Вы тут

Аляксандр Лукашэнка пабываў на Прэзідэнцкім полі


Кіраўнік дзяржавы апошнія тыдні шмат увагі ўдзяляе ўборачнай кампаніі. Асабіста выязджае ў рэгіёны і назірае за ходам уборачнай як зверху — з верталёта, так і непасрэдна з палёў... Але ў Прэзідэнта ёсць і ўласнае поле — каля вёскі Александрыя Шклоўскага раёна, дзе прайшло дзяцінства і маладыя гады беларускага лідара. Прынамсі, там гэта поле так і называецца — Прэзідэнцкім. Учора кіраўнік дзяржавы вырашыў сабраць ураджай на родным палетку.


Ураджайнасць — фантастычная

Праца гэта неафіцыйная, Аляксандр Рыгоравіч прыехаў на поле на квадрацыкле. Прыпыніўся каля паласы пшаніцы, паглядзеў, колькі зерня ў каласах. Паглядзець сапраўды ёсць на што. Імпартнае насенне пасеялі, каб даведацца, якую культура дасць ураджайнасць у нашых умовах, ці зможам мы самі вывесці падобны сорт. Каласы ж — паўнюткія зерня, клоняцца да зямлі. Ды і зерне ўжо спелае і сухое, нібы просіцца, каб сабралі. Учора настала і яго пара.

— Я сёння прыехаў на працу, — проста сказаў Аляксандр Лукашэнка, — і апрануты адпаведна.

Ён растлумачыў, як колішняе калгаснае поле атрымала назву Прэзідэнцкага:

— Гэта сапраўды маё поле. Некалі нехта з лёгкай рукі гэта сказаў. Гэта поле, дзе я працаваў. У мяне ў памяці застаўся яркі ўспамін: першы, калі я сам вадзіў каня, абганяючы бульбу. Было дванаццаць гадзін дня, спёка неймаверная, авадні, мухі... Уражанні не вельмі добрыя на тыя часы, але карысныя для цяперашняга часу.

Так і атрымалася пасля, што поле стала полем Прэзідэнта.

— А пасля я падумаў: поле Прэзідэнта — значыць, нейкая асаблівасць павінна быць. Яркая асаблівасць бягучага года — эксперымент. Папрасіў пасеяць імпартныя сарты — амаль 300 гектараў пшаніцы, і на суседнім полі, якое знаходзіцца ўжо ў Віцебскай вобласці, — 100 гектараў гібрыднага жыта нямецкага сорту.

Чаму менавіта імпартнае?

— Мне хацелася б сёння да таго, як я пачну работу на сваім полі, пачуць адказ ад вас: ці маем мы нешта падобнае, і калі не, то калі будзем мець? Мне загадзя далажылі, што па пшаніцы ў нас праблем няма. Селекцыя дазваляе, мы навучыліся сваё насенне ствараць, і яно па ўраджайнасці, па якасці не горшае, чым імпартнае. Жыта, якое дае ўраджай пад 100 цэнтнераў з гектара, — у нас такога няма. Я паглядзеў даныя па ім, па якасці — цудоўнае жыта.

На эксперыментальных палях былі выкананы ўсе тэхналагічныя працэсы. Як вынік — ураджайнасць дасягнула 90—100 цэнтнераў з гектара. Фантастыка? Рэальнасць. Як напомніў кіраўнік краіны, калісьці на гэтых жа палетках ураджайнасць не перавышала 13—17 цэнтнераў з гектара.

Не губляючы тэмп

Учора з раніцы было ўбрана ўжо 80% плошчаў краіны. Прэзідэнт яшчэ раз загадаў: у асноўным да 20-га мы павінны ўбраць хлеб:

— Гэта з маёй практыкі — 85—87%. Але спыняцца ні ў якім разе нельга. Таму штурмам прайсціся да 100%, пакуль не ўбяром увесь хлеб. Я бачу, калі надвор'е захаваецца, — нават 90% мы можам на 20-е сабраць. І гэта добра, — сказаў ён.

Па словах Прэзідэнта, нельга спыняцца, апраўдваючыся, нібыта мы ўсё зрабілі.

