Вы тут

Найлепшы кіроўца і горад ведае, і бойкі разнімае


Пару гадоў таму Ілья МАКЕЙЧЫК падвозіў сябра ў тралейбусны парк, на работу. Сам ён у той час толькі вярнуўся з арміі і шукаў вакансію. Таварыш і прапанаваў: а давай зойдзем спытаем, ці ідзе цяпер набор у кіроўцы? Яны якраз былі патрэбныя. Так Ілья трапіў на работу ў сталічны тралейбусны парк №3. А сёлета ён стаў найлепшым сярод кіроўцаў тралейбусаў на гарадскім конкурсе прафесійнага майстэрства «Мінскі майстар — 2017».


Калі дарогі — дзве

...Сёння Ільі ў другую змену, таму ён сустракаецца з намі ў абед, акурат перад выездам. Чаравікі начышчаны, фірменная кашуля адпрасавана. «Мне падабаецца, што ў кіроўцаў ёсць адзіная форма. Але я б яе дапрацаваў. Бо ў гэтай кашулі спякотна», — усміхаецца ён.

Працуе Ілья на маршруце №47. Жартуе, што кіроўцы яго між сабой называюць сацмаршрутам: тралейбус праязджае бальніцу, паліклініку, пункт прыёму другаснай сыравіны. Таму сярод пасажыраў шмат пенсіянераў і тых, хто здае кардон і металалом. Але хутка хлопец пяройдзе на іншы маршрут — №10.

— Мне ён больш падабаецца. На праспекце Пераможцаў пасажырапаток вялікі, продаж талонаў лепш ідзе. А ад гэтага залежыць і мой заробак. Раней кіроўца атрымліваў 12,5 капейкі з кожнага прададзенага талона, цяпер — 25, — расказвае Ілья.

Працоўны стаж хлопца — тры гады, з іх два з паловай — за рулём тралейбуса. Перш чым выехаць на маршрут, будучыя кіроўцы праходзяць паўгадавыя курсы. Спачатку асвойваюць тэорыю ў Мінскім дзяржаўным прафесійным ліцэі №3 машынабудавання, потым — стажыруюцца.

— У нас фактычна дзве дарогі, — заўважае Ілья. — Трэба і перад сабой, і наверх на лінію глядзець. На аўтобусе, думаю, прасцей працаваць. Манеўраваць больш зручна. А мы не можам хуценька рушыць у трэцюю паласу, бо нам не дазволіць лінія.

— Звычайна за рулём тралейбусаў бачыш жанчын...

— У нашым парку іх нямнога. Вось у чацвёртым — шмат. Жанчыны яшчэ дадуць фору некаторым кіроўцам-мужчынам!

У конкурсе прафесійнага майстэрства хлопец удзельнічаў трэці раз. Разам з ім сёлета за званне найлепшага ў прафесіі змагаліся 18 чалавек. Кіроўцам трэба было выканаць пэўныя фігурныя элементы: «тунэльныя вароты», заезд у бокс перадам і задам, пад'езд да прыпынку, «змейку», дыяганальную паркоўку і іншыя. А падчас тэарэтычнай часткі спаборніцтва — адказаць на 30 пытанняў па Правілах дарожнага руху. Ілья справіўся з тэорыяй за 64 секунды! У канцы выбіралі двух кіроўцаў з найлепшымі вынікамі і праводзілі аўта-спрынт. Два тралейбусы наперагонкі праходзілі трасу: хто паказаў лепшую хуткасць і атрымаў менш штрафных ачкоў, той і пераможца.

Пытаемся пра складанасці ў працы. Ілья адразу адзначае графік. Першая змена ў кіроўцаў пачынаецца а пятай гадзіне раніцы.

На работу дабіраюцца на «дзяжурках» — у парку трэба быць за 20 хвілін да выезду, каб паспець падрыхтаваць тралейбус. А яшчэ прафесія патрабуе пастаяннай увагі, бо ты нясеш адказнасць за пасажыраў. З-за таго што ўвесь час знаходзішся ў напружанні, за змену вельмі стамляешся.

— На дарозе больш за ўсё перашкаджаюць машыны, якія стаяць на прыпынках і не даюць пад'ехаць. У нас у інструкцыі прапісана, што мы павінны спыняцца не далей чым за 20 сантыметраў ад бардзюра. А яшчэ па маім маршруце аўташкола знаходзіцца — пастаянна вучэбныя машыны ездзяць. Прычэпішся за такім аўто (а яно можа два разы заглухнуць), потым даводзіцца наганяць час, каб упісацца ў графік.

Спазняцца кіроўцам нельга, як і апярэджваць расклад — могуць пазбавіць прэміі. Адхіленне ў адну хвіліну дапушчальнае, але, прызнаецца суразмоўнік, бываюць вельмі прыдзірлівыя пасажыры, якія скардзяцца ў парк нават з-за такога спазнення.

Сіла фірменнай кашулі

Ілья добра ведае Маскоўскі раён. Таму, калі да яго падыходзяць спытаць, як дабрацца па нейкім адрасе, падказвае, дзе выйсці ці на які транспарт перасесці.

— Буйныя пасажыры сустракаліся?

— Бывала. Памятаю, п'яныя хлопцы пачалі ў салоне біцца, а побач — жанчыны сядзяць. Іншых мужчын не было. Давялося ўмяшацца самому. Не, абышлося без кулакоў. Проста сказаў: «Калі ласка, выходзьце, далей тралейбус не паедзе». Тыя хлопцы, убачыўшы на мне форму кіроўцы, нармальна паставіліся і пакінулі тралейбус. Біцца са мной пакуль не лезлі, — усміхаецца суразмоўнік.

— А калі ўбачыш, што нехта бяжыць да тралейбуса, пачакаеш?

— Я ніколі адразу не зачыняю дзверы. Думаю: няхай на хвілінку пазней паеду, але зраблю добрую справу. Бывае, людзі потым махнуць мне, падыдуць і скажуць «дзякуй», — прыемна.

Цікавімся: калі камусьці з пасажыраў стала дрэнна, ці можа кіроўца завезці яго ў бальніцу? «Не. Па інструкцыі мы павінны спыніць транспарт і выклікаць «хуткую». Пасажыры любяць адразу валідол прапаноўваць. Але, мне здаецца, даваць чалавеку таблеткі, не ведаючы, што з ім, небяспечна».

Сам Ілья ў асноўным ездзіць на ўласным аўто. Смяецца, што грамадскага транспарту яму і на рабоце хапае.

Заробак, дарэчы, у маладога кіроўцы прыстойны — 800—900 рублёў.

— Мне прафесія падабаецца. Я яшчэ калі быў маленькі, вельмі цягнуўся да руля. З татам ездзіў — заўсёды хацелася самому кіраваць. Быццам знайшоў сябе. У будучым планую павысіць і свой клас: восенню пайду здаваць на другі. А яшчэ праз год безаварыйнай работы можна першы клас атрымаць. Напэўна, першы клас і перамога ў «Мінскім майстры» — вяршыня для кіроўцы (смяецца).

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Спрынт на тралейбусе

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.