Вы тут

Ці магчыма вырасціць буякі без “хіміі”?


Арганічная сельская гаспадарка толькі набірае папулярнасць у Беларусі. Фермераў, якія займаюцца такім тыпам земляробства, у краіне мала: яшчэ менш тых, хто мае сертыфікацыю ад міжнародных кампаній. Тым не менш году ад году попыт на экалагічна чыстыя прадукты расце. З чым даводзіцца сутыкацца фермерам, якія вырашылі заняцца арганічнай сельскай гаспадаркай? Пра гэта раскажуць мінчане Віталь і Алена Сідаравы, якія прамянялі сталіцу на ўчастак у Мінскім раёне.

Гаспадарка з нуля

Праехаўшы невялікую вёсачку Дашкі Мінскага раёна, спыняемся каля веснічак. Нас сустракае Віталь, а ў доме ўжо чакае яго жонка Алена.

У гэтай гаспадарцы ўраджай атрымліваюць круглы год. Градкі з клубніцамі выглядаюць незвычайна: яны спецыяльна пакрыты саломай, слой мульчы захоўвае ў глебе вільгаць, аберагае пасадкі ад лішняга сонца. У цяпліцы спее вінаград. Тут вырошчваюць і вострыя травы – бергамот, мелісу, мяту. Ёсць агародніна на любы густ: розныя віды капусты, ліставой салаты, радыскі. Але галоўны гонар гаспадаркі – буякі: доўгія ланцужкі градак цягнуцца па схілах даліны. Фіялетавая ягада ўпрыгожывае і лагатып “СідСад”.

Гледзячы на дом, цяпліцу, гараж, будучую лазню, цяжка паверыць, што пяць гадоў таму ўсё пачыналася са старога будаўнічага вагончыка. Алена і Віталь даўно хацелі набыць уласную зямлю. Муж з жонкай прызнаюцца, што іх заўжды цягнула да прыроды – у Мінску яны аблюбавалі прыватны сектар, пасля набылі лецішча каля Браслаўскіх азёраў. Затым вырашылі стаць сапраўднымі фермерамі. У Мінскім райвыканкаме Сідаравым прапанавалі толькі адзін участак у 40 га ў вёсцы Дашкі (пасля выявілася, што гэта радзіма Віталёвай маці). Зачараваныя тутэйшымі мясцінамі Алена і Віталь спачатку нават не звярнулі ўвагі на выгоды і недахопы ўчастка. На самой справе сям’і давялося падымаць яго траха не з нуля: зямля зарасла пустазеллем і не магла пахваліцца ўрадлівасцю, месцамі дзікі раскапалі ямы амаль па пояс. Пакрысе Сідаравы прывялі ўчастак да ладу. Апошнія 10 гектараў аднавілі толькі летась.

На новым участку вырошчвалі вострыя травы, агародніну, зяленіва. Затым фермеры заўважылі, што ўсе “хімікаты”, якімі апрацоўвалі пасадкі, сцякаюць у вадаём, адкуль сям’я бярэ ваду. Алена згадвае, што яны літаральна дыхалі “хіміяй”. Тады муж і жонка ўсур’ёз задаліся пытаннем: навошта ім гаспадарка, якая шкодзіць здароўю? У той час Алена і Віталь пазнаёміліся з украінскім прафесарам, які вырошчваў буякі арганічным спосабам. Ён распавёў пра альтэрнатыву традыцыйнай гаспадарцы.

– Прафесар запэўніваў нас, што вырасціць добрыя буякі можна, не выкарыстоўваючы мінеральных ўгнаенняў. Мы вырашылі паспрабаваць, – кажа Алена.

Падчас паездкі ў Галандыю Алена і Віталь ўбачылі і пакаштавалі арганічныя буякі. Ягады спадабаліся ім настолькі, што, вярнуўшыся ў Беларусь, фермеры сталі вучыцца вырошчваць “чыстыя” буякі.

Арганічная гаспадарка і традыцыйная: у чым розніца?

Арганічныя фермеры адмаўляюцца ад выкарыстання фунгіцыдаў, гербіцыдаў і антыбіётыкаў. Забаронена карыстацца хуткарастваральнымі мінеральнымі ўгнаеннямі і пестыцыдамі. Яны прымяняюць адходы расліннага і жывёльнага паходжання. Для аднаўлення глебы выкарыстоўваюць севазварот і біялагічныя спосабы аховы раслін. Для арганічнай сельскай гаспадаркі характэрны замкнёны цыкл земляробства-жывёлагадоўлі (расліны даюць корм, жывёлагадоўля – угнаенне).

Замест “мінералкі” – птушыны памёт і праполкі

Два гады таму Алена і Віталь атрымалі ад літоўскай кампаніі бясплатную сертыфікацыю сваёй гаспадаркі. Раз на год у “СідСад” прызджаюць эксперты-правершчыкі кампаніі. Ім прадастаўляюць звесткі па ўсіх работах, якія праводзяцца на ўчастку. Спецыялісты правяраюць, якія прэпараты і ўгнаенні ўносяцца ў зямлю, ці адпавядаюць яны еўрапейскім нормам. Праверка даволі сур’ёзная: эксперты могуць выкрыць недобрасумленных гаспадароў, паглядзеўшы на “асартымент” пустазелля, якое расце на градках. Альбо выдраць расліну з зямлі і вызначыць па корані – прымянялася ў гэтым выпадку “хімія” альбо не. Калі ўзнікаюць сумненні, літоўскія спецыялісты сертыфікуючай кампаніі прызначаюць праверку ў лабараторных умовах. Фермера, які карыстаўся забароненымі прэпаратамі, могуць прыцягнуць нават да крымінальнай адказнасці. Праўда, толькі ў Еўропе – у Беларусі закона па арганічнай сельскай гаспадарцы пакуль няма.

