Вы тут

Чараўніцтва гісторый


Летнім ліпеньскім вечарам ва ўтульным дворыку Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа адбылася прэзентацыя новай кнігі Ігара Палякова — аднадзённай драмы «Містычковая гісторыя» (кніга так і называецца).


Ігар Палякоў — пісьменнік, рэжысёр, відэамейкер. Нарадзіўся і вырас у Гомелі, цяпер жыве ў Мінску. У 2009 годзе ў адной з намінацый беларускага альтэрнатыўнага кінафоруму «Кінаварка» яго кароткаметражны фільм «Танга кастрычніка...» атрымаў прызавое месца. У 2012 годзе І. Палякоў выпусціў першы поўнаметражны фільм «Сакрэт майго Кухара», а таксама даслаў урывак сваёй аповесці на літаратурны конкурс для аўтараў-пачаткоўцаў «Першая глава», арганізаваны выдавецтвам «Рэгістр», і перамог. Яго кніга «Прасторы» была выдадзена і прэзентавана ў 2014 годзе. Аркамя таго, Ігар Палякоў вёў калонку ў «ЛіМе» ў 2014 — 2015 гг., публікаваў свае аповесці і эсэ ў розных беларускіх выданнях.

І вось прэзентацыя новай, другой па ліку кнігі. З раніцы ў вядучай Тамары Лісіцкай прапаў голас, але да вечара ён магічным чынам з’явіўся. Абаяльная жанчына і сябар аўтара вырашыла пазнаёміць наведнікаў з галоўнымі героямі кнігі. Тамара Лісіцкая была прафесарам філалогіі, галоўны рэдактар выдавецтва «Рэгістр» Таццяна Фалалеева выконвала ролю захопленай дамы, навукоўца, краязнаўцы. Нават дырэктар выдавецтва Фаціма Баранава пераўвасобілася ў дырэктара крамы ніжняй бялізны. Завіталі на сустрэчу ў цікавых амплуа бабулі і генерала пераможцы конкурсу «Першая глава» розных гадоў — Міхаіл Лучыцкі і Валерыя Фамінова. Кожны павіншаваў Ігара і паспрабаваў заінтрыгаваць будучых чытачоў. Распавёў пра кнігу і аўтар:

— У «Містычковай гісторыі» хацелася адысці ад ранейшага стылю і манеры пісьма — пахуліганіць, звярнуцца да гісторый і разважанняў, якія цікавілі ў апошнія гады. У гэтай кнізе можна вярнуцца да сябе, каб не страціць з цягам часу каштоўных і важных якасцей. Таксама ў творы шмат музыкі. Мне хацелася, каб кніга была жывой, як кіно ці спектакль. Спадзяюся, у чытачоў узнімецца настрой, і яны задумаюцца над рэчаіснасцю.

Гэта быў джазавы вечар з расслабляльнай музыкай, прыемнымі людзьмі і смачнымі пачастункамі. Арганізоўвалі спектакль, спрабавалі зрабіць з гледачамі джазавы аркестр і нават увасобілі ў жыццё галоўную страву кнігі — Fegato alla veneziana! Насамрэч, аўтар асабіста спрабаваў шэсць ці сем рэцэптаў прыгатавання печані, пакуль не знайшоў непаўторны смак і пах, апісаны ў кнізе.

Калі скончылася афіцыйная частка, чытачы адгадвалі загадкі (напрыклад, чаму на яблыні ў музеі «расце» чарэшня), рабілі фотаздымкі і бралі аўтографы.

Нарэшце разгортваем кнігу, і гісторыя пачынаецца...

У невялікім горадзе пад назвай БК — звычайнае штодзённае жыццё. Сваркі паміж суседзямі, бабулі пад акном, падлеткі, якія збягаюць на прагулкі. Увагу прыцягваюць галоўныя дзеючыя асобы — Раман Дольнік і Марына Браверман. Іх чарговы скандал жыхары сузіраюць з асаблівай цікаўнасцю, як нейкую забаўку. Але ў гэты момант ва ўтульным еўрапейскім дворыку са старой вішняй, якая падзяліла яго тэрыторыю на дзве часткі, здараецца нешта неверагоднае. Гэта здарэнне дапамагае героям зірнуць на сябе з іншага боку, палепшыць адносіны з блізкімі, праналізаваць (не) патрэбныя прынцыпы, пераасэнсаваць свае погляды і не згубіць сэнс жыцця.

 «Містычковая гісторыя» — кніга, якая заваблівае. Тут шмат яскравых і эфектных персанажаў: прафесар філалогіі — непараўнальная Марына Отаўна, трубач, слесар і фізік Раман Аркадзьевіч, лепшы аналітык дамініканскай выведкі Локрыа, беларускамоўная журналістка Алеся Адамаўна... У кожнага героя — свая гісторыя, і калі вас не зацікавіла адна, то дакладна заінтрыгуе іншая!

Героі нібы праходзяць школу выжывання: сустракаюць двайнікоў і імкнуцца разумець іх з вяршыняў свайго сталага ўзросту. Марына адчувае, што камандзірскі дух сапсаваў яе адносіны з мужам (з якім яна дагэтуль не развялася). Раман прызнае галоўныя памылкі ў жыцці. Але ж і шчаслівага тут шмат: напрыклад, падлеткі робяць незвычайныя адкрыцці, калі займаюцца любімымі справамі.

Здольнасць аўтара заблытаць лёсы персанажаў захапляе з першай старонкі. Карціна дапаўняецца дзіўнымі сінкопамі і нечаканымі паваротамі, тым больш што сфера дзейнасці персанажаў — гэта і гісторыя, і літаратура, і музыка, і журналістыка, нават ваенныя дзеянні.

«Аднадзённая драма ў 70-ці сігналах» — так пазначана «Містычковая гісторыя». Чаму ў сігналах? Радыё будзе выконваць у кнізе не апошнюю ролю. Але гэта не ўся своеасаблівасць тэксту. Ёсць і шыфры (напрыклад, можна адгадаць назву выдавецтва), імправізаваная праграмка (жыццё — тэатр, як сцвярджае аўтар). «Містычковая гісторыя» перакрываецца назвай «Мястэчкавая гісторыя» згодна з задумкай дызайну вокладкі. Ігар Львовіч апісаў прыгожы і ўтульны горад, а назва БК — па першай і апошняй літарах. Гэта маглі быць Бярозаўка, Бабруйск, Белаазёрск, але яны не каля Дняпра (як па сюжэце). Загадкай застаецца назва горада. Мабыць, нехта з чытачоў пастрабуе яе адгадаць. Напрыклад, пашукаць гістарычныя назвы гарадоў ля Дняпра. Галоўная падзея — таксама загадка: дзівоснае здарэнне адбылося з-за неверагоднага месца або матэматычнага разліку? Містыкі і фантазіі ці дакладнасці лічбаў?..

Твор закранае праблему ўзаемаадносін з блізкімі людзьмі. Ці варта хавацца за маскай іроніі, каб пазбегнуць шчырасці? Ці проста прызнаваць свае памылкі, слухаць і чуць блізкіх людзей і выбачаць ім? Ці трэба вучыцца абмяркоўваць свае пачуцці? Чытаць такую кнігу карысна ў любым узросце...

Селіна ЧАРНОВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.