Вы тут

Чаму беспрацоўныя ідуць вучыцца на лагістаў


Каб быць запатрабаваным на рынку працы, трэба пастаянна павышаць кваліфікацыю. А калі твая спецыяльнасць не карыстаецца попытам — асвоіць новую. З пачатку года 6,3 тысячы беларусаў пабывалі на курсах па накіраванні службы занятасці. На перанавучанне ідуць і беспрацоўныя з вышэйшай адукацыяй. Напрыклад, на прафесію лагіста. «Звязда» паразмаўляла з тымі, хто вырашыў зноў сесці за парту.


Бы­лы па­моч­нік суд­дзі Свят­ла­на Баг­да­на­ва.

Спрабавалася і на ТБ, і ў адміністратары

У лагісты беспрацоўных бясплатна рыхтуе Рэспубліканскі інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі работнікаў Мінпрацы і сацабароны. Сёння ў «студэнтаў» экзамен, таму група ў поўным зборы. Ёсць тут і філосафы, і матэматыкі, і лінгвісты. Некаторыя раней займалі кіруючыя пасады на прадпрыемствах.

Вольга Сцяпанава, напрыклад, была намеснікам дырэктара па маркетынгу знешнеэканамічнай дзейнасці на заводзе. Доўга там працавала. Чаму сышла? Жанчына тлумачыць, што на заводзе была цякучка дырэктараў і прэсінг з боку кіраўніцтва. «Я старалася, знаходзіла выгадныя кантракты... Але на перыяд звальнення, у 2015-м, атрымлівала фактычна тры мільёны (старымі. — Аўт.)!»

У Вольгі дзве вышэйшыя адукацыі — эканамічная і лінгвістычная (апошняя, праўда, няскончаная). 21 год працоўнага стажу за плячыма. Але знайсці работу, якая б задаволіла (Вольга шукала месца намесніка дырэктара па маркетынгу), было няпроста. Мінчанка разаслала сваё рэзюме ў кадравыя агенцтвы. Дзе яно толькі ні вісела, успамінае яна, нават на сайце выканкама.

Потым стала на біржу. Год хадзіла па ўсіх прапановах. Паспела нават на тэлебачанне паспрабавацца.

— На рынку нярэдка такая сітуацыя: або вакансія вісіць для галачкі, бо ўжо ёсць свой чалавек на гэта месца, або тваю працу хочуць выкарыстоўваць за дзве капейкі, — дзеліцца назіраннямі Вольга Сцяпанава. — Я і ў адміністратары ўжо гатова была пайсці. А мне сказалі: «Вы не падыходзіце па гендарнай і ўзроставай прыкметах». Уяўляеце?

— Складана было рашыцца пайсці на курсы?

— Не. А якія ў мяне варыянты? Дапамогу па беспрацоўі я не атрымлівала. Фактычна сядзела на шыі ў мужа. А ў мяне яшчэ дзіця 14-гадовае.

За адной з парт — былы памочнік суддзі. Святлана Багданава, мама дваіх дзяцей, раней працавала ў судзе Цэнтральнага раёна. Расказвае, што ёй падабалася разбіраць грамадзянскія справы.

Да таго як прыйсці на курсы, Святлана разглядала шмат вакансій.

— Хацела ўладкавацца юрыстам у выканкам. А я з дэкрэтнага раней выйшла, яшчэ трох гадоў дзіцяці не было. На папярэднім месцы пытанняў праз гэта не ўзнікала, а тут сказалі, што з маленькім дзіцем не возьмуць, — успамінае жанчына. — Была яшчэ вакансія з заробкам у 360 рублёў. Пасля гутаркі абяцалі ўжо 460, толькі каб прыйшла да іх. Але я не пагадзілася на такі заробак. У мяне 17 гадоў стажу, я юрыдычна добра падкаваная.

У паслужным спісе Святланы Багданавай і спецыяльнасць тэхнолага лёгкай прамысловасці, і праца ў Аб'яднаным інстытуце энергетычных і ядзерных даследаванняў «Сосны». Здавалася б, навошта новая прафесія?

— Я сюды ішла мэтанакіравана. Паглядзела, на каго можна бясплатна вучыцца, і выбрала курсы лагістаў, бо эканамічная адукацыя ў мяне ёсць: я бухгалтарскія курсы заканчвала. І непадалёк ад майго дома лагістычныя цэнтры знаходзяцца. Заробкі ў гэтай сферы большыя. Менш чым за 800 рублёў працаваць не пайду. Разглядаю варыянты з аплатай ад тысячы і вышэй.

Пе­ра­вуч­вац­ца пры­хо­дзяць лю­дзі роз­ных уз­рос­таў.

Работу шукала паўтара года

— Ніколі не думала, што, адвучыўшыся, зноў сяду за парту, — прызнаецца Святлана Шульговіч, псіхолаг па адукацыі.

Дзяўчына працавала ў даведачным цэнтры спецыялістам па тэхнічнай падтрымцы, а паралельна завочна атрымлівала дыплом. «У мяне спецыяльнасць — псіхалогія прадпрымальніцкай дзейнасці. Гэта работа з кадрамі, — тлумачыць Святлана. — Пасля выпуску я вакансіі сабе добрыя нагледзела. Але там бралі людзей або па знаёмстве, або з пяццю гадамі стажу. А ісці кудысьці на мізэрныя заробкі пасля добрага даходу не хацелася».

Святлана шукала работу менавіта па спецыяльнасці. За паўтара года псіхолагу так нічога і не прапанавалі.

— А тут дысцыпліны цікавыя, я іх раней не вывучала, — задаволена курсамі дзяўчына. — Ніякія вакансіі не гляджу пакуль. Атрымаю адукацыю — тады і буду шукаць што-небудзь у гэтай сферы.

