Вы тут

“Лялька” ў руках чалавека


Пачуццё прыгожага ад Віктара Клімчука


Віктар Клімчук.

На беразе ракі Віцьбы ўзвышаецца будынак Беларускага тэатра «Лялька», аднаго з лепшых лялечных тэатраў нашай краіны. Ля ўвахода маленькага і дарослага гледача сустракаюць прыгожыя кампазіцыі з лялек да спектакляў з рэпертуару, безліч дыпломаў на шляху да гардэроба распавядаюць гісторыю творчасці калектыву. Асаблівую цікавасць уяўляе вышываная карта свету, на якой адзначаны месцы, дзе тэатр паказваў свае пастаноўкі. У цэнтры — яркае сэрца — Беларусь, вакол — Масква, Даўгаўпілс, Гданьск, Кішынёў, Анкара, Тэгеран, Парыж, Франкфурт, Заграб, Каір... Пра жыццё, падарожжы і дасягненні Беларускага тэатра «Лялька» распавёў мастацкі кіраўнік і заснавальнік тэатра заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віктар Клімчук.

— Рэпертуар «Лялькі» складаецца з дзіцячых і дарослых, звычайных і інтэрактыўных спектакляў. Як размяркоўваецца паміж імі цікавасць гледача?

— Вядома, людзі любяць вясёлыя спектаклі. Але я кажу: «Каб было вельмі весела, трэба ісці на стадыён». Тэатр «Лялька» заняў у Віцебску асобную нішу, займеў сваю аўдыторыю, таму мы спрабуем не проста ўсім дагадзіць, але і арыентавацца на разнастайнасць густаў. Ставім і вясёлыя, і філасофскія спектаклі. Падабаецца смяяцца — ідзіце на камедыі кшталту «Дэкамерона». Хочаце паразважаць — ёсць Чэхаў і Гогаль. Цягне да казак і прыпавесцей — наведайце цудоўную пастаноўку паводле аповесці Уладзіміра Караткевіча «Ладдзя роспачы». Кажуць, тэатр павінен выхоўваць гледача. Мы і выхоўваем. Праз такія спектаклі, як «Умка», «Горад клоўна Піка», «Хлопчык-Зорка», «Чорная курыца, або Падземныя жыхары», дзеці адначасова забаўляюцца і нечаму вучацца. Дваццацігадовыя юнакі, якія выраслі на нашых спектаклях, часам прыходзяць і кажуць: «Божачкі, які спектакль! А ў школе нават не зразумелі, што ён такі добры».

Але мне ўсё ж здаецца, што ў першую чаргу тэатр павінен не вучыць, а выхоўваць адчуванне прыгожага. Тэатр — гэта і літаратура, і музыка, і харэаграфія. Калі ўсё якасна зроблена, чалавек прызвычайваецца да добрага мастацтва. «Лялька» — вельмі ўтульны тэатр, і глядач, які трапляе ў нашу атмасферу, паціху ўсведамляе прыгажосць.

— Адметнасць «Лялькі» — яе беларускамоўнасць, бо ўсе спектаклі ідуць выключна на роднай мове. Ёсць сярод гледачоў тыя, каму цяжка зразумець пастаноўкі?

— Аднойчы жанчына паглядзела «Ладдзю роспачы» і пасля спектакля сказала: «Усё зразумела, толькі патлумачце, што такое “сумленне”?». Тую ж «Ладдзю» калісьці паказвалі і амерыканцам. Слоў яны не ведалі, але адчулі, што спектакль годны. Увогуле, чым больш моў ведае чалавек, тым лепш для яго. Крыху крыўдна за беларускую: такая ж славянская мова, як руская і ўкраінская, ці можна яе не разумець? Сам я да 9 класа хадзіў у беларускую школу, а пасля пераехаў і дваццаць пяць гадоў жыў у Расіі. Вярнуўся на Радзіму, наведваў спектаклі і адразу пачаў гаварыць па-беларуску, а беларусы, якія ўсё жыццё тут пражылі, адказваюць мне па-руску. А засвоіць родную мову зусім не цяжка. Напрыклад, шаснаццаць гадоў езджу на фестывалі ў Сербію і там размаўляю пасербску, хаця ніколі па-сапраўднаму гэтаму не вучыўся. Калі стаўлю спектакль у Польшчы, праз тры дні пачынаю адказваць па-польску. Вядома, усё хутка забываецца, але пры жаданні навыкі лёгка аднавіць: славянскія мовы падобныя адна да адной.

