Вы тут

Ноты маленькіх сімфоній


Выдатна, што часам можна «прыпыніць непазбежнасць» і няспешна прайсціся сцежкамі метафар і алегорый: элегічна-настальгічных, як у Віктара Шніпа, і гучна-дэкларацыйных, як у Хрысціны Гарвер.


Дэбютантка і сталы майстра прадстаўляюць паэтычныя старонкі ліпеньскай «Маладосці». Лірычны герой Віктара Шніпа паглыбляецца ў скрушныя развагі пра чалавечую адзіноту на краі ўласнага сусвету, калі ўсведамленне нязменнасці мінулага ўспрымаецца без болю, бо незваротнасць найшчаслівейшых імгненняў умоўная — іх усё-ткі можна перажыць не толькі ў памяці, але і ў сузіранні — вечнасці заходу сонца, кахання, веры, адданасці. А вось гераіня Хрысціны Гарвер адназначна на іншым жыццёвым прыпынку, іншым узроўні спасціжэння сваёй унікальнасці:

Я — боства здольнасцей каштоўных

І адчуваць, і бачыць, чуць…

Але згубіла дар свой моўны:

Ўсё разумею і — маўчу.

Праўда, у метафарычных снах пра Буду і нараджэнне шамана багата ад славянскага паганства, а некаторыя паэтычныя адкрыцці ўжо даўно гучаць як цытаты.

На суд чытача прадстаўляе свае заўважынкі Ганна Чакур. Заўважынкі — гэта нешта сярэдняе паміж падарожнымі нататкамі і допісамі ў сацыяльных сетках. Аўтар дзеліцца сваімі ўражаннямі з паездак у Германію, Польшчу, Літву, а таксама з наведвання некаторых беларускіх культурных імпрэз. У апавядальную канву ўплятаюцца ўспаміны дзяцінства, міжнацыянальныя культурныя аналогіі… і яшчэ багата чаго іншага, што заўважае Г. Чакур і лічыць вартым увагі. Паколькі працяг абяцаны ў наступным нумары, ёсць магчымасць праверыць, наколькі сталай будзе чытацкая цікавасць да прапанаваных заўважынак.

Сумніўным выглядае спосаб мастацкага ўвасаблення тэмы раскулачвання, абраны Таццянай Лашук. Апавяданне «Засеўкі» — гэта своеасаблівы творчы эксперымент, па-вучнёўску добрасумленна выкананае заданне па ўвасабленні моўна-стылёвай і тэматычнай стылізацыі: мы нібыта чытаем беларускую прозу 1960-х гадоў, але сапраўды толькі нібыта. Тыя героі (ці больш дакладна, мастацкія тыпы), тыя рэаліі, але адчуванне дэжавю не ўзнікае. Асноўная праблема ў мове — сучаснай, па-кніжнаму неаўтэнтычнай і праз гэта часта штучнай.

Як бы мы, сённяшнія, ні намагаліся, у нас не атрымаецца адрадзіць у сваім штодзённым маўленні натуральную гаворку нашых бабуль і дзядуляў. На жаль. Стараннасць аўтаркі відавочная, імкненне ўшанаваць памяць бабулі, якой прысвечана апавяданне, вядома, выклікае павагу. Ды і тэма — калектывізацыя, раскулачванне, знішчэнне традыцыйнага сялянскага ладу жыцця — безумоўна, невычэрпная. Аднак звяртацца да яе мастацкага асэнсавання, відаць, усё-такі варта з аглядкай на творчыя здабыткі папярэднікаў, каб у параўнанні з апавяданнямі і аповесцямі Адамчыка, Пташнікава, Жука, Чыгрынава, Сіпакова і іншых (я ўжо не кажу пра Чорнага, Зарэцкага, Калюгу, Крапіву) новы твор не выглядаў бездапаможным.

Адзін з герояў рамана Андрэя Федарэнкі «Рэвізія», трапіўшы ў паралельна-ірэальным вымярэнні ў нашу вёску 1920-х гадоў, з імпэтам і натхненнем кінуўся занатоўваць аўтэнтычныя побытавыя рэаліі і моўныя канструкцыі, каб перадаць у сучаснасць… Але спыніўся, бо раптам усвядоміў бессэнсоўнасць сваёй задумы: вёска 1920 — 1930-х гадоў, тая самая беларуская атлантыда, якой даўно няма і больш ніколі не будзе, падрабязна і таленавіта апісана ў творчасці многіх пісьменнікаў. Варта проста не забывацца на гэта.

