Вы тут

Ці здолее чалавецтва пераадолець масавы голад?


Савет Бяспекі ААН заявіў, што з-за сутыкненняў у Емене, Самалі, поўначы Нігерыі і ў Паўднёвым Судане 20 мільёнаў людзей сутыкнуліся з голадам. У заяве, прынятай пры падтрымцы 15 дзяржаў, выказваецца занепакоенасць у сувязі з тым, што канфлікты ў гэтых чатырох краінах маюць негатыўныя гуманітарныя наступствы для грамадзянскага насельніцтва. На думку намесніка генеральнага сакратара ААН па гуманітарных пытаннях Стывена О'Браена, чалавецтва на парозе гуманітарнага крызісу — свет сутыкнуўся з «найгоршым голадам з 1945 года», які пагражае ў тым ліку каля 2 млн дзяцей. Сёлета «вобласці голаду» ўяўляюць сабой добра прыкметны пояс на карце свету. Адметна, што найбольш жахлівая сітуацыя склалася нават не на тэрыторыі Афрыканскага кантынента, а на поўдні найбагацейшага Аравійскага паўвострава. Чым пагражае масавы голад?


Чорны прывід

Голад — насамрэч вечны спадарожнік чалавецва. Гэтая з'ява неаднойчы згадваецца ў летапісах і нават евангельскіх прароцтвах. Да ХІХ стагоддзя масавы голад часта ўзнікаў у многіх краінах, быў звязаны з неўраджаем і войнамі. У Сярэднявеччы на кожныя 8—10 гадоў выпадаў адзін галодны год з высокай смяротнасцю. Асабліва цяжкія былі 1030—1032 гады ў Францыі, 1280—1282 гады — у Багеміі. Па словах сучаснікаў, падчас голаду 1125-га насельніцтва Германіі зменшылася напалову. Спадарожнікамі гэтай з'явы былі хваробы, мор, рабаванні, забойствы і самагубствы. Справа даходзіла нават да адкрытага пажырання дзяцей бацькамі (як у 1505 годзе ў Венгрыі). Звычайнай і нават узаконенай мераю было выгнанне бедных за гарадскую мяжу, дзе яны былі асуджаны на галодную смерць. У Францыі гэта практыкавалася яшчэ ў ХVІІ стагоддзі. У 1772 годзе ў Саксоніі 150 тысяч чалавек памерлі ад недахвату хлеба. Масавы голад у Заходняй Еўропе сышоў у мінулае з сярэдзіны ХІХ стагоддзя дзякуючы развіццю сусветнага гандлю і шляхоў зносін, што дазволіла хутка забяспечыць пастаўкі харчавання ў неўраджайныя рэгіёны. Склаўся сусветны рынак харчавання. Цэны на хлеб перасталі наўпрост залежаць ад ўраджаю ў краіне.

Але жудасная з'ява не знікла зусім, яна ўзнікае час ад часу ў розных рэгіёнах свету, быццам чорны прывід. Так, за савецкім часам згадваюцца тры вялікія хвалі масавага голаду.

У 1921—1922 гадах ён ахапіў 35 губерняў (Паволжа, Паўднёвую Украіну, Крым, Башкірыю, часткова Казахстан, Прыўралле і Заходнюю Сібір) з агульным насельніцтвам у 90 мільёнаў чалавек, з якіх галадала не менш за 40 мільёнаў (па афіцыйных савецкіх даных — 28 мільёнаў). Колькасць ахвяр голаду склала каля 5 мільёнаў чалавек. Голад 1932—1933 гадоў лютаваў на тэрыторыі Украіны, Беларусі, Паўночнага Каўказа, Паволжа, Паўднёвага Урала, Заходняй Сібіры, Казахстана, што пацягнула значныя чалавечыя ахвяры (па розных ацэнках ад 2 да 8 мільёнаў чалавек). У 1946—1947 гадах адзначаны трэці масавы голад савецкага перыяду. У выніку загінула, па розных ацэнках, ад 200 тысяч да 1,5 мільёна чалавек.