Пацікавіўся кіраўнік краіны і якасцю сёлетняга ўраджаю лёну. Прэзідэнту паведамілі, што яна вырасла. Усе заводы па льноперапрацоўцы, якія планавалі мадэрнізаваць, ужо мадэрнізаваныя. Засталося перабудаваць прадпрыемствы ў Хоцімску, Віцебску, Мсціславе. Гэта работа павінна быць скончана да канца наступнага года. Усяго ў краіне будзе працаваць 28 ільноперапрацоўчых заводаў.

— Трэба даводзіць іх да ладу. Па льне мы павінны вызначыцца канчаткова.

Што да рэнтабельнасці гэтай культуры, то з гэтым праблем не ўзнікае. Усё, што вырабляе льнокамбінат, на складзе не залежваецца.

Калі казаць пра рапс, які таксама з'яўляецца папулярнай сельскагаспадарчай культурай у нашым рэгіёне, то кіраўнік дзяржавы папярэдзіў: з рапсам трэба быць асцярожнымі.

— Трэба выразна разумець, дзе яго пасеяць. А так ён то вымакне, то высахне...

Ужо, дарэчы, настаў час клапаціцца і пра наступны год — сеяць, каб і ў 2018-м быў добры ўраджай. Дарэчы, мы ўжо сабралі столькі збожжа, колькі за ўвесь мінулы год. Але сёлета — гэта яшчэ далёка не ўсё.

Хто добра працуе...

Гаворачы пра вядзенне гаспадаркі, пра перадачу земляў, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў такіх выпадках павінны ўлічвацца інтарэсы людзей. Ён падкрэсліў:

— Зямлю асобна мы не аддаём. Бярэш зямлю — бярэш вёскі, фермы. А што ж будуць людзі рабіць?.. Зямлю аддамо тым, хто добра працуе. Гэта першае. Другое, людзі — гэта перш за ўсё. За вёскай трэба сачыць, за яе трэба адказваць.

Па сутнасці, для гаспадаркі гэта праца невялікая — падтрымліваць у парадку населены пункт, дапамагаць пры неабходнасці вяскоўцам.

Яшчэ адзін нюанс, на якім спыніўся кіраўнік краіны, — калі ёсць гаспадаркі, якія гатовы абрабляць зямлю ў розных абласцях, не трэба іх абмяжоўваць.

— Краіна — адна, — заявіў Прэзідэнт. — Сёння ўжо ў Расіі, у Амерыцы можаш выкупіць участак, і гэта будзе тваё. А тут глядзяць, маўляў, гэта Віцебская вобласць, а гэта Магілёўская. Розніцы няма.

Нашы камбайны не горшыя

Айчынная сельскагаспадарчая тэхніка — у прыватнасці зернеўборачныя камбайны — таксама цікавіла Аляксандра Лукашэнку. Кіраўніку краіны прадэманстравалі найноўшы ўзор камбайна «Палессе» — КЗС-1624-1. Гэтая машына — на верхняй прыступцы мадэльнага рада «Палесся». Аляксандр Лукашэнка прапанаваў выпрабаваць тэхніку на практыцы.

— Я хачу праверыць, які гэты камбайн у эксплуатацыі, — растлумачыў Прэзідэнт. — Таму што ў прамыслоўцаў ёсць звычка шчокі надзімаць, што ў нас добрыя камбайны, не горшыя за замежныя аналагі. Праверым, як ён будзе на фоне іншых працаваць, каб людзі бачылі.

Кіраўнік краіны звярнуўся да пастулата: многае залежыць ад чалавека, у дадзеным выпадку — ад механізатара. Айчынная тэхніка ў стане дэманстраваць вынікі не горшыя, чым замежная.

Разам з камбайнерам у кабіну сеў малодшы сын Прэзідэнта Мікалай. Аляксандр Лукашэнка падняўся на пляцоўку каля кабіны.

Пасля выпрабаванняў машыны — дарэчы, менавіта ўчора Мікалай Лукашэнка намалаціў свае першыя пяць тон — надышоў час майстар-класа ад Прэзідэнта. Яго Аляксандр Лукашэнка вырашыў правесці пасля таго, як журналісты арганізавалі своеасаблівы флэшмоб і прыйшлі на поле ў вышымайках. Удзельнікамі незвычайнага ўрока сталі не толькі журналісты, але і прадстаўнікі мясцовай вертыкалі ўлады, і высокія службовыя асобы — у прыватнасці, Міхаіл Русы, намеснік прэм'ер-міністра.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Шклоўскі раён

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Эксперыменты на палях і незвычайны флэшмоб

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.