Вы тут

Што мы ведаем аб беларускай сям'і?


У краіне працягваецца даследаванне «Фарміраванне сям'і, стабільнасць сямейных стасункаў і нараджальнасць ва ўмовах змянення сацыяльна-эканамічных умоў жыцця беларусаў». Летнія месяцы яго правядзення выявілі некалькі вострых праблем. Магчыма, увосень апытанні пойдуць лягчэй.


Работа праводзіцца ў межах іншага глабальнага даследавання, якое праходзіць у свеце пад агульнай назвай «Пакаленні і гендар». Шэраг краін ужо атрымалі карысныя вынікі, а для некаторых усё яшчэ наперадзе. На постсавецкай прасторы першай стала Беларусь, якая яшчэ і апрабіруе новыя падыходы па зборы даных ад насельніцтва — з выкарыстаннем планшэтаў. Гэта значыць, ніякіх папяровых носьбітаў: кожны адказ заносіцца інтэрв'юерам у камп'ютар і фактычна адразу апрацоўваецца. Калі вы трапілі ў выбарку, і да вас прыйшоў чалавек з такім апытаннем, не адмаўляйцеся ад удзелу, будзьце шчырыя ў сваіх адказах.

Інтэрв'юеры, а іх па краіне каля тысячы, апыталі пакуль усяго каля 4 тысяч чалавек. Для дакладнасці звестак патрабуецца інфармацыя не менш як васьмі тысячах. Усе адрасы выбіраліся на падставе рэпрэзентатыўнай выбаркі і на аснове статыстычных звестак. Апытанне прадугледжвае размову на працягу не менш як дзвюх гадзін, яно змяшчае і досыць інтымныя пытанні, накшталт «ці засцерагаліся вы, калі зацяжарылі першы раз?».

— Палявыя работы стартавалі ў сярэдзіне мая, а з пачаткам лета мы сутыкнуліся з тым, што частка людзей адсутнічае па абраных адрасах, — тлумачыць дырэктар Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ Давід РОТМАН. — Як высветлілася, справа не толькі ў часе адпачынку. Немалая частка мужчынскага насельніцтва выехала на заробкі за мяжу, у Расію. Другі момант — статыстычныя звесткі былі прадастаўлены на аснове перапісу насельніцтва за 2009 год, а значыць, туды не трапілі новыя мікрараёны буйных гарадоў. У сталіцы, гэта, напрыклад, 200-тысячнае насельніцтва мікрараёна «Каменная Горка», асноўнымі насельнікамі якога з'яўляюцца маладыя сем'і. Атрымліваецца такім чынам асаблівы перакос ва ўзросце сярод рэспандэнтаў... Пажылыя, дарэчы, з асцярогай ставяцца да занясення іх адказаў у планшэты, яны пытаюцца, ці не запісваюць іх голас, ці не фатаграфуюць, а будучы насцярожанымі, людзі могуць даваць не зусім шчырыя адказы. Разам з тым нашы інтэрв'юеры ўжо навучыліся прапаноўваць насцярожаным людзям пазваніць, напрыклад, па 102 і ўдакладніць, ці сапраўды варта давяраць такому чалавеку. Праваахоўнікі, мясцовая ўлада, безумоўна, у курсе такой работы, аднак пры інтэрв'юеры ёсць і адпаведныя дакументы, пра якія таксама можна яго распытаць...

Сям'я на працягу апошніх 100 гадоў застаецца адным з найважнейшых аб'ектаў сацыяльнай палітыкі многіх краін. Дэмаграфічная статыстыка забяспечвае дзяржаву інфармацыяй аб колькасці і структуры насельніцтва, дынаміцы паказчыкаў смяротнасці і нараджальнасці. У прыватнасці, дэмаграфічныя даследаванні паказваюць, што рэальная нараджальнасць значна ніжэйшая, чым заяўленая ў пажаданнях і намерах жанчын фертыльнага ўзросту. Раскрыць прычыны гэтай з'явы можна толькі метадамі спецыяльных даследаванняў, якія дазваляюць прасачыць жыццёвы шлях жанчын у кантэксце эканамічнай сітуацыі, сацыяльнай палітыкі, адукацыі, складу сям'і, наяўнасці партнёра, сямейных стасункаў і раздзялення дамашняй працы, жыллёвых умоў і магчымасці іх паляпшэння, даступнасці мер планавання сям'і, стану здароўя і г. д. У гэтым даследаванні, у адрозненне ад класічнай дэмаграфіі, вывучаюцца таксама намеры мужчын нарадзіць дзіця з улікам тых жа абставін, а таксама ўзаемасувязь паміж намерамі мужчын і жанчын, звязаных стасункамі.

Больш за тое, падобныя даследаванні дазваляюць супаставіць абставіны, якія мяняюцца пад уздзеяннем сацыяльнай палітыкі і ідэалогіі, з намерам нарадзіць дзіця і ажыццяўленнем гэтага намеру. На першым, сёлетнім, этапе даследавання могуць быць зафіксаваныя толькі намеры, якія існуюць у цяперашні момант, а для кантролю за іх ажыццяўленнем неабходны паўторныя апытанні. Таму галоўная задача гэтай работы — усебаковы разгляд працэсаў фарміравання і жыццядзейнасці сучаснай беларускай сям'і з улікам шлюбных, партнёрскіх стасункаў, стасункаў паміж пакаленнямі, што можа быць узятае за аснову.

— У сусветным маштабе такія даследаванні неабходны для выяўлення падабенства і адрозненняў паміж краінамі, а Беларусі атрыманыя вынікі неабходны для таго, каб вызначыць нацыянальныя прыярытэты ў галіне дэмаграфічнай палітыкі пасля 2020 года, улічыць іх у новых праграмах і дакументах, якія вызначаюць тую ж сацыяльную падтрымку сем'яў, дзяцей, пажылых і г. д., — адзначае кіраўнік праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Падтрымка рэалізацыі нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» Марыяна САКАЛОВА. — Другі важны момант — запаўненне прабелаў у навуковых, акадэмічных даследаваннях па гэтай праблематыцы...

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.