Шэраг афрыканскіх краін перажывалі масавы голад у 1968—1973 гадах. Так, у выніку недахвату харчавання, выкліканага засухай, у Нігеры памерла 100 тысяч чалавек. У аглядзе стыхійных бедстваў Нацыянальнага геаграфічнага таварыства ў 1978 годзе доктар Дрэйсбек пісаў з Нігера: «Я бачыў тысячы трупаў свойскіх жывёл... Качэўнікі, якія калісьці імі валодалі, знаходзіліся ў лагерах выратавання і атрымлівалі ежу, дасланую з усяго свету. Мы бачылі людзей, якія пакутавалі ад недаядання і хвароб. Пры такім саслабелым здароўі многія паміралі ад пнеўманіі, адру і коклюшу. Падобных наступстваў голаду я амаль не сустракаў. Нігер размешчаны ў зоне Сахеля Афрыкі, з'яўляецца самым засушлівым месцам у свеце. Калі не выпадаюць дажджы, тут па-ранейшаму паміраюць людзі, перасыхаюць рэкі, гіне ўраджай». Ад маштабнага масавага голаду ва Усходняй Афрыцы ў 2011 годзе памерлі ад 50 да 100 тысяч чалавек, на поўдзень ад Сахары і цяпер недаядае кожны чацвёрты. У другой палове 1990-х гадоў Паўночная Карэя з-за маштабных паводак перажыла масавы голад сярод насельніцтва, які каштаваў сотні тысяч жыццяў. Пастаўкі ежы тут у пэўнай меры стабілізаваліся толькі ў пачатку 2000-х гадоў.

У глабальным кантэксце, нягледзячы на значныя дасягненні ў скарачэнні хранічнага голаду ў 1980-я і ў першай палове 1990-х, прагрэс па зніжэнні колькасці галадаючых запаволіўся ў перыяд з 2000 па 2010 год. Як правіла, такая небяспека існуе ў самых бедных краінах і рэгіёнах свету, якія сталі арэнай унутраных і знешніх канфліктаў. Аднак колькасць такіх рэгіёнаў у апошнія гады, на жаль, павялічваецца, прычым насельніцтва там расце, што яшчэ больш пагаршае сітуацыю. Гэтыя тэрыторыі і ў ХХІ стагоддзі жывуць, падпарадкоўваючыся прыродным цыклам — засуха для многіх азначае галодную смерць.

Каталізатар рэвалюцый

Аналітыкі дасканала вывучылі глабальную з'яву і вынеслі свой вердыкт. Стывен Дзевер, аўтар шматлікіх даследаванняў аб прычынах яе ўзнікнення, у 2000 годзе апублікаваў кнігу «Голад у ХХ стагоддзі», у якой асаблівая ўвага ўдзяляецца сітуацыі ў Афрыцы. На яго думку, у гэтым рэгіёне свету галоўнай прычынай голаду з'яўляюцца ўзброеныя канфлікты, якія знішчаюць сельскую гаспадарку і прыводзяць да хаосу ў сістэмах дастаўкі харчавання. Дзевер рэзюмуе, што «голад узнікае толькі таму, што яго ніхто не паспрабаваў прадухіліць». Брытанскі афрыканіст Алекс дэ Ваал, аўтар шматлікіх кніг пра голад у Афрыцы, у апошняй з іх «Голад, які забівае: Дарфур, Судан» сцвярджае, што «любы ўрад, калі таго жадае, можа прыняць эфектыўныя меры, здольныя спыніць голад». Ён адзначае, што Афрыка валодае значным патэнцыялам у галіне сельскай гаспадаркі і, такім чынам, няма падстаў, каб кантынент адчуваў дэфіцыт з харчаваннем.

Майк Дэвіс у кнізе «Халакост Віктарыянскай эпохі» апісвае трагічную сітуацыю, якая склалася ў многіх рэгіёнах свету напрыканцы ХІХ стагоддзя. Тады голад узнік у многіх рэгіёнах Індыі, Кітая, Бразіліі і Афрыкі, смяротнасць была неверагодна высокай — дарогі былі літаральна пакрытыя целамі памерлых. Голад выклікаў масавыя хвалі міграцыі насельніцтва, прывёў да рабаванняў, забойстваў і гвалту, узнікнення эпідэмій.

