Вы тут

Устаноўленая мінімалка — гэта з падаткамі ці «чыстымі»?


У рэдакцыю «Звязды» даслала ліст Алена Аляксандраўна Стома з вёскі Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна. Наша чытачка піша, што ўжо не першы год выпісвае нашу газету і рэкамендуе яе сваім знаёмым. Заўважыўшы, што ў «Звязду» паступаюць розныя пытанні ад чытачоў, задае і свае, якія яе хвалююць.

Вось яны: першае — у нашай краіне ўстаноўлена мінімальная зарплата. На сённяшні дзень гэта 265 рублёў. Гэта з падаткамі ці «чыстымі»? То-бок, на рукі чалавек павінен атрымаць не менш за 265 руб. за поўны месяц ці яшчэ могуць вылічыць падаткі, і выйдзе меншая сума? І другое пытанне: хацелася б ведаць пералік прадуктаў і другіх тавараў, якія ўваходзяць у пражытковы мінімум.


З гэтым лістом мы звярнуліся ў камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага аблвыканкама. На днях рэдакцыя атрымала адказ за подпісам намесніка старшыні камітэта А.Л. Помазавай.

З дадзенага адказу вынікае, што згодна з Працоўным кодэксам нашай краіны велічыня мінімальнай заработнай платы ўключана ў сістэму дзяржаўных гарантый. А калі дакладней, то мінімальная заработная плата (месячная і пагадзінная) — гэта дзяржаўны мінімальны сацыяльны стандарт у галіне аплаты працы пры выкананні ўстаноўленай (месячнай або пагадзіннай) нормы працы.

Згодна з пастановай Савета Міністраў ад 27.12.2016 года №1080 «Аб устанаўленні памеру месячнай мінімальнай заработнай платы» мінімальная месячная заработная плата ўстаноўлена ў памеры 265 рублёў.

Разам з тым Падатковым кодэксам і Законам Рэспублікі Беларусь аб пенсійным забеспячэнні вызначаны абавязковыя ўтрыманні з атрыманых даходаў фізічных асоб. У тым ліку гэта датычыцца і налічанай заработнай платы (і мінімальнай заработнай платы): з яе ўтрымліваецца падаходны падатак (13%) і страхавыя ўнёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (1%).

Такім чынам, паважаная Алена Аляксандраўна, з налічаных 265 рублёў яшчэ павінны быць утрыманы неабходныя падаткі.

* * *

Што датычыцца другога пытання нашай чытачкі, то, як паведамляецца ў лісце з камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага аблвыканкама, бюджэт пражытковага мінімуму (БПМ) як сацыяльны нарматыў прызначаецца для аналізу і прагназавання ўзроўню жыцця насельніцтва, аказання дзяржаўнай сацыяльнай дапамогі малазабяспечаным грамадзянам (сем'ям) і абгрунтавання мінімальных дзяржаўных сацыяльна-працоўных гарантый.

Ён разлічваецца для наступных асноўных сацыяльна-дэмаграфічных груп насельніцтва: працаздольнае насельніцтва; пенсіянеры; студэнты; дзеці ва ўзросце да 3 гадоў; ад 3 да 6 гадоў; ад 6 да 18 гадоў; у сярэднім на душу насельніцтва.

З 1 жніўня 2017 года БПМ быў устаноўлены ў памеры 197,57 беларускага рубля ў сярэднім на душу насельніцтва.

Пражытковы мінімум складаецца з мінімальных набораў прадуктаў харчавання для асноўных сацыяльна-дэмаграфічных груп насельніцтва і нехарчовых тавараў і паслуг. Прычым кошт нехарчовых тавараў і паслуг павінен складаць 77% ад кошту мінімальнага набору прадуктаў харчавання.

На наша пытанне аб тым, ці ёсць дакладны пералік прадуктаў і іншых тавараў, якія ўваходзяць у пражытковы мінімум, спецыялісты камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага аблвыканкама адказалі, што гэта не ўваходзіць у сферу іх кампетэнцыі.

Разам з тым яны адзначылі, што мінімальныя наборы прадуктаў харчавання для асноўных сацыяльна-дэмаграфічных груп насельніцтва вызначаны пастановай Савета Міністраў ад 04.09.2014 года №865 «Аб зацвярджэнні пражытковага мінімуму для асноўных сацыяльна-дэмаграфічных груп насельніцтва і Палажэння аб парадку разліку бюджэту пражытковага мінімуму па асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах і ў сярэднім на душу насельніцтва». На жаль, пералік гэтых прадуктаў харчавання займае шмат месца і газета не мае магчымасці перадрукаваць яго на сваіх старонках. Раім вам азнаёміцца з ім самастойна.

* * *

Акрамя таго, у Мінскім аблвыканкаме дадаткова праінфармавалі, што кожнаму, хто мае ў гэтым патрэбу, можа быць прадастаўлена дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога (далей — ДАСД) у выглядзе штомесячнай і (або) аднаразовай сацыяльных дапамог.

ДАСД у выглядзе штомесячнай сацыяльнай дапамогі прадастаўляецца сем'ям і грамадзянам пры ўмове, што іх сярэднедушавы даход па аб'ектыўных прычынах ніжэйшы за найбольшую велічыню бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (далей — крытэрый патрэбнасці).

Аднаразовая сацыяльная дапамога прадастаўляецца сем'ям (грамадзянам), якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, аб'ектыўна парушаючай нармальную жыццядзейнасць пры ўмове, што іх сярэднедушавы даход складае не больш за 1,5 велічыні за крытэрый патрэбнасці (з 01.08.2017 — 296,35 рубля).

Для вызначэння права на гэтыя віды ДАСД сярэднедушавы даход сям'і (або грамадзяніна) разлічваецца за дванаццаць месяцаў, якія папярэднічаюць месяцу звароту.

Для вызначэння права на гэты від дапамогі вы можаце звярнуцца ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў адпаведнасці з рэгістрацыяй па месцы жыхарства (месцы знаходжання).

Святлана БУСЬКО

buskо@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.