Вы тут

Што б вы змянілі ў рабоце сістэмы ЖКГ?


Такое пытанне мы задалі людзям, якія маюць прамое і апасродкаванае дачыненне да гэтай сферы.


Старшыня Крупскага раённага Савета дэпутатаў Дзмітрый КЛІМЯНКОЎ:

— У мяне адзінае пажаданне: каб нармальна ставіліся да выканання сваіх абавязкаў усе работнікі гэтай структуры. У іх усё ёсць: грошы ёсць, вытворчыя магутнасці ёсць. Я мяркую па сваёй ЖКГ: павінен быць нейкі зладжаны калектыў, а ўсе неабходныя ўмовы ўжо створаны. Як гэтага дасягнуць? Зладжанасць — не аднаго дня справа. Неабходна рыхтаваць якасныя кадры, якія, дарэчы, павінны быць мясцовымі, каб яны хацелі жыць і працаваць у гэтым месцы. Толькі пры выкананні такой умовы ў нас будзе нармальная работа. Як вы ведаеце, у сферу дзейнасці ЖКГ патрапілі могілкі, дарогі і іншыя аб'екты — я лічу, што гэта якраз тое, чым камунальнікі павінны займацца. За гэта яны атрымліваюць грошы. У цяперашняй эканамічнай сітуацыі трэба браць на сябе як мага больш аб'ёмаў, бо гэта зарплата супрацоўнікаў. Усе хочуць шмат грошай, але пры гэтым думаюць, як перакласці абавязкі на кагосьці іншага. Так быць не павінна.


Начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта Тамара САПЕГІНА:

— Я хацела б, каб заканадаўства ў гэтай галіне было больш пастаянным, а то толькі навучымся працаваць па адных законах, як ужо з'яўляюцца новыя. Не вельмі добра, што абсалютна ўсё «скінулі» на жыллёва-камунальныя гаспадаркі. І могілкі, і дарогі, і водазабеспячэнне — за гэта адказвае ЖКГ. Неабходна падзяліць зоны ўплыву: няхай дарожнікі займаюцца дарогамі, энергетыкі займаюцца святлом — і гэтак далей. Засмучае, што людзі не бачаць плюсоў, якія ёсць у сістэме ЖКГ. Напрыклад, у нас хутка «Дажынкі», рамантуем многія дамы. Але і тут ёсць нюанс: вызначылі кошт квадратнага метра па капітальным рамонце, вышэй за які нічога рабіць нельга. А калі ў доме трэба і дах памяняць, і вокны, а яшчэ патынкаваць?


Дырэктар Ашмянскага раённага ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Сяргей БЕЛЯНКОЎ:

— Самае важнае — гэта перадаць камбінатам бытавога абслугоўвання лазні і гасцінічныя гаспадаркі, у тым ліку — і сельскія могілкі, інакш кажучы, забраць ад нас усе няпрофільныя аб'екты. Гэта асабіста маё меркаванне, а таксама меркаванне многіх іншых кіраўнікоў службы. Для таго каб нам нармальна працаваць, атрымліваць прыбытак і ўкладваць яго ў развіццё, у мадэрнізацыю нашага абсталявання, нам неабходны абаротныя сродкі. Вышэйназваныя аб'екты адносяцца да катэгорыі сацыяльных, таму яны прыносяць не прыбытак, а страты. Гэтыя страты ЖКГ пакрывае за кошт свайго прыбытку, тым самым сыходзяць абаротныя сродкі. А мы ж яшчэ плацім за ваду, электрычнасць, плацім зарплаты. Мы павінны ўкладваць грошы ў мадэрнізацыю кацельняў, цепласетак, помпавых станцый — рабіць тое, чым мы і павінны займацца. А мы займаемся сацыяльнымі пытаннямі.


Блогер, грамадскі актывіст, вэб-распрацоўшчык, спажывец паслуг ЖКГ Дзмітрый ВАЛАТКО:

— Калі выбіраць адну рэч, самую важную, то для мяне галоўным была б наяўнасць дакладнай, зразумелай і прагназуемай зваротнай сувязі ад ЖКГ. Каб гэта не была нейкая скрыначка, у якую бабуля з суседняга пад'езда нешта адправіла, і ўсё гэта ў выніку страцілася. Гэта значыць, каб чалавек напісаў, і яму адказалі. Напрыклад: адрамантуйце асфальт. І адказ: паважаны, ну няма цяпер на гэта грошай, мы запланавалі асфальтаванне на пэўную дату, па выкананні мы абавязкова напішам. Зараз, калі браць той жа самы партал 115.бел, то пачак маіх заўваг «вісіць» там на кантролі ўжо не першы месяц. І я не атрымліваю ніякай зваротнай сувязі. Яшчэ адзін прыклад: нядаўна хадзіў у ЖЭС, каб адрамантавалі плітку каля дома. Запісалі мой тэлефон, дырэктар паабяцаў, што патэлефануе і раскажа, колькі гэта будзе каштаваць, — і ўсё, знік. Калі няма зваротнай сувязі, то і няма даверу да ЖКГ.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».