Вы тут

Як працуе сістэма дадатковай адукацыі ў Беларусі


Рэспубліканскі тыдзень устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі пройдзе ў Беларусі з 2 па 9 верасня. Асноўная яго мэта — шырокае прыцягненне дзяцей і падлеткаў краіны да заняткаў у гуртках, студыях, клубах і іншых аб'яднаннях па інтарэсах.


Сёння ў краіне дзейнічаюць 297 устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Гэта менш, чым было, скажам, яшчэ некалькі гадоў таму, але аптымізацыя сеткі — натуральны працэс. Па-першае, былі перапрафіляваны аб'яднанні па інтарэсах, не запатрабаваныя навучэнцамі, па-другое, рэарганізаваны ўстановы дадатковай адукацыі са слабай матэрыяльна-тэхнічнай базай. Дзесьці трэба было аб'яднаць рэсурсы. Апошнім часам назіраецца тэндэнцыя да павелічэння колькасці шматпрофільных устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Але колькасць ахопу навучэнцаў не зменшылася: аб'яднанні па інтарэсах наведвае кожны трэці з іх.

— Дадатковая адукацыя адыгрывае вельмі важную функцыю, істотна дапаўняючы змест школьнай. Ёй уласцівыя адкрытасць, мабільнасць і гнуткасць, што дазваляе хутка і кропкава рэагаваць на сучасныя адукацыйныя запыты, — падкрэслівае намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Ларыса ІСАЧКІНА.

Да таго ж для сістэмы дадатковай адукацыі ўласцівы адкладзены ў часе эфект. Пакуль яна існуе, яе ніхто быццам бы і не заўважае, але як толькі яна знікне, гэта стане відаць усім і адразу. Дадатковая адукацыя не проста дазваляе знайсці сябе — яна мае магутны выхаваўчы патэнцыял: папулярызуе сярод дзяцей і падлеткаў сучасныя прафесіі, развівае іх творчыя і інтэлектуальныя здольнасці, засцерагае ад негатыўнага ўздзеяння вуліцы, ад падлеткавай агрэсіўнасці і дэструктыўных паводзін. Нярэдка хобі становіцца для выхаванцаў справай усяго жыцця. Але нават калі маладыя людзі ў выніку выбіраюць іншы кірунак сваёй прафесійнай самарэалізацыі, яны ўсё роўна больш прыстасаваныя да жыцця, і тыя здольнасці, якія яны развівалі ў аб'яднаннях па інтарэсах, абавязкова дапамагаюць ім у іншых сферах.

Тыя ж выхаванцы гурткоў турысцкага напрамку могуць самастойна паклапаціцца пра сябе і заўсёды знойдуць выйсце з любой складанай сітуацыі. Сёння віртуальная камунікацыя замяніла жывыя зносіны, але яна не можа кампенсаваць развіццё такой якасці, як лідарства. Толькі ўявіце сабе, якую глебу для фарміравання лідараў дае звычайны турысцкі паход! Вось чаму педагогі дадатковай адукацыі называюць яе адукацыяй для жыцця.

Дарэчы, у маі бягучага года на базе Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі быў створаны крэатыўна-інавацыйны Маладзёжны цэнтр, скіраваны на падтрымку і развіццё дзіцячых і маладзёжных грамадскіх ініцыятыў. Сярод яго найбліжэйшых мерапрыемстваў — правядзенне 1 і 2 верасня ў Полацку рэспубліканскага дзіцяча-маладзёжнага форуму «Жыць і працаваць на роднай зямлі». У кастрычніку пройдзе рэспубліканскі конкурс «Дзіцячы і маладзёжны парламент», а ў лістападзе — рэспубліканскі конкурс юных журналістаў «Ты ў эфіры».

Па словах дырэктара Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Сяргея САЧКО, сёння на хвалі цікаўнасці ў падрастаючага пакалення знаходзяцца інфармацыйныя тэхналогіі і робататэхніка. У 2015 годзе, калі гэты кірунак толькі пачаў развівацца, пры ўдзеле Міністэрства сувязі першапачаткова па краіне (у сталіцы і рэгіёнах) было прафінансавана стварэнне сямі пляцовак. Праз год дзейнічала ўжо 70 такіх пляцовак, а сёння мы кажам пра 90 аб'яднанняў па робататэхніцы. Паралельна з дзяржаўнымі аб'яднаннямі па інтарэсах гэты кірунак актыўна развіваюць і прыватнікі. Але маніторынг цэн паказаў, што памер бацькоўскай платы за такі гурток у дзяржаўных аб'яднаннях удвая меншы, чым у канкурэнтаў-прыватнікаў (40 рублёў у месяц, а не 80 рублёў).