Дэвіс падкрэслівае, што ў шматлікіх выпадках улады неадэкватна і вельмі цынічна рэагавалі на гэтую катастрофу. Напрыклад, у тыя гады аб'ёмы вывазу пшаніцы з Індыі ў Еўропу пабілі ўсе рэкорды, хоць мільёны індусаў паміралі ад недахвату харчавання. Улады і гандляры збожжам тлумачылі свае дзеянні законамі свабоднага гандлю, паколькі еўрапейцы маглі заплаціць за хлеб больш, чым індыйцы. Дэвіс лічыць, што падобныя дзеянні ўладаў могуць лічыцца актам генацыду.

Аўтары акадэмічнага зборніка «Дэмаграфія голаду» адзначаюць, што ў часы масавага голаду звычайна гіне больш мужчын, чым жанчын, а прычына большасці смерцяў не ўласна голад, а непазбежна спадарожныя яму хваробы. Існуюць і іншыя наступствы. Так, напрыклад, рэзка павялічваецца колькасць самагубстваў, скарачаецца ўзровень нараджальнасці (пасля заканчэння голаду звычайна назіраецца кароткатэрміновы ўсплёск нараджальнасці, які зноў ператвараецца ў спад) і памяншаецца колькасць шлюбаў. Масавы голад прыводзіць да сур'ёзнай змены дэмаграфічнай структуры насельніцтва: у прыватнасці, рэзка памяншаецца доля дзяцей і старых і павялічваецца доля жанчын.

«Голад — вось што робіць людзей рэвалюцыянерамі. Свой ці чужы. Але калі яго адчуваюць, як свой», — сказаў некалі легендарны лацінаамерыканскі рэвалюцыянер Эрнеста Чэ Гевара. Як адзначае харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН (FАО), цяпер ёсць «дастатковыя рэсурсы для задавальнення харчовых патрэб свету», аднак «працягваюць існаваць цяжкасці эканамічнага, сацыяльнага і палітычнага характару, якія перашкаджаюць задавальненню гэтых патрэб». Па сцвярджэнні FАО, кожны сёмы чалавек у свеце пакутуе ад хранічнага голаду і недаядання.

Штодня ад голаду ў свеце паміраюць каля 25 тысяч чалавек. Сярод тэрыторый з максімальнай смяротнасцю ад голаду — краіны з высокай шчыльнасцю насельніцтва, недахватам прыродных рэсурсаў (перш за ўсё вады), рэлігійнымі забаронамі на рэгуляванне нараджальнасці. У найгоршым стане жыхары краін, дзе ўсе гэтыя фактары прадстаўлены адначасова (напрыклад, Эфіопія). Прадастаўленне харчовай дапамогі — толькі адтэрміноўка: ні вады, ні ўрадлівай зямлі для тых, якія зноў нарадзіліся, няма, і сітуацыя з кожным годам пагаршаецца.

На чым трымаецца харчовая бяспека?

Брытанскі аналітычны цэнтр Сhаthаm Hоusе выявіў 14 геаграфічных кропак і аб'ектаў інфраструктуры, на якіх трымаецца сусветная харчовая бяспека, піша выданне Еl Раіs. Сярод іх — Панамскі і Суэцкі каналы, Басфор і Дарданелы, Гібралтарскі праліў, парты на берагах Чорнага мора і чыгункі прычарнаморскага рэгіёна. Даследчыкі перасцерагаюць: ні ўрады, ні міжнародныя арганізацыі не надаюць належнай увагі праблемам, якімі багатыя крызісы ў адпаведных кропках. Напрыклад, калі перакрыць пралівы Басфор і Дарданелы, гэта можа справакаваць дэфіцыт харчавання ў Паўночнай Афрыцы. Тлумачыцца ўсё проста — праз гэтыя пралівы перапраўляецца пятая частка сусветнага экспарту пшаніцы — партыі, якія адгружаюцца з Расіі, Украіны і іншых краін Прычарнамор'я і накіроўваюцца ў Паўночную Афрыку, а таксама на Блізкі Усход. Альтэрнатыўных маршрутаў або спосабаў даставіць пшаніцу ў рэгіёны-атрымальнікі практычна няма.

Па інфармацыі Еl Раіs, 60% калорый, спажываемых чалавецтвам, прыпадаюць на кукурузу, пшаніцу і рыс. Гэтымі прадуктамі сілкуюцца 2,8 млрд чалавек.