— Акрамя лялечных спектакляў, ваш тэатр мае батлейку. Яна карыстаецца попытам?

— Батлейку для «Лялькі» разам са сваёй жонкай Ганнай зрабіў наш выдатны мастак Алесь Сідараў. У асноўным мы звяртаемся да яе на Каляды. Батлейкай цікавяцца ва ўніверсітэтах і інстытутах, пакідаюць заяўкі нават замежнікі, якія прыязджаюць у Віцебск на экскурсіі. Аднойчы нас запрасілі ўзяць удзел ва ўкраінскім фестывалі батлеечных тэатраў са спектаклем «Загубленая душа, або Пакаранне грэшніка», пастаўленым па матывах кнігі Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях». Расповед у пастаноўцы ідзе пра чалавека, які прадаў душу д’яблу, — амаль што беларускі варыянт «Фаўста» Гётэ. На фестывалі ўсе паказвалі Нараджэнне Хрыстова, а мы паспрабавалі расказаць пра тое, што будзе далей, калі раптам чалавек страціць душу. Спектакль меў добры ўплыў на гледача. Увогуле, лялечныя тэатры ў Беларусі знаходзяцца на вельмі высокім прафесійным узроўні, прапануюць наватарства, рухаюцца наперад, бачаць, куда крочыць сусветны тэатр. «Лялька» даўно бярэ ўдзел у фестывалях, у 90-я гады мы аб’ехалі ўсю Германію. На жаль, зараз менш грошай і магчымасцей вандраваць.

У фае тэатра.

— Якія фестывалі для лялечных тэатраў існуюць у Беларусі?

 — Раз на два гады ў Мінску ладзіцца Міжнародны фестываль тэатраў лялек, вылучаюцца лялечныя спектаклі і на Нацыянальную тэатральную прэмію. Але я не лічу, што прэмія правільна падыходзіць да справы: каб прайсці адбор, трэба даслаць дыск з пастаноўкай на прагляд камісіі. А спектакль трэба глядзець «жыўцом» — гэта мастацтва, не разлічанае на запіс, на дыску атрымліваецца зусім іншы твор. Раней мы жылі без Нацыянальнай тэатральнай прэміі і ўсё роўна ведалі, які тэатр добры, а які дрэнны. Каб паспяхова існаваць, прэмія павінна крыху змяніць фармат.

— Беларусь — невялікая краіна, але жыхары розных гарадоў не ведаюць, што адбываецца ў іншых абласных тэатрах…

 — Раней з гэтым было прасцей. Напрыклад, у часы СССР Віцебскі драматычны тэатр імя Якуба Коласа ехаў у Гомель і месяц паказваў там свой рэпертуар, а да нас прыязджаў тэатр з Гомеля ці Брэста. Глядач знаёміўся з іншай трупай, бачыў яе магчымасці, параўноўваў. Зараз такі абмен у нейкім сэнсе спрабуе замяніць Нацыянальная тэатральная прэмія, але ж яна праходзіць у Мінску, дзе спектаклі ацэньвае мінскі глядач. У рэгіёнах аматары тэатра ведаюць толькі пра тое, хто сёлета атрымаў узнагароду. Да таго ж адна справа паказваць спектакль у родным будынку, зусім іншая — прыехаць у мінскі тэатр, не падобны да твайго, дзе чужыя сцэна, святло і гук.

