Вы тут

Сацыяльныя мэты сталіцы


Строгае патрабаванне з кіраўнікоў Мінска будзе за выкананне прагнозных паказчыкаў па працаўладкаванні на новыя працоўныя месцы, росце заработнай платы і прыцягненні прамых замежных інвестыцый. Пра гэта заявіла кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава ўчора на аператыўнай нарадзе ў Мінгарвыканкаме.


Як паведамляе БелТА, Наталля Качанава акцэнтавала ўвагу на ролі кіраўнікоў адміністрацый раёнаў Мінска. «Усе пытанні, якія датычацца работы прадпрыемстваў і арганізацый, пытанні, ад якіх залежыць жыццё людзей на тэрыторыях, павінны вырашацца адказна і аператыўна, — сказала яна. — Прагнозныя паказчыкі ў сталіцы павінны быць забяспечаны, варта распачаць для гэтага ўсе неабходныя захады».

Наталля Качанава лічыць, што Мінск павінен паказаць прыклад рэгіёнам краіны ў гэтай працы. Што да выканання ўстаноўленага задання па працаўладкаванні на нядаўна створаныя працоўныя месцы, то гэтым трэба ўшчыльную займацца і кіраўнікам адміністрацый, і кіраўнікам на месцах.

«Пастаўлена задача да 1 кастрычніка прыняць абноўлены Дэкрэт №3. Акцэнт пераносіцца на мясцовыя органы ўлады. Вы павінны адсачыць кожнага чалавека, скласці вывераныя спісы — прапануйце людзям працу, дапамагайце ім з працаўладкаваннем», — сказала Наталля Качанава.

Мінску даведзена заданне дасягнуць у снежні ўзроўню сярэдняй заработнай платы ў 1385 беларускіх рублёў. «Трэба не толькі выйсці ў снежні на гэты параметр, але і ўтрымаць яго», — падкрэсліла кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Наталля Качанава таксама звярнула ўвагу на неабходнасць дашліфаваць парадак у Мінску. «Да ўтрымання тэрыторый у цэнтры сталіцы, як паказаў аб'езд, пытанняў няма. Чаго не скажаш пра дваровыя тэрыторыі на ўскраінах, — канстатавала яна. — Усе, хто прыязджае ў Мінск, адзначаюць, што горад прыгожы і чысты. Але трэба парадак дашліфаваць — ёсць праблемныя месцы».

Яна зрабіла акцэнт на аб'ектах незавершанага будаўніцтва. «Вазьміце сітуацыю на кантроль — пытанні трэба аператыўна вырашаць, зацягваць з гэтым нельга», — паставіла задачу Наталля Качанава. На яе думку, выкананне пастаўленых Мінску задач рэальнае — патэнцыял у сталіцы значны. «Пастаўлена задача — выконвайце, даводзьце да лагічнага завяршэння», — рэзюмавала кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады. І дадала, што ў краіне выбудаваная нармальная, сур'ёзная праца па ўсёй вертыкалі.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».