Вы тут

У выхадныя Прэзідэнт пабываў з рабочай паездкай на Віцебшчыне


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка бачыць рэзервы для павышэння эфектыўнасці льнаводчай галіны. Як паведамляе прэс-служба кіраўніка краіны, даручэнне па ліквідацыі наяўных недахопаў у гэтай сферы Прэзідэнт даў у мінулую суботу 19 жніўня, наведваючы ў Аршанскім раёне рэспубліканскае вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «Вусце» Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.


Фота: БЕЛТА

Гэта гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні лёну і нарыхтоўцы насення. Менавіта тут пад наглядам навукоўцаў-спецыялістаў апрабуюцца лепшыя практыкі і найбольш перадавыя тэхналогіі па вырошчванні названай культуры. Гэта свайго роду ўзор, на які павінны арыентавацца льнаводы па ўсёй краіне.

Аляксандр Лукашэнка прыехаў на льняное поле, каб асабіста ўбачыць усе тэхналагічныя працэсы і разабрацца з тым, чаго не хапае, каб вырошчванне гэтай культуры было дастаткова эфектыўным і прыносіла добрыя прыбыткі дзяржаве. «Па лёну мы дамовіліся. Я яшчэ раз пагляджу, што было даручана раней, пачынаючы ад вырошчвання і заканчваючы льнокамбінатам. А то яны будуць хадзіць, усё грошы прасіць. Сёння, калі правільна апрацоўваць па тэхналогіях лён, — ён рэнтабельны», — падкрэсліў беларускі лідар.

Дырэктар Інстытута лёну НАН Беларусі Іван Голуб далажыў кіраўніку дзяржавы, што рэнтабельнасць вытворчасці лёну даходзіць да 70%. «У лепшыя часы нафта такую рэнтабельнасць давала. І яны ходзяць яшчэ, просяць, — адзначыў Прэзідэнт. — Калі мы навучым гаспадаркі сеяць і вось такім чынам апрацоўваць лён, яны самі будуць у гэтым зацікаўлены».

Аляксандр Лукашэнка таксама даручыў выразна вызначыцца ў дачыненні льнасеяльных гаспадарак — выбудаваць сістэму, хто і дзе будзе апрацоўваць гэтую культуру, няхай гэта будуць самі льнозаводы або асобныя гаспадаркі. «Калі ёсць разуменне, значыць, ёсць. Калі няма, трэба ўстанавіць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Навукоўцы-спецыялісты павінны максімальна шчыльна ўзаемадзейнічаць з аграрыямі на месцах, і не толькі дапамагаць парадай, дзяліцца тэхналогіямі, але і патрабаваць канчатковага выніку, а таксама выразнага захавання ўсіх тэхналагічных этапаў. Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз акцэнтаваў увагу на неабходнасці выпрацаваць дакладную сістэму падрыхтоўкі кадраў у льнаводчай галіне і кантролю за якасцю работ на ўсіх этапах.

Прэзідэнт пацікавіўся ў вучонага, якія праблемы ў цяперашні час перашкаджаюць павышэнню эфектыўнасці льнаводства. Па словах кіраўніка інстытута, гэта ў асноўным невыкананне тэхналогій у шэрагу гаспадарак, у тым ліку звязаных з хімпраполкай і абаронай ад хвароб. Месцамі таксама адчуваецца недахоп тэхнікі і кваліфікаваных механізатараў.

Закранаючы пытанне тэхнікі, Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, колькі яшчэ неабходна спецыялізаваных камбайнаў для ўборкі лёну. Як высветлілася, гэта каля 40 машын агульным коштам каля $8 млн. «Значыць, трэба знайсці $10 млн, купіць камбайны і скончыць размовы пра церабленне лёну. Стварай камісію, праводзьце тэндар. Чым большы аб'ём, тым танней», — звярнуўся Прэзідэнт да намесніка прэм'ер-міністра Міхаіла Русага.

Падчас рабочай паездкі была закранута тэма забеспячэння гаспадарак якасным насеннем айчыннай селекцыі. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што неабходна вызначыць, дзе ў краіне будуць створаны адпаведныя цэнтры. «Павінна быць не больш за шэсць цэнтраў. І трэба пралічваць лагістыку — гэта таксама грошы, выдаткі. Паглядзіце, дзе нам стварыць гэтыя цэнтры», — даручыў беларускі лідар.

У цэлым Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў максімальна хутка правесці работу па ліквідацыі недахопаў у сферы і распаўсюдзіць перадавыя практыкі па ўсёй краіне.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што калі б у свой час на вышэйшым узроўні не былі дадзеныя даручэнні па захаванні і развіцці ў Беларусі льнаводства, то сёння гэтай галіны магло б наогул не быць.

Падчас наведвання гаспадаркі абмяркоўвалася таксама тэма ўборачнай кампаніі. Прэзідэнту падрабязна далажылі аб ходзе работ на палях Віцебскай вобласці. На гэты конт дадзены неабходныя аператыўныя даручэнні.

А ў нядзелю кіраўнік краіны зноў кантраляваў ход уборачнай кампаніі з паветра. Маршрут борта нумар адзін ахопліваў раёны, сітуацыя ў якіх Прэзідэнта насцярожвае, у Віцебскай, на поўначы Магілёўскай і ў Мінскай абласцях. Стан спраў з верталёта быў відаць як на далоні, у першую чаргу ў частцы ўборкі плошчаў збожжавых, саломы, нарыхтоўкі кармоў, падрыхтоўкі палёў пад сяўбу азімых.

Падрыхтавала Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Рэнтабельнасць — як у нафты

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.