— З якімі праблемамі зараз сутыкаецца беларускі лялечны тэатр?

— Праблем, як і ўсюды, шмат, але якія з іх вырашальныя? Турбуе заробак акцёраў: не можа прафесія быць прэстыжнай, калі ў ёй мала плацяць. Цяжка наважыцца ісці ў гэтую сферу, калі загадзя ведаеш, што атрымаеш мала грошай, складана будзе забяспечыць сям’ю. Акцёр павінен шмат працаваць над сваёй прафесіяй, а ў нашых артыстаў няма часу: яны недзе падрабляюць, здымаюцца ў фільмах, рэкламе. Небяспека і ў надзвычайнай папулярнасці гаджэтаў. Калі да нас прыходзяць школьнікі, хочацца забраць у іх смартфоны на час спектакля. Гэта ўжо навязлівая ідэя, новы інстынкт: кожныя пяць хвілін яны павінны яго ўключыць, зірнуць на экран. Калі вы ў апошні раз бачылі, каб дзеці на вуліцы проста гулялі ў футбол? Трэба думаць, як адарваць чалавека ад камп’ютара, інакш страчваецца адчуванне соцыуму. Дзіцё заканчвае школу і не ведае, як далей сябе паводзіць у грамадстве, нармальна камунікаваць. У некаторых краінах ужо выдаткоўваюць значныя сродкі на тое, каб дзеці хадзілі ў музеі, кіно, тэатры, глядзелі канцэрты.

Сцэна са спектакля «Вясёлы Дарафей».

Але ўсё не так дрэнна: я лічу, што з цягам часу нешта выправіцца самастойна, сама прырода не дасць чалавеку вярнуцца на крок назад. Усё будзе добра, калі тэатр і кніга стануць надзённай патрэбай. Тэатр робіць чалавека іншым, вымушае задумацца над тым, хто ён ёсць і навошта прыйшоў у наш свет. Зараз крыху не так, але спадзяюся, што хутка людзі гэта зразумеюць. Калі кожная асоба — мікрасусвет, то як інакш нам адчуць аб’яднанне, прыналежнасць да адной краіны? Мы жывём на цудоўнай зямлі азёр, рэк, палёў, лясоў. Беларусь можна любіць і любіць, толькі трэба крыху папрацаваць над заганамі. Дваццаць пяць гадоў я жыў без Беларусі і вельмі сумаваў. Сёлета ўжо трыццаць трэці год працую ў Віцебску, і рады, што вярнуўся на Радзіму.

— Калектыў «Лялькі» часта выязджаў на гастролі, браў удзел у конкурсах і фестывалях. Як беларускі тэатр успрымаюць за мяжой?

— Ведаеце, калі выпраўляемся ў Сербію, нам заўсёды задаюць такое пытанне: «Скажыце, чаму напрыканцы ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя беларускі лялечны тэатр лічыцца адным з лепшых у свеце?». Гэта іх меркаванне. Наш тэатр мае ўплыў, штосьці еўрапейцы бачаць у ім. Магу дакладна сказаць, што ў беларускага лялечнага тэатра добрая эстэтыка, дасведчаныя, выхаваныя акцёры, якасная рэжысура. Мы можам даць фору многім іншым краінам, бо ў нас выдатна працуюць рэжысёры, таленавітыя людзі ставяць таленавітыя спектаклі, якія не сорамна паказваць за мяжой. Хутка ідзе развіццё: напрыклад, у Расіі вельмі любяць марыянетку, а ў нас мода на марыянетку ўжо прайшла, даўно знікла паняцце «шырма». Марыянеткі, канечне, заўсёды будуць, але ў іншай якасці. Беларускі лялечны тэатр — гэта якасны прадукт, які мае будучыню і можа ўплываць на развіццё тэатральнага мастацтва ў іншых краінах.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Фота Віктара НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.