– Часта даводзілася чуць, што вырасціць экалагічна чыстыя буякі немагчыма. Але мы знайшлі беларускія прэпараты, якія падыходзяць па патрабаваннях сертыфікуючай кампаніі. Азотныя ўгнаенні замянілі ўгнаеннямі на аснове птушынага памёту. Даводзіцца часцей праполваць градкі – наймаць людзей, што нават даражэй, чым хімічныя сродкі барацьбы з пустазеллем, – распавядае Алена.

– У традыцыйнай гаспадарцы для хуткага росту ягад фермеры дабаўляюць серу і хімікаты. Мы ж сыплем торф – словам, ствараем прыродныя ўмовы, – дадае Віталь.

У хуткім часе фермеры плануюць разводзіць “экалагічна чыстых” курэй пароды “дамінанта” і атрымліваць ад іх арганічныя яйкі. Гэтай ідэяй загарэўся старэйшы сын Валерый. Падчас нашай размовы ён быў заняты будаўнічымі работамі. Куры будуць вырабляць экалагічна чысты памёт, а толькі такім дазволена карыстацца на арганічнай ферме.

– Мы не можам браць гной ад калгасных кароў, бо яны харчуюцца на палях, апрацаваных мінеральнымі ўгнаеннямі. Не можам арандаваць калгасны камбайн, бо ён убірае калгасныя палі. Нам пашанцавала, што зямля доўгі час стаяла пад папарам: яе не забрудзілі хімікатамі. Па патрабаваннях сертыфікуючай кампаніі ўчастак не павінен межаваць з калгаснымі палямі. Мы набылі камбайн і трактар, а Віталь у 53 гады атрымаў правы на кіраванне гэтых відаў транспарту, – кажа Алена.

Пра ягады Алена і Віталь могуць гаварыць часамі. Падчас гутаркі яны частуюць гарбатай са скрыпеню, які гаспадыня ферментавала сама. На стале – варэнне з буякоў.

– Той, хто каштаваў нашы ягады, становіцца іх аматарам, – заўважае Алена.

Нібыта пацвярджаючы словы жонкі, Віталь дастае чайнік з буякамі, прывезены з ЗША. На стале з’яўляюцца слоікі з сушанымі ягадамі і лісцем дурніц (яны лічацца выдатнымі антыаксідантамі). Чаго толькі не робяць з гэтых ягад – нават віно ды шампанскае!

Што дае арганічная сертыфікацыя?

У любой краме знойдзецца шмат прадуктаў з пазнакамі “эка” і “бія”, але ў асноўным гэта не чыстая прадукцыя, а хітрыкі маркетолагаў. Беларускія фермеры мусяць канкурыраваць з вялікай плынню псеўдаэкалагічных тавараў.

У крамах буякі “СідСаду” прадаюцца нараўне са звычайнымі: пакуль гаспадарка знаходзіцца ў пераходным перыядзе, Алена і Віталь не маюць права ставіць на сваю прадукцыю еўрапейскі значок сертыфікацыі. Пасля паспяховага завяршэння гэтага этапу фермеры змогуць пастаўляць ягады, зяленіва і агародніну на еўрапейскія рынкі і прадаваць іх даражэй. Сёння Сідаравы рэалізуюць сваю прадукцыю праз буйныя гандлёвыя сеткі: “Еўраопт”, “Белмаркет”, “Суседзі”, “Рублёўскі”.

– Некаторыя арганічныя фермеры рэалізуюць сваю прадукцыю праз інтэрнэт-крамы, але па нашым вопыце відаць: заказаў не хапае. Буйному прадпрымальніку цяжка пратрымацца на адных толькі інтэрнэт-продажах, – адзначае Алена.

Пабываўшы на курсах у ЗША, Алена заўважыла адну прыемную тэндэнцыю: амерыканцы аддаюць перавагу мясцовай прадукцыі. Брэнд мясцовага фермера вельмі раскручаны – паўсюль у крамах вісяць рэкламныя расцяжкі “Люблю свайго фермера”, праводзяцца акцыі. На думку Алены, вельмі важна прадаваць сваю прадукцыю менавіта на беларускім рынку – людзі павінны есці мясцовыя прадукты.

– Мы даволі часта вандруем і заўважаем, што ў Еўропе ад году ў год колькасць арганічнай прадукцыі на прылаўках павялічваецца, – дзеліцца назіраннямі Алена. – Атрымаўшы еўрапейскую сертыфікацыю, беларускія фермеры змогуць добра зарабляць, пастаўляючы сваю прадукцыю за мяжу. Спадзяюся, з часам мы зможам рэалізоўваць яе і ў Беларусі.

Арганічная сельская гаспадарка знаходзіць падтрымку ва ўсім свеце, таму Алена і Віталь не страчваюць аптымізму і спадзяюцца, што адпаведны закон у хуткім часе з’явіцца і ў Беларусі. Сёлета яны плануюць атрымаць еўрапейскую сертыфікацыю (гэты статус давядзецца штогод пацвярджаць). Улічваючы, што арганічная сельская гаспадарка з’яўляецца адным з напрамкаў “зялёнай” эканомікі, курс на якую ўзяла Беларусь, варта чакаць пазітыўных змен для развіцця гэтай вобласці земляробства.

Кацярына РАДЗЮК

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.