Вы тут

Галаву напякло?


Гэты год (а ён жа яшчэ не скончыўся, чаго чакаць?), бясспрэчна, запомніцца многім і надоўга. Вядома, з-за сёлетніх умоў надвор'я. Мабыць, такой колькасці анекдотаў з гэтай нагоды яшчэ ніколі не нараджалася за адзін раз. Усе ж памятаюць, як пачыналася, як мы чакалі цяпла ўвесну? Не дачакаліся... («Вясну перазімавалі і лета перазімуем! Не на тых напалі».) Была надзея хоць бы ў пачатку лета пабачыць дзяўчат у лёгкіх сарафанчыках, у кароткіх спадніцах. Зноў жа, ага... («Планы на чэрвень? Пакуль не ведаю. У залежнасці ад таго, якая будзе пара года».) Вось ужо многія і ў водпуск схадзілі, а мужчынскае вока на прадстаўніцах прыгожай паловы чалавецтва так і не адпачыла. («Мярзотна-кантынентальны клімат — гэта калі за тры дні ты бачыш вясну, зіму і лета, прычым не выязджаючы за межы свайго горада».) Некаторыя ўжо адчаяліся дачакацца цяпла і эротыкі ў вобразах дзяўчат. («Давайце ўжо ваш верасень, з гэтым летам усё зразумела».) І тут, калі і спадзявацца перасталі, прыйшла яна, спёка... («Прывітанне, лета! Спадзяюся, хоць бы без снегу?»)


Ведаеце, што асабіста мяне кожны раз некалькі пужае ў гэтай сітуацыі? Калі градус паветра імкліва павышаецца, многім сонца б'е ў галаву ў плане знешняга выгляду. («Чула, што ў стыльнай жанчыны туфлі і машына павінны быць аднаго колеру. Купіла жоўтыя боты, каб да маршруткі падыходзілі».) Зразумела, спякота, хочацца свежага ветрыку, прахалоды, але ж... На вуліцах населеных пунктаў з'яўляецца процьма людзей з такім летнім дрэс-кодам, што часам хочацца за галаву схапіцца. Гаворка не толькі пра дзяўчат, але і пра хлопцаў таксама. («Калі ў спёку хадзіць у трусах, дык надзетая да стала майка ўспрымаецца як поўны парад».)

І ўсё ж найперш «запальваюць» прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва. Ды часам, прабачце, так... Напрыклад, расійская спявачка Лаліта здзівіла сваіх паклоннікаў незвычайным строем. Падчас выступлення ў Баку яна скінула з сябе накідку і засталася перад залам у... абцягваючым, амаль празрыстым трыко-камбінезоне з эфектам татуіроўкі на скуры. Чым думала? («Гэта была дрэнная ідэя, таму я, канешне ж, вырашыла паспрабаваць».) Усё б нічога, але трэба ведаць пра габарыты спявачкі... («Мужчыны, ніколі не параўноўвайце жанчыну з ланню. Бо, увага, сярэдняя вага самкі лані — 120 кілаграмаў!») Пачуццю гумару і смеласці Лаліты можна толькі пазайздросціць: на выпад Галкіна яна адказала, маўляў, што ў тваёй жонкі знікла, да мяне прыйшло. І далей пра тое, што хоча заставацца на расійскай сцэне самай тоўстай спявачкай. («Я тоўстая толькі таму, што ўва мне жыве адразу некалькі прынцэс».) Схіляю галаву перад самаіроніяй Лаліты, але... Хто сказаў, што гэта было прыгожа? («Скажыце, а вам таксама па начах халадзільнік праходу не дае?»)

Відавочна, усё тая ж спёка паўплывала на знешні выгляд 28-гадовай «зоркі» брытанскіх рэаліці-шоу на адпачынку. Яна з'явілася на публіцы ў ружовай сукенцы, матэрыял якой вельмі нагадваў сетку з-пад мяхоў ад бульбы ці іншай агародніны.

Беларусы, уявілі? («А тэма нашага сённяшняга семінара: «Аднаўленне рэпутацыі дзелавой жанчыны пасля навагодняга карпаратыву».) Больш за тое, за мяжой ужо некалькі гадоў у трэндзе купальнікі, у якіх нельга купацца, бо яны са стразамі, вышыўкай, драпіроўкай, пер'ем і г. д. Жыхары мегаполісаў выходзяць у іх на вуліцы, як на пляж. Адзін брэнд прапануе, напрыклад, кідкі купальнік у спалучэнні з блузкай з доўгімі рукавамі з тканіны з тым жа прынтам. (З адэскага гумару. «— Фаечка, такі апішы сябе ў двух словах? — Вой, сябе? У двух словах? На аматара...») Другі брэнд агітуе за купальнік з падабенствам парэа на сцёгнах у спалучэнні з «рымскімі» сандалямі. Дызайнерскі дуэт прапануе насіць купальнік у горадзе з... пухавіком футырыстычна-гатычнага выгляду. («Бачыць вас — адно задавальненне. Не бачыць — другое».)

Але гэта што — купальнік на вуліцы? Вось нядаўна ў цэнтры Кіева можна было сустрэць аголеную жанчыну. Абсалютна голая і босая дзяўчына даволі ўпэўнена хадзіла па праезнай частцы, не звяртаючы ўвагі на машыны, якія ехалі побач. Сонейка галаву напякло? («Мілыя дзяўчаты! Вядома, што кожная сняжынка — асаблівая. Але яны чамусьці не выпендрываюцца з гэтай нагоды».) А ў нас у Мінску яшчэ больш дзіўны выпадак быў. У сацсетках з'явілася фатаграфія хлопца (я ж казаў, і яны таксама «запальваюць») у... ружовай сукенцы. Маўляў, яму так зручна ў спёку — свежа, лёгка. Потым, праўда, высветлілася, што гэта ён насамрэч спрэчку прайграў. («Хлопец не вельмі ўмеў рабіць кампліменты і, будучы не ў самым цвярозым стане, выдаў: «— Мілая, твае вочы, як выхадныя: таксама два».) Мне нават больш сказаць няма чаго з гэтай нагоды... («Вельмі люблю тэлепатыю. Бывае, паглядзіш на чалавека — і ён ужо ведае, куды яму целяпаць».)

Але сапраўдны «хіт» сезона — валасаты... купальнік. Амерыканская кампанія са штата Юта выпусціла гэты прадмет жаночага гардэробу ў выглядзе мужчынскага валасатага торса.

Купальнікі амаль цалкам паўтараюць анатомію мужчынскага цела і вырабляюцца ў некалькіх расфарбоўках. У ЗША яны атрымалі папулярнасць, аднак многім занадта натуралістычны элемент адзення падаўся агідным. Тое яшчэ, я вам скажу, відовішча... А дзяўчатам падабаецца! («Насамрэч лягчэй угаварыць ні на што не згодную жанчыну, чым адгаварыць на ўсё згодную».) Такая яна, летняя мода...

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.