Вы тут

Слаўнае слова на літару «Ф»


Слаўнае слова на літару «Ф»

Футбол. Так-так, дарагія чытачы, правільна вы прачыталі. Не фанабэрыя, нават не фемінізм (ну, не сёння), а футбол. Гэтым разам я хачу напісаць менавіта пра яго. Насамрэч ужо некалькі месяцаў планую такі тэкст, і, нарэшце, адважылася рэалізаваць свой план.

Я цікаўлюся футболам. Не, гэта не жарсць майго жыцця, і я не ведаю кожнага футбаліста кожнага клуба, кожнага нумара кожнага гульца. Я мяркую, што гэта, хоць і няблага, неабавязкова для таго, каб любіць футбол па-сапраўднаму. Я разумею правілы (можаце дараваць сабе сэксісцкі жарт пра offside: я ведаю, што гэта такое і калі наступае) і, самае галоўнае, адчуваю эмоцыі гульні. У Іспаніі, дзе я нарадзілася, футбол называюць каралём усіх відаў спорту, ён істотная частка нашай культуры. Падыммце руку, хто думае пра некультурных хуліганаў, калі гаворка ідзе пра футбол, а не пра паэтак. Ну, і дарма!

Першыя ўспаміны пра футбол у мяне звязаныя з маім нябожчыкам дзядулем. Чалавек хварэў за Бэтыс, а гэта, кожны іспанец ведае, значыць, што ён хутка прывык да паразы. Але для яго, як і для мяне, самай галоўнай падзеяй быў Чэмпіянат Свету. Напэўна, калі вы думаеце пра іспанскі футбол, вам прыходзіць у галаву тая легендарная каманда, у якой быў і гэты чэмпіянат, і два еўрапейскія адзін за другім. А нам — не. Ну, мне крышку, але не бацькам з дзядулем. Яны перажывалі за тую Іспанію, якая, нібы праклятая, ніколі не праходзіла далей за чвэрцьфінал.

Ну, а як думаеце, мой дзядуля быў хуліганам? А вось і не! Калі памятаеце папярэднія калонкі, то ведаеце: дзядуля Нікалас працаваў у міжнародным выдавецтве, жыў у Калумбіі пяць гадоў, чытаў (як і бабуля) неверагодна шмат кніг і быў чалавекам вялікай культуры. Нават скажу больш: маляваў ён таксама чароўна, быў чэмпіёнам у шахматах і фехтаванні. «Дзіўна», — нехта мог бы сказаць, — «што такі чалавек губляў свой час на тое, каб глядзець футбол». А футбол, my friend, таксама ёсць культура. Футбол, як і любы від спорту, аб’ядноўвае людзей, дае ім радасць нават у цяжкасцях. Дзядуля ніколі не пераставаў хварэць за любімы Бэтыс, нават у апошнія дні свайго жыцця.

Футбол, як казаў Том Брэдзі, — гэта безумоўная любоў. Гэта камандная праца, калектыўны поспех. Гэта ўсмешка ў паразе, здольнасць паціснуць руку тым, хто сёння гуляў лепш, альбо каму капрызнае Шчасце сёння ўсміхнулася, як бывае. Для некаторых дзяцей (падумайце пра бразільскія фавэлы) футбол — гэта шанец на лепшае жыццё, годнае жытло для бацькоў, якасную ежу, ды й не толькі. Гэта доказ таго, што няважна, адкуль ты і ці нарадзіўся бедным і нязначным: можна дасягнуць і вялікіх грошай, і славы. І зразумейце мяне: грошы і слава — не галоўнае тут, а менавіта магчымасць іх атрымаць. Вера ў тое, што ўсё дасягальнае. Абсалютна ўсё. У іншых асяродках, для дарослых людзей, футбол можа азначаць фізічную актыўнасць і лепшае здароўе (мой дзядзька вельмі доўга гуляў у футбол), сустрэчы з сябрамі, пазітыўныя эмоцыі. У жыцці і так дужа шмат негатыва. Асабліва сярод дарослых, якія ўжо не супраціўляюцца маральнай старасці. Іх, на вялікі жаль, многа нават сярод дваццацігадовых. А маленькая доля радасці ад гульні ніколі не зашкодзіць, праўда? Часам яна можа і выратаваць жыццё.

Я казала, што іспанская футбольная каманда знаходзілася пад дзіўным праклёнам і заўжды вярталася дадому пасля чвэрцьфіналу, няважна, якія былі статыстычныя разлікі перад чаканым усімі Mundial de fútbol. А давайце паразмаўляем пра той раз, калі Іспанія прайшла далей. Я заўжды буду памятаць чэмпіянат у Паўднёвай Афрыцы. Быў 2010 год нашай эры, а ў Іспаніі было горача, як ніколі. І ў простым сэнсе, і ў фігуральным. Пасля перамогі ў Еўропе (я знаходзілася ў ЗША падчас фіналу супраць Нямеччыны) людзі пачалі верыць у тую цудоўную каманду. У самыя цяжкія моманты эканамічнага крызісу, калі шмат людзей згубіла працу, дом і надзею, здалося, што толькі яны, футбалісты, былі ў стане перамагчы і вярнуць хоць крышку магіі дзяцінства ў жыццё простых людзей.

