Вы тут

Ці патрэбна мяжа ўсенароднай любові да першадрукара?


Адна з самых значных дат мінулага паўтысячагоддзя надышла. Скарына выдаў першую друкаваную кнігу 6 жніўня. А мы годна ўспомнілі пра гэта праз 500 гадоў (і шмат урачыстасцяў яшчэ пройдзе ў найбліжэйшы час). Асабліва апантаныя працай першадрукара людзі паставіліся да адзначэння важнай падзеі досыць крэатыўна — чым выклікалі хвалю абурэння і крытыкі ад нязгодных з такімі падыходамі. А што думаеце вы?


Па электронным сеціве актыўна гуляюць партрэты Скарыны, дзе першадрукар намаляваны то ў акулярах, то з мабільным тэлефонам у руках — а то і з павелічальным шклом, праз якое глядзіць на свет. Не ўсім прыйшліся даспадобы такія «жарцікі». Маўляў, як пасмелі гуляцца з вобразам тытана беларускага Адраджэння?! Як адважыліся ўносіць змены ў амаль што кананічны партрэт?..

Аднак мне прыгадваецца, што акурат сам Скарына ў свой час быў наватарам. І калі ён размясціў уласны партрэт у Святым Пісанні, тое таксама выклікала хвалю абурэння.

Многія мяркуюць, што, калі б Скарына жыў у наш час, то безумоўна, карыстаўся б сацыяльнымі сеткамі — ствараў бы сабе старонкі на папулярных інтэрнэт-рэсурсах. Таму ідэя зарэгістраваць акаўнт Скарыны ў сеціве цяпер, у ХХІ стагоддзі, проста лунала ў паветры. І знайшліся тыя, хто такі зарэгістраваў першадрукара ў інстаграме (самая папулярная маладзёжная праграма). На працягу пэўнага часу там выкладваліся малюнкі, якія ілюстравалі пэўныя гістарычныя перыяды жыцця Скарыны. Напрыклад, стваральнікі старонкі славутага палачаніна паспрабавалі ўявіць, як бы мог выглядаць яго выпускны ў 1506 годзе ў Кракаве. Побач з малюнкам, дзе сімпатычны маладзён (пэўна ж, Скарына) са стужкай выпускніка трымае разам з некалькімі сябрамі куфлі піва, змяшчаюцца дасціпныя допісы. Карыстальнік «Франак-друкар» паведамляе, што гэта «паці ў Вавелі», не забываючы паставіць пазнаку «#малады спецыяліст». Нехта «Казік» тут жа пытаецца, хто сыходзіў апошні і ці не бачылі яго дыплом? Ну а «Лука_Скарына» (пэўна ж, маецца на ўвазе бацька першадрукара) піша наступнае: «Яшчэ хоць раз — ніякіх перадачак з Полацка». Дарэчы, пагартаўшы гэты інстаграм, у такой вось вясёлай форме, можна дакладна запомніць, у якіх гарадах бываў наш першадрукар і што там з ім адбывалася.

Не дарэмна жартуюць, што, калі ў наш час цябе няма ў сеціве, то, лічы, цябе няма зусім. Вядома ж, не стаўцеся да гэтага выказвання зусім сур'ёзна. Аднак частка рэальнага жыцця сапраўды перакачавала ў віртуальнае. Там адбываюцца многія дыскусіі і абмеркаванні, там прызначаюцца сустрэчы і рассылаюцца запрашэнні. Там жа можна адсвяткаваць пэўную падзею — нават ніяк не згадаўшы яе ў жыцці рэальным. Да юбілею кнігадрукавання музыка Аляксей Фралоў заклікаў усіх акурат 6 жніўня выкладваць свае фотаздымкі, зробленыя каля помніка Скарыну (калі такія маюцца) і пісаць пра святочную падзею — каб дакладна ніхто не прапусціў урачыстасць. Некаторыя «жыхары сеціва» вырашылі далучыцца да свята, замяніўшы свае профільныя выявы партрэтамі першадрукара. Запрацаваў нават адмысловы сайт 500gоd.bу, створаны спецыяльна для ўсеагульнага святкавання знакавага юбілею.