— Так, вучыцца вельмі цікава. А вось колькі з нас зможа потым уладкавацца лагістамі — гэта пытанне, — разважае ўголас Валерый Гардзяеня. Ён самы ўзроставы «студэнт» у гэтай групе — мужчыну 55 гадоў. «А ўсюды патрабуюцца 25-гадовыя, са сваёй машынай. Унікумы нейкія!» — уздыхае ён, гартаючы канспект.

Валерый мае адукацыю матэматыка. Але кім толькі ні быў: і майстрам на аўтамабільным заводзе, і інжынерам, і прадпрымальнікам.

— Шмат гадоў захапляўся шахматамі, — працягвае мужчына. — Я кандыдат у майстры спорту, думаў, можа, трэнерам стаць. Жыву ў Чыжоўцы, хацеў там які-небудзь гурток адкрыць. Потым мне знайшлі вакансію. Але там сказалі, што, каб узяць мяне трэнерам, у мяне павінна быць другая вышэйшая адукацыя, фізкультурная ці педагагічная, здаецца.

Прызнаецца: пайсці вучыцца падштурхнуў Дэкрэт №3.

— Альтэрнатыва была запісацца на курсы праграмістаў, але я ўжо не пацягнуў бы. Вы ведаеце, дарэчы, што калі мы кінем курсы без уважлівай прычыны, то мусім вярнуць іх кошт? Тысячу рублёў.

— Куды хочаце ўладкавацца, як адвучыцеся?

(Валерый замяўся.) Мне сказалі, што работу кладаўшчыка лягчэй будзе знайсці... Зноў зарэгіструюся на біржы, а там паглядзім.

Ва­ле­рый Гар­дзя­е­ня: «Ву­чыц­ца ці­ка­ва. А вось коль­кі з нас змо­жа по­тым улад­ка­вац­ца ла­гіс­та­мі?»

У попыце — спецыялісты шырокага профілю

Перанавучаць беспрацоўных у лагісты ў інстытуце пачалі з лістапада мінулага года. Курсы доўжацца дзевяць месяцаў. Групы набіраюць невялікія — да 20 чалавек. Прымаюць тых беспрацоўных, у якіх ёсць вышэйшая адукацыя (неабавязкова профільная).

Чым займаецца лагіст? Ён размяркоўвае і кантралюе матэрыяльныя і інфармацыйныя патокі. Напрыклад, забяспечвае гандлёвую сетку таварамі, а вытворчае прадпрыемства — рэсурсамі. Самая запатрабаваная — гэта транспартная лагістыка. Для многіх прадпрыемстваў выгадна не самім утрымліваць парк машын, а звяртацца ў лагістычныя структуры, якія дапамогуць ім даставіць матэрыялы найбольш танным і хуткім спосабам.

— Спецыяльнасць карыстаецца попытам. Але сёння ад лагістаў патрабуюць і эканамічныя веды. Таму мы выдаём дыплом з кваліфікацыяй «эканаміст, спецыяліст па лагістыцы», — каментуе загадчык кафедры эканомікі і кіравання Рэспубліканскага інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі работнікаў Наталля КАРНЯЛЮК. — Наймальнік шукае спецыялістаў шырокага профілю. Работнік павінен разумець, як фарміруецца цана, падаткі. Калі гэта дзяржпрадпрыемства — ведаць працэдуру дзяржаўных закупак, якая рэгулюецца вялікай колькасцю нарматыўна-прававых актаў. Спецыяльнасць насычана рознымі прадметамі. Слухачам цяжка, бо многія з іх даўно вучыліся. Але для іх гэта магчымасць уладкавацца на больш высокааплатную работу.


Якія работнікі запатрабаваны ў сталіцы?

Сярод рабочых прафесій найбольш неабходныя прадаўцы — на пачатак жніўня ў Мінску налічвалася 345 вакансій. Не хапае муляраў (313 месцаў), маляроў (299) і кухараў (284). У дзясятцы самых запатрабаваных таксама цясляр-бетоншчык, мантажнік будаўнічых канструкцый, прыбіральшчык памяшканняў, тынкоўшчык, кіроўца аўтамабіля.

Што да спецыялістаў, то сталіцы катастрафічна не хапае медыцынскіх сясцёр — пустуе 826 месцаў. Высокая патрэба ў інжынерах (539 вакансій) і ўрачах (463). Попытам карыстаюцца праграмісты, фельчары, выхавальнікі, настаўнікі і дырэктары.


Даведка

Рэспубліканскі інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі работнікаў Мінпрацы і сацабароны налічвае больш за 100 відаў навучальных праграм. Ён спецыялізуецца як на павышэнні кваліфікацыі, так і на адукацыі асоб, якія аказаліся ў складанай жыццёвай сітуацыі: беспрацоўных, людзей з інваліднасцю.

— Мы распрацоўваем арыгінальныя вучэбныя праграмы і планы, выдаём метадычныя і вучэбныя дапаможнікі. Генерыруем новыя напрамкі ў адукацыі. Так, мы першыя пачалі рыхтаваць беспрацоўных па такіх прафесіях, як адміністратар, кладаўшчык, бухгалтар, тэсціроўшчык праграмнага забеспячэння і іншыя, — адзначае рэктар інстытута Алег ЛІСЕЙЧЫКАЎ. — З гэтай катэгорыяй няпроста. Чалавек, якога звольнілі з работы, пакрыўджаны на ўсіх. Таму нашым выкладчыкам прыходзіцца выступаць і ў ролі педагога, і ў ролі псіхолага. Трэба пераканаць слухача, каб ён паверыў у сябе, — многія ж прыходзяць апусціўшы рукі.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «А якія яшчэ варыянты?»

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.