Вы тут

Хто клапоціцца пра раён па ўласнай ініцыятыве?


Здаўна так павялося, што ўсе маштабныя задачы ў невялікіх населеных пунктах вырашаліся талакой. У многіх вёсках гэтыя традыцыі захаваліся і па сённяшні дзень. А вось у гарадах, асабліва буйных, суседзі часта не гатовыя і словам адзін з адным перакінуцца, не кажучы ўжо аб сумеснай працы. Аднак пакуль ёсць тыя, хто з усіх сіл супраціўляецца падобнай тэндэнцыі, сітуацыя не такая безнадзейная. Адзін з прыкладаў — камітэты тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, або КТГСы.


Мікрараён Каменная Горка-1.

Хата не з краю

Гэта грамадскія аб'яднанні, члены якіх па ўласнай ініцыятыве, без аплаты, робяць усё магчымае, каб стварыць у сваім раёне як мага больш камфортныя ўмовы жыцця. У сталіцы, напрыклад, яны дзейнічаюць ужо больш за 20 гадоў, цяпер іх колькасць тут дасягае практычна паўтары сотні. Ствараць такія аб'яднанні ў Мінску пачалі, натхніўшыся прыкладам Масквы. Дарэчы, там іх дзейнасць лічыцца паўнавартаснай працай, за якую супрацоўнікі атрымліваюць грошы. У нас жа членамі арганізацыі кіруе не імкненне зарабіць, а жаданне жыць лепш.

Першапраходцам па ўкараненні гэтага новаўвядзення стаў Фрунзенскі раён. Тут жа, у мікрараёне Каменная Горка-1, знаходзіцца і КТГС №128, праўда, яго можна назваць яшчэ маладым — яму ўсяго шэсць гадоў. Увесь гэты час арганізацыяй кіруе Аляксандр Уладзіміравіч НЕТУК — чалавек энергічны, які не прывык прыкрывацца фразай «мая хата з краю». Грамадзянская актыўнасць абумоўлена багатым жыццёвым вопытам: у мужчыны дзве вышэйшыя адукацыі (інжынерная і педагагічная), за плячыма вайна ў Афганістане, праца ў сістэмах энергетыкі, будаўніцтва і ЖКГ. А вось да тэмы тэрытарыяльнага самакіравання ён прыйшоў практычна выпадкова. Стаў загадчыкам кааператыва ў сваім жа доме, абавязкі выконваў не фармальна, а адказна. За ўвесь час толькі ў адным шматпавярховіку ўдалося вырашыць больш за дзвесце праблем. Аляксандра заўважылі і прапанавалі пашырыць «зону» актыўнасці: арганізаваць у мікрараёне, які толькі зараджаўся, КТГС.
У выніку арганізацыя неаднойчы станавілася найлепшай па розных паказчыках не толькі ў раёне, але і ў горадзе.

На самай справе далучыцца да работ камітэта можа любы неабыякавы мясцовы жыхар. Праўда, звяртаюцца сюды часцей за ўсё старэйшыя па доме, пад'ездзе, старшыні кааператываў. Добра, калі яны па «сарафанным радыё» перадаюць інфармацыю далей. Знайсці звесткі аб камітэтах можна на сайце адміністрацыі раёна.

Ні больш ні менш

У полі зроку членаў арганізацыі вялікая колькасць праблем: ад замены лямпачкі ў пад'ездзе да арганізацыі масавых мерапрыемстваў. І ўсё ж асноўная ўвага прыпадае на абслугоўванне жылога фонду. Аляксандр Нетук прызнаецца, што пасля з'яўлення кантакт-цэнтра ЖКГ задачы крыху спрасціліся. Але гэта датычыцца толькі праблем, якія не патрабуюць неадкладнага ўмяшання. У экстранных выпадках прысутнасць пасрэдніцкай структуры толькі тармозіць працэс.

У сваёй працы старшыня камітэта раўняецца ні больш ні менш на Еўропу, дзе падобныя арганізацыі — рухаючая сіла ў вырашэнні многіх тэрытарыяльных пытанняў.