У кожным разе іспанцы (у тым ліку і я) здзіўляліся кожнай сусветнай перамозе. Чэмпіянат  Еўропы, канешне, гэта добра, і файна, і супер, але да Паўднёвай Афрыкі ўсе еўрапейскія краіны падрыхтаваліся лепей, даехалі Аргентына, Бразілія... Бразілія ж! Ну, а іспанскі праклён наўрад ці проста знік. Альбо..?

Магу сказаць з упэўненасцю, што іспанскія перамогі былі важныя не толькі для іспанцаў, а для ўсіх фанатаў якаснага, эмацыйнага футбола. Быў (і ёсць) у мяне адзін беларускі сябар, які тады працаваў у Венесуэле па размеркаванні. Ён там апынуўся, бо цудоўна ведаў іспанскую мову (мы насамрэч пачалі камунікаваць на ёй), англійскую і іншыя замежныя, вось і перакладаў розныя дакументы для фірмы. Гэта неістотна. Істотна тое, што ён знаходзіўся далёка ад сваёй сям’і і сяброў. Памятаю, падчас чэмпіянату ён яшчэ і трошкі хварэў, сумаваў. Але на чвэрцьфінал Іспанія-Парагвай устаў з ложка, патэлефанаваў праз скайп ды глядзеў разам са мной і маёй сям’ёй. Мяркую, і ён не забыў яшчэ легендарнае «штанга-штанга-ГОЛ!» Давіда Вільі на 83-й хвіліне гульні, якім Іспанія канчаткова пазбавілася ад старажытных забабонаў.

Што ж я магу сказаць пра фінал? Пра фінал, падчас якога мы ўсёй сям’ёй смяяліся і плакалі (так, мы вельмі эмацыйная сям’я!). Мы разумелі, што гэта гістарычны момант для краіны, нягледзячы на вынік матча. Весяліліся і пакутавалі ўсе 117 хвілін. Не ведаю, ці памятаеце, але матч быў доўгі (для нас — тым больш!). Я праходзіла і адыходзіла (на кухню нешта паесці, у пакой пайграць на піяніна), глядзела фрагментарна, бо нервы мяне елі. Помню, тата сядзеў нібы спакойна і глядзеў. Перад канцом афіцыйных 90 хвілін ён звярнуўся да мяне з братам (брату было тады толькі 12 гадоў) і сказаў: «Я ведаю, што мы пераможам». Менавіта «мы». Так. Уся краіна білася, як адно вялікае сэрца. Няважна, хто галасаваў апошні раз за сацыял-дэмакратаў, хто за праваліберальных; хто слухаў рок, хто джаз, а хто рэгетон (не гугліце гэта, яно жудаснае); няважна, хто верыў у Бога, хто ў Алаха, а хто проста ў добры футбол. Усе былі разам. Усе думалі: «Мы пераможам». І дзякуючы выдатнай стратэгіі Іньесты так і было — мы перамаглі. Уяўляеце, якое свята было на вуліцы? Натуральна, тата потым прызнаўся, што нічога ён не ведаў, і ніякай упэўненасці ён не меў, але перад дзецьмі выглядаў фантастычна, ці не так? Ён быў для нас той так патрэбнай бацькоўскай фігурай, якая з вопыту пацвярджае, што вера ў найлепшае — станоўчая якасць.

Дзядуля пайшоў з жыцця занадта рана. Ён не пачуў крыкі «ГОЛ!» з суседніх дамоў. Не бачыў той момант, калі гудзелі машыны пасля доўгай, цяжкай гульні. Не бачыў феерверкі на небе над цёплым морам нашага горада. А, можа, і бачыў. Скажу вам па сакрэту: у той дзень я заўважыла, як мой бацька, перакананы атэіст, паглядзеў на неба, туды, дзе, кажуць, свецяць зоркі — душы тых, каго з намі ўжо няма. Паглядзеў уверх і прашаптаў: «Тата, мы перамаглі».

І тады ўсе іспанцы зразумелі, што калі каманда здолела перамагчы, яны таксама здолеюць знайсці новую працу, здаць апошнія іспыты ў верасні, вырасці і стаць лекарамі, астранаўтамі, вучонымі. Зразумелі, што параза — гэта толькі досвед, які дапаможа ў шляху да поспеху. Зразумелі, што мары і надзеі маюць сэнс...

 

Анхела Эспіноса Руіз

 

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.