* * *

Выдатнымі празаічнымі тэкстамі Уладзіміра Сцяпана пачынаецца ліпеньскі нумар «Полымя». У. Сцяпан — творца з адметным стылем, пазнавальны з першых фраз: «Гэты ўспамін выглядае нейкім архаічным, амаль стагадовым, але гэта ўсё было са мной»; «Бывае, зойдзеш у раку і стаіш нерухома»; «Дзеду ішоў дзевяноста другі»… Доўжыць пералік першых нот маленькіх сімфоній можна далей, але і па прыведзеных прыкладах выдатна відаць: Уладзімір Сцяпан заўсёды пачынае аповед з нечага быццам бы другараднага, нязначнага. І ў той жа час гэтыя драбніцы маюць вялікае значэнне. Бясконцасць дзяцінства і ў сувязі з гэтым пэўная пазачасавасць успамінаў таго перыяду. Хуткаплыннасць усяго, якая ў часе выглядае поўнай нерухомасцю; чытай: вокамгненнасць чалавечага жыцця, у якой адначасова адчуваецца бязмежнасць. Вобраз чалавека, лаканічны, выразны штрых. Такія штрыхі ўласцівыя графіцы Сцяпана-мастака.

Так, Уладзімір Сцяпан — мастак у шырокім сэнсе слова, і стыль яго твораў, якому б віду мастацтва яны ні належалі, нязменна акуратны, дакладны ў выяўленні драбніц. Найбольшы талент, мабыць, палягае тут нават не ў падборы слова, а ў падборы дэталяў. Як ніхто Уладзімір Сцяпан умее адсейваць зерне ад штодзённай церухі. Напрыклад, не мае значэння, як звалі, якога года нараджэння быў бацька аўтара, як ён выглядаў, дзе працаваў. Але гэты чалавек сказаў сыну, што злавіў малька — вярні ў ваду. Аднаго выказвання дастаткова, каб убачыць чалавека.

Мастацтва бачыць, бачыць пранізліва, Уладзімір Сцяпан выхаваў у сабе праз уменне глядзець у сябе. Трэба быць смелым, каб навучыцца гаварыць сабе праўду, не маніць датычна адчуванняў і думак. Гэта надае чалавеку ясны зрок, амаль дзіцячы, калі рэчаіснасць успрымаецца такой, якая яна ёсць, без наслаенняў ацэнак, стэрэатыпаў, шаблонаў, усіх тых ярлыкоў, якія дарослы чалавек навешвае на наваколле, каб спрасціць сабе жыццё, сэканоміць час, які чым далей, тым больш ператвараецца ў грошы. І тут важна адзначыць, што Уладзімір Сцяпан паказаў сябе майстрам філасофскіх трохрадкоўяў, вядомых з кітайскай літаратурнай традыцыі. Думаецца, з часам каштоўнасць мастацкага слова Уладзіміра Сцяпана будзе толькі расці.

Сумніўна выглядае раман-споведзь Зоі Падліпскай «Маналог у паўстагоддзя…». Прызнацца, у пэўны момант сапраўды пачынае здавацца, што маналог гэты доўжыцца пару дзясяткаў гадоў. І такая адпаведнасць назве зусім не з’яўляецца добрай — у гэтым канкрэтным выпадку. Споведзь адрасавана маці. Гэта мусіла быць нешта інтымна-кранальнае, зноў жа, з увагай да драбніц, якія раней, пры жыцці маці, адступалі на задні план, а цяпер, калі позна пра нешта казаць, бачацца самым значным сярод іншага. Аднак Зоя Падліпская з інтанацыі давяральнай, пяшчотнадаччынай, якую вось-вось гатова была ўзяць на пачатку твора, сарвалася на сухую наратыўнасць. Прычым галоўным зместам аповеду робяцца то гісторыя Случчыны, то гераічны подзвіг байцоў самых розных войнаў (і тут дадамо, што праўдзівасці ў такіх фрагментах у разы менш, чым рамантызму). Дайшло нават да гісторыі льнаводства на Беларусі. Якім чынам гэтыя тэмы вяжуцца са споведдзю да мамы — аднаму аўтару вядома.

На суд чытача пакідаем апавяданні Таццяны Будовіч-Барадулі. Відавочная датычна гэтых тэкстаў сублімацыя аўтаркі: у вобразах жанчын, такіх смелых, адчайных, незабыўна-драматычных, яна хацела б бачыць сябе. Апавяданні «Дарогі і сантыменты», «Даруй мне, Петрык!» злёгку сентыментальныя, злёгку іранічныя. Тыповая танальнасць чытва для жанчын. Аднак выцягвае іх з гэтага ўзроўню неадназначнасць фіналаў. Чытач можа ўспрымаць развязку літаральна, а можа зачапіцца за нейкую дэталь, задумацца, зразумець, што ўсё не так адназначна. Напрыклад, другое апавяданне можа падштурхнуць да думкі, што галоўны мужчынскі персанаж зусім не герой, няўпэўнены ў сабе чалавек, якому патрэбна самаахвярнасць, каб адчуваць сябе жывым. Ці не пакінуў ён сваю абранніцу за тое, што яна аказалася не такой слабой, як думалася?.. Героі Таццяны Будовіч-Барадулі часта інфантыльныя, адарваныя ад рэальнасці, а гэта таксама нагода падумаць, ці здольныя мы самі ўсведамляць наступствы сваіх учынкаў і ці такія мы разумныя, як нам часта думаецца.