— Я заўсёды на сувязі, нават падчас адпачынку. Калі быць даступным толькі ў дні прыёму, толку не будзе, — адзначыў Аляксандр Нетук. Ужо некалькі гадоў ён спрабуе знайсці месца, дзе можна будзе праводзіць агульныя сходы, бо свайго памяшкання, акрамя кабінета, дзе раз на тыдзень праходзіць прыём, у камітэта няма. Вуліца для такіх задач, натуральна, не падыходзіць. Як варыянт — актавая зала ў школе, праўда, за яе арэнду неабходна заплаціць, а зрабіць гэта арганізацыі, у якой няма артыкулаў даходаў, вельмі цяжка.

У цэлым штодзённыя тэмы правільнага размяшчэння пешаходных дарожак, бяспекі дзіцячых пляцовак, вывазу смецця, чысціні пад'ездаў паступова ператвараюцца ў руціну, спраўляцца з якой — прывычная рэч. Зараз у цэнтры ўвагі Аляксандра Уладзіміравіча больш глабальныя пытанні, у прыватнасці «Закон аб зваротах грамадзян». Падрыхтаваны шэраг прапаноў па яго дапрацоўцы, паколькі сёння зварот у пэўную арганізацыю не абавязкова цягне за сабой адказ менавіта ад яе. Зварот можа пераадрасоўвацца некалькі разоў, што, па-першае, відавочна не паскарае працэс, а па-другое, не гарантуе рашэння.

Правільны рух

Не так даўно мікрараён Каменная Горка-1 стаў героем навін у СМІ. Прычына ў абмеркаванні будаўніцтва скразной чатырохпалоснай дарогі, якая будзе весці да буйнога гандлёвага цэнтра наўпрост праз дваровую тэрыторыю.

— За два гады мы напісалі больш за дзесяць зваротаў, дайшлі да Дзяржстандарта! — тлумачыць нерацыянальнасць такога рашэння з прафесійнага пункту гледжання член КГТС, архітэктар Рыгор Пінчук. — Там жа дзеці гуляюць! Цяпер чакаем канчатковага рашэння.

Яшчэ адзін галаўны боль арганізацыі — паркоўкі. Машыны, пакінутыя на зялёнай зоне, заносяцца ў спецыяльную базу. Аляксандр Уладзіміравіч прызнаецца, што не можа з абыякавасцю глядзець на тое, як руйнуюць плады яго працы, знішчаючы ўласнаручна высаджаныя клумбы. Калі з парушальнікамі не ўдаецца дамовіцца па-добрасуседску, ён гатовы і ў Дзяржаўтаінспекцыю патэлефанаваць. Бо самакіраванне — гэта далёка не сінонім усёдазволенасці.

Але дзе паркавацца? Месцы сапраўды ў дэфіцыце, бо забудоўшчыкі імкнуцца загрузіць тэрыторыю па максімуме. Як варыянт — падземны паркінг, дзе адно месца будзе каштаваць каля 20 тысяч долараў. Зразумела, такі варыянт у доме не элітнай забудовы не задавальняе практычна нікога. Пагаворваюць, што ў будучыні маштабны парковачны цэнтр можа з'явіцца ўздоўж кальцавой. Але зрухаў пакуль няма. Нават у такім маладым раёне, як Каменная Горка, вырашыць пытанне амаль немагчыма: уся тэрыторыя размеркаваная пад будучае будаўніцтва, кожны ўчастак улічаны. Атрымліваецца, праблема значна глыбейшая, паўплываць на яе можна толькі на заканадаўчым узроўні. І ў старшыні камітэта ёсць сваё меркаванне наконт гэтага:

— Неабходна адмяняць нарматывы 30-гадовай даўніны, калі машына была яшчэ прадметам раскошы. Паркоўкі трэба будаваць з разліку як мінімум адно месца для кожнай кватэры.

Так што члены камітэта бяруцца за вырашэнне любога пытання, бо сваім умоўным дэвізам лічаць фразу: «А хто, калі не мы?»

Дар'я КАСКО

kаskо@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Агульнае — не значыць нічыё

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».