Вы тут

Як Беларусь паказала сябе на «ЭКСПА-2017»


У нядзелю на міжнароднай спецыялізаванай выстаўцы «ЭКСПА-2017» у Астане прайшоў Нацыянальны дзень Беларусі, паведамляе прэс-служба Савета Міністраў. Наша краіна прадстаўлена там нацыянальным павільёнам, яго наведвальнікі ў інтэрактыўнай форме могуць даведацца пра найноўшыя беларускія навукова-тэхнічныя распрацоўкі, а таксама пра перспектыўныя інвестыцыйныя праекты.


Фота: БЕЛТА

Як заявіў падчас свайго выступлення на афіцыйнай цырымоніі адкрыцця Нацыянальнага дня Беларусі прэм'ер-міністр нашай краіны Андрэй Кабякоў, наш павільён наглядна дэманструе дасягненні краіны ў розных сферах. Тут госці могуць пазнаёміцца з дзейнасцю Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень». Акрамя гэтага, у нашым павільёне прадстаўлены ўвесь спектр машынабудаўнічай галіны айчыннай эканомікі. У прэзентацыях зроблены асаблівы ўпор на шырокае выкарыстанне ІТ-тэхналогій. Нацыянальны каларыт і самабытнасць нашай культуры адлюстраваны ў ільняных, скураных, керамічных і саламяных вырабах — у тым ліку ручной работы.

«Выстаўкі «ЭКСПА» — гэта ўнікальныя па сваёй сутнасці мерапрыемствы. На іх дзяржавы наглядна дэманструюць дасягненні ў розных сферах, расказваюць пра нацыянальную культуру, традыцыі, гісторыю. У сваю чаргу наведвальнікі маюць выдатную магчымасць здзейсніць кругасветнае падарожжа за адзін дзень, убачыць на ўласныя вочы, якая разнастайная сусветная цывілізацыя, якая цудоўная наша планета. Канцэпцыя Нацыянальнага павільёна Беларусі пабудавана менавіта на гэтых ідэях», — падкрэсліў Андрэй Кабякоў.

Па словах прэм'ера, асноўная тэма ЭКСПА-2017 у Астане — «Энергія будучыні» — вельмі актуальная для ўсёй Зямлі. Ён звярнуў увагу, што Беларусь, як і многія іншыя ўдзельнікі «ЭКСПА», выбудоўвае сваю энергетычную палітыку такім чынам, каб не дапусціць негатыўнага ўплыву знешніх фактараў на развіццё краіны. «У Беларусі на змену традыцыйным газу, драўніне і вугалю паступова прыходзяць такія крыніцы энергіі, як вецер, сонца, біяпаліва. Мы развіваем мірны атам, будуем у сябе атамную электрастанцыю, якая стане адной з самых сучасных і бяспечных АЭС у свеце. Перакананы, што толькі сумеснымі намаганнямі мы зможам захаваць прыродны патэнцыял нашай планеты, забяспечыць даступнасць энергіі будучыні для новых пакаленняў», — адзначыў Андрэй Кабякоў.

Падчас візіту ў Казахстан кіраўнік беларускага ўрада сустрэўся са сваім калегам — прэм'ер-міністрам Рэспублікі Казахстан Бактыжанам Сагінтаевым. На працягу сустрэчы былі абмеркаваны актуальныя пытанні як двухбаковага супрацоўніцтва, так і ўзаемадзеяння ў рамках інтэграцыйных аб'яднанняў. Бактыжан Сагінтаеў сярод іншага паведаміў, што распачата актыўная падрыхтоўка візіту прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева ў Мінск. Даты пакуль узгадняюцца, арыенціровачна гэта можа адбыцца ў канцы лістапада.

Кіраўнікі ўрадаў Беларусі і Казахстана прынялі ўдзел у адкрыцці выстаўкі «Made іn Belarus. Astana» і работы беларуска-казахстанскага бізнес-форуму.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Кругасветнае падарожжа за адзін дзень. Прыпынак — Беларусь

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.