«Таму праблемы, якія могуць ударыць па асноўных вузлах імпарту і экспарту гэтых прадуктаў, ствараюць сур'ёзную рызыку для харчовай бяспекі многіх краін», — піша выданне. «Гэта не такія прыкметныя рызыкі, пра іх думаюць недастаткова, каб падрыхтавацца», — прызнае галоўны эканаміст FАО Абдольрэза Абасіан. У дакладзе Сhаthаm Hоusе гаворыцца аб кліматычных зменах, якія могуць выклікаць неўраджай на глебе засухі ці паводак, а таксама справакаваць збоі ў пастаўках. Дапусцім, ураган перашкодзіць экспарту пшаніцы з ЗША, а паводкі ў Бразіліі перашкодзяць дастаўцы соі ў парты. «Ёсць таксама рызыка, што гэтыя «бутэлечныя рыльцы» будуць перакрытыя з прычыны канфліктаў, войнаў ці сутыкненняў», — піша Еl Раіs.

У дакладзе прапанаваны канкрэтныя меры: зрабіць запасы харчавання на выпадак надзвычайных сітуацый, заключыць палітычныя пагадненні, інвеставаць у мадэрнізацыю інфраструктуры. «Не варта ўпадаць у панікёрства», — мяркуе Абасіан, падкрэсліваючы, што ў дакладзе ідзе гаворка аб патэнцыйных рызыках і праблемах. І ўсё ж выданне адзначае: «Рост насельніцтва і змены рацыёну азначаюць, што ўсё больш краін упадае ў залежнасць ад імпарту харчавання».

Паводле ацэнак Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, да канца стагоддзя на планеце будуць пражываць 11,2 млрд чалавек. Зараз гэты паказчык складае 7,5 млрд. Генеральны дырэктар Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН Жазэ Грацыяні да Сілва папярэджвае, што чалавецтва ўжо перавысіла межы магчымасцяў нашай планеты, таму неабходна тэрмінова змяніць сваё стаўленне да навакольнага асяроддзя. Рост насельніцтва адбываецца ў самы нязручны час. Каб перамагчы глабальнае пацяпленне, чалавецтву трэба аддаваць усё больш пасяўных плошчаў для вырошчвання сыравіны для біяпаліва. Пры гэтым высякаць лясы пад новыя сельгаспалеткі таксама нельга: планета і так задыхаецца ад парніковых газаў, іх выкіды летась пабілі ўсе рэкорды.

Таму навукоўцаў сур'ёзна хвалюе пытанне: чым насельніцтва Зямлі будзе харчавацца ў наступныя дзесяцігоддзі? На першы погляд адказ відавочны — каб пракарміць жыхароў, аграрыям трэба проста павялічваць прадукцыйнасць. Тым больш ураджайнасць і так пастаянна павышаецца дзякуючы з'яўленню новых сінтэтычных угнаенняў. Але не ўсё так проста.

Каб у свеце не было недахвату ежы, вытворчасць збожжавых павінна падвоіцца. 40 гадоў для гэтага будзе недастаткова, палічылі даследчыкі з універсітэта Мінесоты. Ураджайнасць расце занадта павольна. Нават там, дзе на службу сельгасвытворцам пастаўлены ўсе дасягненні навукі, павысіць прадукцыйнасць больш за пэўны ўзровень не атрымаецца. Вытворцы ўпіраюцца ў «біялагічную сцяну» — немагчымасць вырошчваць на адным участку больш вызначанай колькасці прадукцыі. Ці азначае гэта, што ў будучыні свет безальтэрнатыўна сутыкнецца з маштабным голадам? Зусім не. Каб ежы хапала ўсім жыхарам Зямлі, лічаць эксперты, чалавецтву трэба вырашыць некалькі глабальных праблем. Па-першае, адмовіцца ад вытворчасці біяпаліва. Павысіць ураджайнасць, дзе гэта магчыма, удасканальваць угнаенні. Паменшыць колькасць мяса ў рацыёне людзей, а таксама скараціць колькасць харчовых адходаў ва ўсім свеце. Комплекс задач, як бачым, унушальны, справіцца з ім будзе няпроста, аднак і вынік таго варты.

Захар БУРАК

burаk@zvіаzdа.bу

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: У пошуках ежы

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.