Вы тут

«Звязда» пацікавілася поспехамі развіцця Кіраўскага раёна


Кіраўскі раён сёлета стаў першым «тысячнікам» у Магілёўскай вобласці па намалоце і перавозцы збожжа ад камбайнаў. Высокі вынік паказалі экіпаж адкрытага акцыянернага таварыства «Рассвет имени К. П. Орловского» ў складзе старшага камбайнера Івана Салановіча і камбайнера Івана Багеля, а таксама кіроўцы гэтай жа гаспадаркі Аляксандр Бабіч і Генадзь Гукаў. Наогул сельскагаспадарчая галіна ў раёне развіваецца дастаткова імкліва. А яшчэ менавіта на тэрыторыі Кіраўшчыны вядзецца аднаўленне аднаго з унікальных палацава-паркавых комплексаў Беларусі. Спецыялісты ставяць яго на адзін узровень з Нясвіжскім і Мірскім замкамі. Больш падрабязна на гэтыя тэмы «Звязда» пагутарыла з кіраўніком раённай улады Аляксандрам Бутаравым.


— У апошнія гады Кіраўскі раён паказвае добрыя вынікі работы сельскагаспадарчай галіны. Сёлетні, здаецца, не выключэнне?

— Так. І тэмпы жніва, дзе добрыя вынікі паказалі камбайнеры і кіроўцы таварыства «Рассвет имени К. П. Орловского», — прамое таму пацвярджэнне. Па стане на 14 жніўня раён з'яўляецца лідарам у Магілёўскай вобласці па тэмпе ўборкі збожжавых і зернебабовых. Убрана 46,6 тысячы тон (70%) пры ўраджайнасці 37,2 ц/га (сярэднеабласны — 35 ц/га). Кіраўскі раён утрымлівае лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці па вытворчасці малака (за 7 месяцаў з пачатку года выраблена 31,5 тысячы тон), сярэднесутачных прыбаўленнях буйной рагатай жывёлы (589 грамаў), узнаўленні статка. Годныя вынікі ёсць і ў раслінаводстве.

— Як у Кіраўскім раёне ідуць справы па рэканструкцыі ў кожнай сельскагаспадарчай арганізацыі малочнатаварных фермаў? Ці ёсць эканамічны эфект ад новых жывёлагадоўчых аб'ектаў?

— У кожнай сельскагаспадарчай арганізацыі раёна праведзена мадэрнізацыя малочнатаварных фермаў, пабудавана 8 радзільных аддзяленняў з цэхам сухастойных кароў, узведзена чатыры і вядзецца работа па рэканструкцыі сямі прафілакторыяў для ўтрымання маладняку буйной рагатай жывёлы ў індывідуальных станках. Набыта 12 пастэрызатараў малака. Ва ўсіх сельскагаспадарчых арганізацыях ёсць кормараздатчыкі-змяшальнікі, працуе 8 станцый дакорму з выкарыстаннем грануляваных высокабялковых кармоў прамысловай вытворчасці. Сёлета пачата будаўніцтва малочнатаварнай фермы на 768 жывёламесцаў у адкрытым акцыянерным таварыстве «Рассвет имени К. П. Орловского». Эфектыўнасць вытворчасці малака на малочнатаварных фермах, абсталяваных даільнымі заламі, складае 96%. Рэнтабельнасць галіны жывёлагадоўлі за 6 месяцаў з пачатку года склала 13,1% — гэта плюс 7,3 працэнтных пункта да аналагічнага перыяду мінулага года. Сёлета ўдоі на карову плануем атрымаць больш за 6000 кілаграмаў, сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе буйной рагатай жывёлы — 700 грамаў.

— На тэрыторыі Кіраўскага раёна вядуцца рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы помніка архітэктуры XVІІІ—XІX стагоддзяў Жыліцкага палацава-паркавага ансамбля. Што ўжо зроблена на аб'екце і якія перспектывы?

— Жыліцкі палац — гэта наш гонар, і ён па праве з'яўляецца «архітэктурнай жамчужынай» не толькі Магілёўскай вобласці, але і краіны. Нагадаю, што рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы пачаліся ў 2009 годзе. Фінансаванне аб'екта ажыццяўляецца са сродкаў дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы і абласнога бюджэту. Але мы былі б вельмі ўдзячныя спонсарам, калі б і яны прынялі ўдзел у фінансаванні работ. Гэта дало б магчымасць хутчэй давесці справу да канца, каб турысты ўбачылі гэты ўнікальны комплекс ва ўсёй красе. Тыя, каму не абыякавая гісторыя роднай краіны і хто жадае ўнесці ўклад у аднаўленне Жыліцкага палаца, могуць скарыстацца дабрачынным рахункам установы культуры «Жыліцкі гістарычны комплекс-музей» 3642108762277 ААТ «АСБ Беларусбанк», філіял №703, г. Бабруйск.

Рэстаўрацыйныя работы на аб'екце праводзяцца паэтапна. Першая чарга, дзе сёння знаходзіцца «Дзіцячая школа мастацтваў», уведзена ў эксплуатацыю 29 жніўня 2011 года. Першы этап другой чаргі, падчас якой быў адноўлены паўднёвы бакавы флігель (сёння тут размяшчаецца музей), уведзены ў эксплуатацыю 20 лістапада 2013 года. Цяпер вядуцца рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы трэцяй чаргі — галоўнага корпуса і часткі паўночнага крыла пад музей, карцінную галерэю, бібліятэку і інтэр'еры галоўнага корпуса. На сённяшні дзень выканана частковае ўзмацненне падмурка, зроблена атынкоўка фасада і ўнутраных памяшканняў, устаноўлены вокны, ацяпляльныя сістэмы, праведзены іншыя работы. Чацвёртая чарга праекта прадугледжвае аднаўленне парку і воднай сістэмы. Упэўнены, што пасля завяршэння ўсіх рэстаўрацыйных работ Жыліцкі палац стане сапраўднай турыстычнай «іскрынкай» і адным з найбольш папулярных у краіне турыстычных аб'ектаў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: І пра хлеб, і пра відовішчы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».