* * *

 Выдатна. Раман Дэна Браўна «Код да Вінчы» — незабыўная кніжная сенсацыя пачатку ХХІ стагоддзя. Гісторыя прафесара Роберта Лэнгдана пачалася ў рамане «Анёлы і дэманы» (2000) і атрымала працяг у «Страчаным сімвале» (2009) і «Інферна» (2013). «Страчаны сімвал» — таксама бестселер — прысвечаны руху масонства, што надзвычай зацікавіла аўтарку публікацыі «Памылка “рэзідэнта” Браўна» Алену Чыжэўскую. Шаноўная аўтарка — асоба вельмі дасведчаная ў пытанні рэлігійных рухаў і таямнічых ідэалогій. З яе тэксту можна даведацца не толькі пра хітраспляценні сюжэта, але і пра прыхаваныя намеры аўтара ў плане фарміравання чытацкага стаўлення да дзейнасці масонскіх ложаў. На пятнаццаці часопісных старонках можна знайсці нямала цікавых звестак пра масонства. І хай сабе аўтар непрыхільна ставіцца да «славалюбных палітыкаў, саманадзейных навукоўцаў, карыслівых літаратараў, бесчалавечных фінансістаў і проста сябелюбных пасрэднасцей», галоўнае, што яе тэкст атрымаўся жывым і вельмі інфарматыўным!

Сумніўна. «Таямнічую» тэму ў сёмым нумары «Нёмана» адкрывае апавяданне Валяр’яна Кісліка «Прывід вілы Медычы». Каля знакамітай вілы, у якой жылі і працавалі вядомыя мастакі, расійская турыстка заўважае самотнага мужчыну ў чорным касцюме. Высвятляецца, што гэта мастак Васіль Пукіраў, які сышоў з карціны, каб агледзець сучаснае, камфортнае жыццё. Пасля гэтага выпадку многія персанажы вядомых палотнаў пачынаюць вандраваць па карцінах, мастацкіх галерэях і нават гарадскіх вуліцах. Цікавае здарэнне! Але адну і тую ж гісторыю можна распавесці па-рознаму: каб чытач задрыжэў ад вусцішы, альбо задумаўся пра магутную сілу мастакоўскага таленту, альбо зацікавіўся біяграфіяй пэўнага творцы... У сэнсе ўздзеяння на чытача апавяданне В. Кісліка цяжка назваць «эфектным». Напачатку аўтар сцвярджае, што апісвае гісторыю, пачутую ад шчырых людзей, і не сумняваецца ў яе праўдзівасці, потым абсалютна сур’ёзна апісвае самыя неверагодныя акалічнасці... Чытач наўрад ці паверыць у рэальнасць здарэння і будзе марна чакаць альбо іранічных заўваг, альбо містычнага жаху, альбо займальных падзей накшталт знаёмстваў сучаснікаў з персанажамі вядомых карцін.

У гэтым нумары змешчаны яшчэ адзін аповед пра неверагоднае здарэнне — апавяданне Міхаіла Смірнова «Язык». Язык крыху нагадвае гогалеўскага Носа — ён шукае лепшага гаспадара і вызначае, «каму на Русі добра жыць», бо трапляе да людзей розных сацыяльных статусаў. Гэты твор не столькі фантасмагорыя, колькі сацыяльная пародыя, і дзіўнае здарэнне, якое «знайшло сябе» ў гэтым жанры, не выклікае непаразумення — у адрозненне ад апавядання Валяр’яна Кісліка.

На суд чытача. Жанр эсэ прываблівае многіх даследчыкаў парадоксамі гісторыі і парадоксамі тэкстаў. У артыкуле «Эсэ: (не)свабодны жанр» Ірына Бажок звяртаецца да самых вядомых эсэ сусветнай і беларускай літаратуры. Цікава, што сярод аўтараў першых вядомых нам эсэ былі не толькі мужчыны (філосафы Плутарх і Мішэль Мантэнь), але і фрэйліна Сэй Сёнагон, якая прыслужвала сям’і японскага імператара. Да жанру эсэ сёння звяртаюцца многія беларускія літаратары, і супастаўленне іх твораў — адна з самых цікавых частак артыкула.

Жана КАПУСТА, Наста ГРЫШЧУК, Алеся ЛАПІЦКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».