаўся нядрэнны, — кажа механізатар Аляксандр Ліпееў. — Зімой, вядома, заробкі меншыя: займаемся ў асноўным рамонтам тэхнікі. Кормяць нас добра, гарачыя абеды дастаўляюць у поле, пасля яшчэ — падвячорак.

— Найбольш трывалае валакно атрымліваецца з доўгіх сцяблін — аптымальна ад 90 сантыметраў да 1,1 метра, — уступае ў размову галоўны аграном прадпрыемства Артур Шклярэўскі. — Перавагу аддаём айчынным сартам, яны лепш адаптаваныя да нашых кліматычных умоў. «Замежнікі» займаюць толькі 30% плошчаў. У гэтым урочышчы пасеяны сорт беларускай селекцыі «Грант». Ён дае добры выхад доўгага валакна, што дазволіць адмовіцца ад закупак насення. Два папярэднія гады не ўдавалася сабраць яго дастаткова. Спадзяёмся, што сёлета забяспечым сваю вытворчасць якасным матэрыялам і насеннем да атрымання новага ўраджаю. А лішкі прадукцыі рэалізуем на экспарт.

Усяго ў Мінскай вобласці неабходна ўбраць лён-даўгунец з плошчы 8939 гектараў, валавы збор ільнотрасты складзе не менш як 29,5 тыс. тон (тэмп росту да 2016 года — 133%). Ураджайнасць чакаецца 32,9 цэнтнера з гектара, летась сабралі 26,5 цэнтнера.

Для выхаду на прыбытковую работу іншых перапрацоўчых заводаў Міншчыны пры тым абсталяванні, што ёсць, плануецца штогод перапрацоўваць не менш як 28,2 тыс. тон ільнотрасты, сярэднім нумарам 1,04, выпускаць 7,9 тыс. тон ільновалакна, у тым ліку 2,4 тыс. тон доўгага. Вядома, на прадпрыемствах наспела мадэрнізацыя, на яе правядзенне патрабуецца 33,8 млн рублёў. Яна дапаможа рэзка нарасціць аб'ёмы вытворчасці льновалакна, палепшыць яго якасць і рэнтабельнасць усёй галіны.

— Лён — асаблівая культура, і падыход да яго таксама павінен быць асаблівы, — падкрэсліў старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка, які прыехаў на поле, каб паглядзець, як ідзе ўборка «блакітнага золата». — Перш за ўсё неабходна вырасціць якасную сыравіну, якасна яе ўбраць і перапрацаваць. Натуральна, перапрацоўка на мадэрнізаваных і на старых заводах адрозніваецца. Тым не менш выхад па доўгім і кароткім валакне павінен адпавядаць нарматыву. На гэта мы і накіраваныя. Сёлета плануецца атрымаць ураджай на 30% большы, чым летась, як у колькасным, так і ў якасным выражэнні, што прынясе грашовую прыбаўку і дазволіць працаваць прыбыткова. Вырашчана каля 9 тыс. гектараў даўгунцу, убрана больш за 70% плошчаў. Мяркуем да 25 жніўня завяршыць, а да 25 верасня падняць і звесці ўвесь ураджай на захаванне.

Як адзначыў губернатар, ёсць і праблемы. « Але мы іх бачым, ведаем як вырашаць, — падкрэсліў Анатоль Ісачанка. — Былі, у прыватнасці, пытанні па наладцы абсталявання, але спецыялісты ліквідавалі ўсе недахопы, і яно цяпер спраўна працуе. Яшчэ адна праблема — падбор палёў, насення, работа насенных станцый. Мы абмеркавалі спектр пытанняў і намецілі планы па іх вырашэнні. Думаю, зрухі будуць істотныя».

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Блакітнае «золата»

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.