Фестываляў не бывае шмат, асабліва, калі праводзяць іх не ў сталіцы, а ў маленькіх гарадах. Напрыклад, паехаць «У госці да Лепельскага Цмока» — вартая нагода, каб не толькі паслухаць музыку, але і даведацца аб беларускай міфалогіі.
Арганізатары праекта адзначылі, што мэта фестывалю — не толькі забаўляць і адукоўваць, але і разбурыць міф, што сімваламі Беларусі могуць быць толькі зубры ды буслы. Таму што цмок — самая беларуская з усіх міфічных істот — прысутнічае ў народнай творчасці ўжо шмат стагоддзяў. Да таго ж лепельскі цмок добры, а не злы, як звычайна думаюць. Чаму ж помнік яму ўсталявалі менавіта ў Лепелі? Лепельскі цмок вядомы з легендаў і міфаў, ён самы папулярны сярод беларускіх цмокаў. Яшчэ больш у гэта сталі верыць пасля выхаду рамана Уладзіміра Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», дзе пісьменнік дэталёва апісаў цмока. Гэтым апісаннем скарыстаўся скульптар Леў Аганаў і стварыў помнік цмоку з Лепеля. Яго ўсталявалі 9 лістапада 2013 года, а ў райвыканкаме вырашылі штогод праводзіць фестываль беларускай міфалогіі ў атмасфернай мясціне каля возера ў лепельскім гарадскім парку.
Уваход на лепельскі фестываль будзе вольным, трапіць на яго лёгка нават з Мінска, адкуль арганізаваны бас-тур. Чаму варта завітаць «У госці да Лепельскага Цмока» 20 жніўня? Па-першае, каб убачыць шмат маладых і таленавітых беларусаў, асабліва маладзёжны этна-праект «Патрыцыя-Гарэза», паслухаць фальклорныя гурты «Малала» і полацкі «Варган», патанцаваць у танцавальнай лагчыне, дзе будуць арганізаваны майстар-класы па музыцы, спевах, танцах. Беларускую сучасную музыку можна паслухаць у выкананні гуртоў «Лепшы квас», «Тутэйшыя», дуэта «Агата» (гэта новая музыка са спалучэнняў беларускага фальклору, еўрапейскага этнаджаза і лацінаамерыканскага танга), Нarmonic Style Project. Словы беларускіх паэтаў прагучаць у спевах Зміцера Вайцюшкевіча. Запрасілі арганізатары фольк-рок гурт «Рокаш» і легендарны «Палац» з Алегам Хаменкам, гасцей з Украіны TaRuta і «Спеўны ход» з Сержуком Доўгушавым.
Падчас фестывалю будуць дзейнічаць інтэрактыўныя зоны: на дзіцячым пагорку вас чакаюць казкі, гульні, спектаклі ад казачніцы Ларысы Рыжковай і гурта «Калыханка», на кулінарным востраве прэзентуюць кнігу «Кулінарная спадчына Лепельшчыны», у даліне майстроў можна набыць сувеніры і цікавыя рэчы ад рамеснікаў, а пасля паглядзець (ці нават паўдзельнічаць) у шоу паветраных змеяў.
Маргарыта ДЗЯХЦЯР
А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.
Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.
«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».