Што казаць, і «Звязда» не засталася ў баку. На нашым фірмовым календары, зробленым на ўвесь 2017 год, таксама змешчаны партрэт Скарыны.

Многія ўстановы пастараліся выпусціць адпаведную сувенірную прадукцыю (але хацелася б бачыць яшчэ больш розных «Скарын»). Так, на Белпошце выйшла адмысловая паштовая марка з выявай першадрукара і канверт «Першы дзень» — усё гэта разам можна набыць і ў прыгожай залатой рамцы як адмысловы сувенір. На Добрушскім фарфоравым заводзе выраблены кубачак, на якім змешчаны партрэт Скарыны, — той самы, што і ў Псалтыры. Брэнд адзення LSTR вырабіў прыгожыя майкі, з вялікімі прынтамі «Сонца Маладзіковае» — надзяваеш такую, і адразу адчуваеш сябе нібы датычным да вялікай справы першадрукара.

6 жніўня адмысловыя набажэнствы, са згадкамі пра тое, што зрабіў наш зямляк 500 гадоў таму, праходзілі ў некаторых цэрквах і касцёлах. У гэты дзень вандроўнікі з розных куткоў скіроўваліся не толькі ў старажытны Полацк. Адразу дзве групы з Мінску арганізавалі паездкі ў Прагу — адна пад кіраўніцтвам філосафа і тэолага Ірыны Дубянецкай, другая — з гісторыкам і экскурсаводам Паўлам Каралёвым. Спявачка Кацярына Ваданосава, апынуўшыся ў Італіі, не змагла не наведаць у святочны дзень Падую. Тое ж можна сказаць і пра іншыя мясціны, дзе бываў першадрукар, — безумоўна, яны не засталіся без гасцей, што прыехалі туды дзеля памяці пра нашага асветніка.

Адным з самых экстравагантных спосабаў ушанавання аказаўся... торт, спечаны ў выглядзе Бібліі Скарыны. Важыць такі салодкі памятны ласунак ажно 25 кілаграм! Спечаны ён у Віцебску мясцовай жыхаркай Настассяй Зямлянкай. У нядзелю, пасля набажэнства, яго разам елі вернікі адной пратэстанцкай царквы. Здымкі торта, размешчаныя ў сеціве, некаторыя карыстальнікі ацанілі досыць крытычна: маўляў, гэта блюзнерства, рабіць з Бібліі торт! Нехта ўбачыў у гэтым і клаўнаду, і непрыстойнасць адначасова.

У часы, калі жыў Скарына, яго таксама не разумелі. Чаму менавіта кнігавыданне? З якой прычыны абрана Біблія? Навошта змяшчаць каментарыі, дзеля чаго ўжываецца старабеларуская лексіка? Не ўпэўнена, што сам першадрукар мог сфармуляваць дакладныя разгорнутыя адказы на гэтыя пытанні — хутчэй інтуітыўна адчуваў, што мусіць рабіць так, а не іначай.

Відавочна, што ідэальным для грамадскага меркавання з'яўляецца толькі той, хто нічога не робіць. Таму нам трэба навучыцца рухацца наперад, не баючыся памылак. Нехта не зразумее, нехта пакрытыкуе ці ўвогуле будзе імкнуцца ануляваць тваю працу. Аднак менавіта дзівакі ствараюць гісторыю. Жыццё — не заўсёды паслухмяная котка. Часам трэба адважыцца пагладзіць яе супраць поўсці. Кожны мае права на ўласнае бачанне. І можа вырашаць сам, як яму аддаваць даніну памяці Скарыну.

Падаецца, менавіта так мусім мы ўзгадваць пра вялікіх дзеячаў нашай гісторыі: усенародна, з нечаканымі падыходамі. Хтосьці радуецца і прыдумвае пэўныя цікавінкі — іншы ў той жа момант абражаецца. Праўда ў кожнага свая. І толькі ў Бібліі ісціна адна.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Салодкі» Скарына

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.