Вы тут

МНС распачынае акцыю «У цэнтры ўвагі — дзеці»


Летнія канікулы адлічваюць апошнія дзянькі. Зусім хутка сотні тысяч беларускіх школьнікаў перамесцяцца за школьныя парты. Менавіта з гэтай нагоды ратавальнікі праводзяць акцыю «У цэнтры ўвагі — дзеці». А расказаць аб тым, што чакае маленькіх беларусаў і іх бацькоў, карэспандэнт «Звязды» папрасіў афіцыйнага прадстаўніка Мінскага гарадскога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Вольгу Мельчанку.


Сёлета акцыя пройдзе ўжо пяты раз. Яна падзелена на тры этапы. Першы з іх пачнецца зусім хутка — 21 жніўня.

Экіпіроўка ратавальнікаў побач з формай

Падрыхтоўка да школы рэдка абыходзіцца без візіту ў буйны гандлёвы цэнтр. Столькі ўсяго трэба набыць — і канцылярскія прылады, і форму, і абутак, і заплечнік... Зразумела, што рабіць пакупкі зручней у адным месцы, чым ездзіць па вялікім горадзе. На гэта і зробяць акцэнт ратавальнікі. Тым больш што вельмі многа бацькоў адкладаюць падрыхтоўку да школы на апошнія дні лета...

— Напрыклад, у аддзелах дзіцячага адзення на манекенах або вешалках будуць выстаўлены камплекты баявога адзення ратавальніка, — кажа Вольга Мельчанка. — Сярод іх — і экіпіроўка дзіцячых памераў. А ў аддзелах, якія гандлююць канцылярскай прадукцыяй, з'явяцца вогнетушыцелі і аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Уся атрыбутыка суправаджаецца цэтлікамі, на якія нанесены адпаведныя слоганы

Таксама ў гандлёвых цэнтрах высадзіцца дэсант актывістаў Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных. Яны будуць раздаваць пакупнікам брашуры «Што рабіць, калі...», дзе апісаны алгарытм дзеянняў пры разнастайных надзвычайных сітуацыях, буклеты, памяткі для бацькоў, каляндарыкі.

Вучэбная эвакуацыя

«Першы званок» у школах сёлета прагучыць 1 верасня. Гэтая дата і стане пачаткам другога этапу акцыі.

— Прычым ужо ў гэты дзень на школьных лінейках і класных гадзінах супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Таварыства ратавання на водах правядуць з вучнямі прафілактычныя гутаркі, — працягвае Вольга Мельчанка. — Яны раскажуць пра асноўныя прычыны пажараў, падкажуць, як папярэдзіць бяду і як дзейнічаць пры абстаноўцы, якая пагражае жыццю і здароўю. Вучням пакажуць тэматычныя стужкі, знятыя паводле рэальных фактаў. А для тых, хто пакуль што спасцігае навуку ў пачатковай школе, падрыхтаваны спецыяльныя мультфільмы. Ім жа раздадуць шмат нагляднай прадукцыі.

Акрамя таго, з 1 па 16 верасня ва ўсіх школах Беларусі ратавальнікі дадуць тэматычныя «Урокі бяспекі». Завітаюць яны і на бацькоўскія сходы.

Але на адной тэорыі навучанне не спыніцца. У кожнай школе абавязкова будзе арганізавана вучэбная эвакуацыя.

Пра бяспеку — праз інтэрактыўнасць

А 18 верасня ратавальнікі завітаюць у дзіцячыя садкі.

— Для нас гэтая катэгорыя дзяцей — бадай што самая спецыфічная, — разважае Вольга Мельчанка. — Кнігі і буклеты, якія можна падарыць першакласнікам, дашкалятам, якія не ўмеюць чытаць, дапамогуць мала.
І таму застаецца толькі гуляць на блізкіх асацыяцыях, каб малыя вучыліся бачыць сувязь паміж нейкім дзеяннем і яго вынікам. Тут мы выкарыстоўваем тэатралізаваныя пастаноўкі і інтэрактыўныя гульні. Самае галоўнае для нас — навучыць выхаванцаў садкоў, як трэба сябе паводзіць у надзвычайнай сітуацыі і як клікаць на дапамогу. Не забудземся і пра бацькоў: з імі пагутараць ратавальнікі і правядуць навучальныя інструктажы, а таксама пакажуць тэматычныя відэастужкі.

Дарэчы, па стане на 15 жніўня ў Беларусі адбыліся 3264 пажары, на якіх загінулі 263 чалавекі. Сярод іх — чацвёра дзяцей.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

sсhklеnnіk@zvіаzdа.bу

Тым часам

На пачатку тыдня ў інтэрнэт трапілі шакуючыя здымкі. На знешнім баку парэнчаў балкона сталічнага гмаха павіс хлопец. Яго ў гэты час фатаграфаваў іншы падлетак. А пад наваспечаным «руферам» было 26 паверхаў бездані.

— Пакуль не высветлены асобы гэтых двух непаўналетніх, — кажа афіцыйны прадстаўнік ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі. — Я гутарыў з відавочцамі, але ў міліцыю яны вырашылі не звяртацца. Яны мяркуюць, што гэта хтосьці з мясцовых жыхароў, і таму хочуць самі паразмаўляць з іх бацькамі.

Менавіта апошнія і павінны кантраляваць паводзіны сваіх дзяцей. Бо акрамя іх, гэта не зробіць ніхто. Тым больш, што і іх могуць прыцягнуць да адказнасці за неналежнае выхаванне. А самі падлеткі рызыкуюць трапіць на ўлік у камісію па справах непаўналетніх.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.