Вы тут

Пройдзе рэспубліканскі спартыўна-адукацыйны фестываль "Алімпія—2017"


25 жніўня ў 18.00 на беразе маляўнічай ракі Іслач адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Рэспубліканскага спартыўна-адукацыйнага фестывалю для працоўнай моладзі "Алімпія — 2017", ідэйным натхняльнікам якога з 2004 года выступае Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. (Месца правядзення фестывалю: п. Ракаў, Валожынскі раён, 35 км ад Мінскай кальцавой дарогі, не заязджаючы ў п. Ракаў па паказальніках "Алімпія").


Фота: brsm.grodno.by

Маладзёжны праект прымеркаваны да пятнаццацігоддзя з дня ўтварэння БРСМ (6 верасня 2002 гады) і пройдзе 25-27 жніўня пад дэвізам “#15летВМЕСТЕ!”.

Плануецца, што ў гэтым годзе фестываль “Алімпія” аб'яднае рэкордную колькасць удзельнікаў — больш за 800 чалавек — актывістаў Саюза моладзі з усіх рэгіёнаў Беларусі, якія прысвяцілі працоўную дзейнасць рабоце ў органах дзяржаўнага кіравання (дваццаць каманд), гасцей і экспертаў — кіраўнікоў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, міністэрстваў і ведамстваў, а таксама папулярных журналістаў, тэлевядучых, аўтараў і выканаўцаў.

Традыцыйна праграма фэсту насычаная рознапланавымі мерапрыемствамі. Яе спартыўны складнік уключае спаборніцтвы па футболе і баскетболе, перацягванні каната, дартсу, падняцці гіры, тэхніцы пешаходнага турызму, а таксама ўпершыню адбудзецца экстрым-сплаў на байдарках. Таксама ўпершыню “спартовы рацыён” алімпійцаў дапоўніць сяміметровы атракцыён “Скалодром” і займальная гульня ў бампербол (футбол у шарах).

Свае таленты і артыстызм ўдзельнікам “Алімпіі” трэба будзе праявіць ў творчых конкурсах візітовак “15 гадоў РАЗАМ!”, бівуакаў, гатаванні страў “Беларусь — крыніца натхнення” і ўпершыню ў фестывалі-конкурсе паветраных змеяў. Дарэчы, у апошнім журы ацэніць не толькі тэхнічныя годнасці лятучых хвастатых, але і маляўнічасць канструкцыі. Для аматараў танцавальнага фітнесу будуць арганізаваны майстар-класы па хіп-хопу, стрэйчынгу і зумбе. Тых, хто аддае перавагу вырабу сваімі рукамі модных аксесуараў з нацыянальным арнаментам, чакаюць на майстар-класах “Беларусь — крыніца натхнення”. Адной з самых чаканых падзей культурнага жыцця алімпійцаў стане фестываль-канцэрт аўтарскай (бардаўскай) песні “Песні мірных гадоў” з удзелам пачаткоўцаў і знакамітых аўтараў і выканаўцаў.

Цэнтральнае месца ў праграме “Алімпіі” адведзена адукацыйнаму блоку. Акцэнт зроблены на навучанні і аб'яднанні моладзі праз трэнінгі, форсайт-сесіі, майстар-класы, сустрэчы з вядомымі людзьмі, інтэлектуальныя турніры. Да прыкладу, партнёр БРСМ Асацыяцыя “БелБренд” арганізуе работу адукацыйнай пляцоўкі “Маладзёжны брэнд рэгіёна”, якая ўключае не толькі інфармацыйную частку, але і відовішчную дзелавую гульню. У сваю чаргу заснавальнік і першы прэзідэнт Беларускай лігі інтэлектуальных каманд Леанід Клімовіч правядзе блок інтэлектуальных гульняў, які ўключае майстар-клас з адборачным турам і паказальнай гульнёй па правілах тэлеклуба “Што? Дзе? Калі?” і аднайменны турнір з трыма турамі нарастаючай складанасці.

Неабходна адзначыць, што галоўнай адукацыйнай пляцоўкай фестывалю гэтага года стане “Адкрыты дыялог" на тэму "Бітва за моладзь: паміж інфармацыяй і прапагандай” (25 жніўня, 19.00). У ходзе дыскусіі яе ўдзельнікі сумесна з запрошанымі экспертамі абмяркуюць актуальныя пытанні барацьбы за розумы і настроі моладзі ў медыяпрасторы, ролю сучасных інфармацыйных тэхналогій у жыцці маладых людзей і інш.

Кожны год “Алімпія” дорыць удзельнікам яркія ўражанні ад спартыўных, творчых перамог, незабыўных фестывальных момантаў. Безумоўна, і ў гэтым годзе падчас урачыстага адкрыцця яго ўдзельнікаў чакаюць святочная цырымонія запальвання алімпійскага агню, відовішчныя шоу: ад аэрамабільнага атрада авіяцыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях (нагадаем, каманда МНС — пераможца фестывалю ў 2016 годзе) да халодных фантанаў ад крамы піратэхнікі “babahnem.by”.

Рэспубліканскі спартыўны фестываль для працоўнай моладзі “Алімпія - 2017” рэалізуецца пры падтрымцы міністэрстваў адукацыі, спорту і турызму, інфармацыі, Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, Беларускай чыгункі з мэтай прапаганды здаровага ладу жыцця, навучання і аб'яднання маладзёжных лідараў праз адукацыйныя, лідарскія праграмы і дыскусійныя пляцоўкі, павышэнне іх прававой і дзелавой культуры.

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».