Увогуле, на рэспубліканскім узроўні, у абласных цэнтрах доля платных гурткоў і секцый вагаецца ў межах ад 10 да 30 працэнтаў. У той жа час ёсць рэгіёны, дзе ўсе аб'яднанні па інтарэсах застаюцца бясплатнымі.

— Адукацыйны працэс у нашым цэнтры рэалізуецца як па традыцыйных кірунках, такіх, як тэхнічнае мадэляванне і канструяванне, суднамадэляванне, авіямадэляванне, радыётэхніка і радыёэлектроніка, так і па кірунках, заснаваных на інавацыйнай творчасці, — падкрэслівае Сяргей Сачко. — У новым навучальным годзе мы будзем ажыццяўляць набор на мабільную і прамысловую робататэхніку, 3D-мадэляванне, інжынерны дызайн САD, прататыпаванне, нейрапілатаванне, кіберспорт, тэхналогіі беспілотных лятальных апаратаў.

Сёння цэнтр каардынуе дзейнасць 175 шматпрофільных і 13 аднапрофільных устаноў дадатковай адукацыі ў галіне рэалізацыі праграм тэхнічнага і спартыўна-тэхнічнага профіляў. Практычныя заняткі ў аб'яднаннях па інтарэсах Цэнтра становяцца эксперыментальнымі лабараторыямі, у якіх апрабуюцца самыя прагрэсіўныя методыкі навучання і выхавання.

Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці развівае і дыстанцыйную форму навучання: школьнікаў запрашаюць у «Марскі клуб», клубы «Тайны псіхалогіі», «Дамашні самадзелкін» і тэхнічнай творчасці. Для гэтага дастаткова мець дома камп'ютар з доступам у інтэрнэт, электронны паштовы адрас і ўліковы запіс у Skуре.

Развівае дыстанцыйную форму таксама і Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства: тут дзейнічаюць дыстанцыйныя школы па музейнай справе і геаграфіі. У новым навучальным годзе цэнтр уключаецца ў эксперыментальны праект па вывучэнні магчымасцяў дапрофільнай падрыхтоўкі ва ўстановах дадатковай адукацыі. У праекце будуць задзейнічаны таксама Полацкі раённы цэнтр дадатковай адукацыі, Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі, адна з мінскіх гімназій і Мінскі абласны ліцэй.

— Будзем думаць, як нам узмацніць эколага-біялагічны профіль у школе, праводзіць лабараторныя практыкумы, пераглядаць нашы праграмы, — растлумачыла дырэктар цэнтра Алена АНУФРОВІЧ.

Спецыялісты заўважылі, што апошнім часам бацькі школьнікаў, зацікаўленыя ў іх канкурэнтаздольнасці, актывізаваліся: калі раней яны «прачыналіся» толькі ў верасні, то цяпер актыўна цікавяцца магчымасцямі ўстаноў дадатковай адукацыі яшчэ летам. Для такіх бацькоў Тыдзень устаноў дадатковай адукацыі — вельмі добрая магчымасць асабіста завітаць і пазнаёміцца з іх рэсурсамі, адукацыйнымі праграмамі, а яшчэ сустрэцца з псіхолагам і педагогамі. Бо ўсё ж, напэўна, не ўсім дадзена стаць інжынерам ці канструктарам, палюбіць фізіку ці ландшафтны дызайн, захапіцца арніталогіяй або касмічнай біялогіяй, скалалажаннем ці турызмам. Дзесьці патрабуецца максімальная канцэнтрацыя і ўважлівасць, а дзесьці, наадварот, трэба быць разняволеным...

Дарэчы, псіхолагі лічаць, што бацькі ні ў якім разе не павінны аказваць ціск на сваё дзіця пры выбары таго ці іншага гуртка, клуба або секцыі. Толькі занятак па душы можа прынесці рэальную карысць. А вызначыцца з выбарам адразу могуць не ўсе. Знаходзіцца ў працэсе пошуку — гэта нармальны стан любога дзіцяці, якое жадае самарэалізавацца. Хтосьці можа прыйсці і застацца надоўга, хтосьці пойдзе далей, будзе шукаць свайго педагога, пакуль яму не стане і цікава, і камфортна.

Ні для каго не сакрэт, што паміж школьным настаўнікам і педагогам дадатковай адукацыі існуе прынцыповая розніца: калі першага дзеці не выбіраюць, а хадзіць у школу па веды — гэта іх, так бы мовіць, абавязак, то прымусіць дзяцей наведваць гурток ці секцыю проста немагчыма, калі ім там нецікава. А ў час глабальнага развіцця інтэрнэту заваяваць, а тым больш утрымаць увагу дзяцей і падлеткаў вельмі складана...

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Адукацыя для жыцця

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.