Вы тут

Якіх спецыялістаў чакае рынак працы?


Пераход да абавязковай для ўсіх навучэнцаў сярэдняй адукацыі, які ініцыюе Міністэрства адукацыі, ніяк не адаб'ецца на напаўненні ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. У выпускнікоў базавай школы па-ранейшаму будзе магчымасць выбару: або працягнуць навучанне ў прафесійным ліцэі ці каледжы і паралельна з прафесіяй атрымліваць таксама агульную сярэднюю адукацыю, або пайсці ў 10—11-ты клас, пасля чаго таксама можна будзе выбіраць, на якім узроўні атрымліваць далейшую адукацыю. Хтосьці зробіць выбар на карысць ВНУ, а хтосьці паступіць на ўзровень прафесійна-тэхнічнай або сярэдняй спецыяльнай адукацыі.


— Сёння больш як на 90 працэнтах спецыяльнасцяў у прафтэхустановах разам з рабочай прафесіяй навучэнцы атрымліваюць і завершаную агульную сярэднюю адукацыю, — запэўнівае кансультант упраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Таццяна АРЦЕМ'ЕВА. — Раней было больш спецыяльнасцяў пасля базавай школы, дзе навучэнцам давалі толькі прафесію, але ў апошнія гады запатрабаванасць такіх праграм няўхільна зніжалася, што цалкам зразумела: бацькі жадаюць, каб іх дзеці засвоілі поўны школьны курс, бо без атрымання агульнай сярэдняй адукацыі немагчыма затым працягнуць навучанне ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай або вышэйшай адукацыі.

У апошнія гады ў прафесійна-тэхнічныя навучальныя ўстановы накіроўвалася каля 20 працэнтаў выпускнікоў базавай школы, а з выпускнікоў сярэдняй школы атрымліваць рабочую прафесію ішлі 14—15 працэнтаў ад агульнай колькасці.

20 жніўня ў прафесійна-тэхнічных навучальных установах завяршыўся прыём дакументаў. А некалькі днямі раней завяршылася прыёмная кампанія ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Чым яна запомнілася?

Па словах кансультанта ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі Таццяны Караткевіч, у 2017 годзе ў ССНУ планавалі прыняць 39 тысяч чалавек, у тым ліку 24 тысячы — за кошт сродкаў бюджэту.

 «Па папярэдніх звестках, агульны працэнт выканання плана прыёму склаў 97,1%, што некалькі лепш, чым паказчыкі за аналагічны перыяд мінулага года (96,7%). Бюджэтныя месцы запоўненыя на 99,5%. Гэта таксама больш высокі паказчык, чым у 2016 годзе», — падкрэсліла Таццяна Караткевіч. Што датычыцца плана прыёму на платную форму навучання, то ён выкананы на 93%.

На вяршыні папулярнасці ў абітурыентаў традыцыйна знаходзіцца «правазнаўства». Конкурс на гэту спецыяльнасць склаў 5 чалавек на месца, а прахадны бал — 9,5 з 10. У топ увайшлі таксама такія спецыяльнасці, як «фатаграфія», «аўтасэрвіс», «лінгвістычнае забеспячэнне сацыякультурнай дзейнасці». Ахвотна маладыя людзі выбіраюць спецыяльнасці ў медыцынскіх і педагагічных каледжах: і там, і там конкурс перавысіў 3 чалавекі на месца. А прахадны бал на педагагічныя спецыяльнасці склаў 8,8 з 10.

Другі год запар ажыццяўляўся набор на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі па спецыяльнасці «аперацыйная дзейнасць у лагістыцы». Гэта вельмі перспектыўны і запатрабаваны кірунак, таму сёлета пашырылася кола ўстаноў, дзе пачалі рыхтаваць адпаведных спецыялістаў.

Установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, у сваю чаргу, пачнуць падрыхтоўку па пяці новых прафесіях: электрамеханік па сродках аўтаматыкі і прыбораў тэхналагічнага абсталявання, рабочы па комплексным абслугоўванні будынкаў і збудаванняў, аператар лічбавага друку, кузаўшчык і вытворца тварагу. Усяго ж на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі можна атрымаць 251 рабочую прафесію. Пры гэтым доля спецыяльнасцяў рэальнага сектара эканомікі складае каля 80%. Для забеспячэння патрэбаў інавацыйнай вытворчасці па шэрагу прафесій рыхтуюцца рабочыя з больш высокім разрадам: выпускнікі прафтэхустаноў атрымліваюць не менш як чацвёрты разрад.

Як зазначыла Таццяна Арцем'ева, пачынаючы з 2006 года ў краіне ажыццяўляецца аптымізацыя сеткі ўстаноў прафтэхадукацыі. У параўнанні з папярэднім навучальным годам колькасць устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі зменшыцца на 19 адзінак: у Віцебскай вобласці — на 5 адзінак, у Гомельскай — на 3, Гродзенскай — на 3, у Магілёўскай — на 7, у Мінску — на адну. Усяго падрыхтоўку будуць весці 135 устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Колькасць устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі скароціцца на дзве адзінкі.

Для абітурыентаў 2018 года можа аказацца карыснай наступная інфармацыя. На партале Міністэрства адукацыі ў раздзеле «Абітурыенту» змешчаны электронны даведнік для тых, хто паступае ў ССНУ. Там можна знайсці і ўсе ўстановы, і ўсе спецыяльнасці, і прахадныя балы. Даведнік рыхтавалі спецыялісты выдавецтва «Вышэйшая школа». Для большай зручнасці ён пераведзены ў электронны фармат і знаходзіцца ў свабодным доступе.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: «Лагістыка» і «вытворчасць тварагу»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».