Вы тут

Як пад носам у ворага лячылі савецкіх вайскоўцаў


На фасадзе аднаго з карпусоў Лагойскай раённай бальніцы можна ўбачыць мемарыяльную дошку. Змешчаны на ёй надпіс сведчыць пра мужнасць і вернасць прафесійнаму абавязку ўрачоў і медыцынскіх работнікаў, якія ў варожым тыле, у экстрэмальных умовах, лячылі параненых чырвонаармейцаў.


— Бальніца стала па сутнасці падпольным шпіталем, — расказвае дачка адной з медсясцёр Тамара Сакалова. — Фактычна яе ўзначальвала хірург Марыя Анісімава, якой незадоўга да таго першай у БССР было прысвоена званне заслужанага ўрача рэспублікі. У Марыі Навумаўны была магчымасць эвакуіравацца, але яна засталася: не змагла пакінуць параненых. Па яе просьбе ў бальніцу прыйшлі іншыя медработнікі, у тым ліку мая маці, Марыя Тарайкоўская.

Пасля бою за Лагойск, калі немцы ўжо захапілі пасёлак, у бальніцы было больш за сотню параненых савецкіх воінаў. Да таго як нямецкія салдаты ўварваліся ў бальніцу, урачы і медперсанал паспелі знішчыць вайсковую форму каманднага саставу і прынесці для параненых цывільную вопратку, перапісаць некаторыя гісторыі хваробы. Такім чынам, сярод параненых чырвонаармейцаў стала нямала цывільных асоб. Многія знаходзіліся там па годзе: у выпадку выпіскі іх чакаў угон у Нямеччыну або канцлагер. Таму ачунялых перапраўлялі да партызанаў.

Рызыкі пабольшала, калі некаторыя з медыкаў пачалі супрацоўнічаць з лагойскімі падпольшчыкамі. Ужо з канца 1941 года займела сувязь з народнымі мсціўцамі Ганна Захарэвіч: цяпер ёй даводзілася здабываць медыкаменты не толькі для сваіх бальнічных пацыентаў, але і для лясных салдат.

Такой жа смелай і самаахвярнай была і згаданая хірургічная медсястра Марыя Тарайкоўская, муж і брат якой ваявалі на фронце. Пасля напружанага дзяжурства жанчына спяшалася дадому ў недалёкія Церхавічы, дзе яе чакала малая дачушка. І несла, бывала, лекі для партызанаў, а то і вяла з сабою каго-небудзь з ачунялых, каб потым пераправіць у лес.

Дапамагалі партызанам і Настасся Мытнік, сёстры Ядвіга і Ганна Міклашэўскія, Надзея Мох і іншыя. Вопытным канспіратарам праявіў сябе ваенурач Паўлаў, які стаў галоўным урачом, калі ў Марыі Навумаўны нарадзілася другое дзіця. Перад тым яна падрыхтавала сабе памочніцу — навучыла аперыраваць Яўгенію Бусоль, зусім яшчэ маладую доктарку.

Не абышлося, на жаль, без правалаў і ахвяр. Выдадзены правакатарам, трапіў у рукі гестапаўцаў Аляксей Капылоў, савецкі лётчык, якога, цяжка параненага, вылечылі, паставілі на ногі лагойскія медыкі. Тады разам з ім арыштавалі вялікую групу бальнічных работнікаў. Капылоў мужна перанёс катаванні на допытах, нікога не выдаў, усю віну ўзяў на сябе. Разам з ім загінулі яшчэ чацвёра медработнікаў, аб падпольных сувязях якіх ведаў правакатар: Мытнік, Вершаль, Бабкоўская, Мацкевіч.

Праз некалькі дзён арыштавалі сясцёр Міклашэўскіх. На допыце яны трымаліся мужна, так і не назваўшы тых, хто быў звязаны з партызанамі. Іх расстралялі. Цудам засталася жывой Ганна Захарэвіч. У той дзень акурат яе выклікалі ў вёску Дабрэнева на дапамогу хворай жанчыне. Папярэджаная знаёмым паліцаем, Ганна паспела ўцячы перад тым, як карнікі расправіліся з яе бацькам і сястрой.

Лёс аказаўся літасцівы і да медсястры Алены Капанец. Яе схапілі, калі тая ішла на тайную сходку падпольшчыкаў, змясцілі разам з многімі арыштаванымі ў мураваным доміку пры ўваходзе ў парк. Назаўтра карнікі пачалі выводзіць групамі на расстрэл. У апошні момант, як параіў адзін з арыштаваных, схавалася ў закутак за печкай, так і ўцалела. Болей у бальніцу не прыходзіла, падалася ў партызанскі атрад.

...Калі ў 1970 годзе ў газеце «Комсомольская правда» быў змешчаны дакументальны нарыс Аляксандры Захаранкі з успамінамі былых работнікаў гэтага падпольнага шпіталя, у рэдакцыю пачалі прыходзіць дзясяткі ўдзячных лістоў ад уратаваных савецкіх салдат. Вось адно з тых пасланняў: «Добры дзень, Марыя Навумаўна! Заўсёды помню, што сваім выратаваннем абавязаны вам і ўсім медработнікам Лагойскай бальніцы. Разумею, наколькі няпроста было раздабыць для мяне спачатку даведку як бежанцу з Віцебска, а потым і пашпарт. Пры вашым садзейнічанні мяне прынялі вартаўніком у бальніцу, бо быў патрэбны дакумент, што я працую і адначасова працягваю лячэнне. Інакш мне пагражала адпраўка ў лагер ваеннапалонных». (З ліста штурмана Дзмітрыя Красільнікава, збітага пад Лагойскам 29 чэрвеня 1941 года).

Віктар НЕСЦЯРОВІЧ, Лагойск

Загаловак у газеце: Подзвіг лагойскіх медыкаў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.