Вы тут

Талент раскрываць таямніцы


5 жніўня спаўняецца 70 гадоў з дня нараджэння выдатнага гісторыка-архівіста Віталя Скалабана. Менавіта як гісторыка-архівіста яго і ведаюць усе.


Віталь Скалабан

Але варта памятаць, што Віталь Уладзіміравіч быў яшчэ і актыўным грамадскім дзеячам, выдатным энцыклапедыстам, краязнаўцам, літаратуразнаўцам. У гісторыі беларускай літаратуры ён адыграў сваю важную ролю. Галоўныя яго памкненні былі скіраваны на пошук забытых імёнаў і іх твораў, на пошук і публікацыю дакументаў, звязаных з жыццём і дзейнасцю такіх выдатных асоб, як Янка Купала, Якуб Колас, Максім Гарэцкі, Фабіян Шантыр, Карусь Каганец, Напалеон Чарноцкі і інш. Вынікі нястомнай працы Віталя Скалабана шчодра адлюстраваліся ў яго асабістым архіўным фондзе, што захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.

Віталь Скалабан нарадзіўся 5 жніўня 1947 года ў вёсцы Шылавічы на Слонімшчыне ў сям’і настаўніка гісторыі і вядомага краязнаўца Уладзіміра Рыгоравіча Скалабана. Пасля лёс сям’і будзе цесна звязаны з Ляхаўшчынай, дзе прайшлі школьныя гады Віталя Уладзіміравіча і прыйшло першае натхненне і моцнае жаданне вяртаць людзям памяць пра слаўнае мінулае родных мясцін. Так быў прадвызначаны выбар жыццёвага шляху і навучальнай установы, дзе ён атрымаў выключныя веды і выдатную практыку па многіх гістарычных дысцыплінах, — Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Выбар месца вучобы быў невыпадковым: прыгожы горад з незвычайным лёсам стаў калыскаю многіх вялікіх беларускіх спраў, з ім звязаны імёны выдатных асоб Беларусі. Да таго ж менавіта ў Ленінградзе знаходзіліся архівы і бібліятэкі, дзе варта было працаваць: там чакалі свайго даследчыка вялікія скарбы беларускай гісторыі. Менавіта ў час свайго студэнцтва ён пачаў актыўную працу па пошуку архіўных крыніц, звязаных з людзьмі і падзеямі, пра якіх мы можам сказаць, што яны стваралі сённяшнюю Беларусь.

Першай газетай, куды даслаў свой допіс студэнт Віталь Скалабан з Ленінграда, быў штотыднёвік «Літаратура і Мастацтва». Ён беражліва захаваў у сваім архіве выразку з газеты ад 29.06.1968 са сваёй невялікай публікацыяй «Ленін распытвае пра Беларусь». Гэта кароткае апісанне агульнай фатаграфіі дэлегатаў Усерасійскага з’езда бежанцаў з Беларусі і самога з’езда. Аўтар не акцэнтаваў увагу на факце, які лёг у назву артыкула, а хутка і лагічна перайшоў да апісання грамадска-палітычнага і літаратурнага часопіса «Чырвоны шлях», які выдаваўся Петраградскім аддзяленнем Белнацкама і дзе быў змешчаны названы фотаздымак. Віталь Скалабан згадвае імёны Я. Карскага, Я. Купалы, А. Гурло, Ц. Гартнага, М. Гарэцкага і інш. У невялікай публікацыі аўтар, можна сцвярджаць, прагназуе сваю навуковую будучыню: пра многіх, як і на тэму бежанства, у будучым напіша артыкулы, падрыхтуе і выдасць зборнікі. Пра яго натхнёную працу ў архівах Ленінграда ў гады вучобы сведчыць яшчэ адзін факт. У лютым 1968 г. кіраўнік архіва літаратуры і мастацтва ў Мінску К. Жорава атрымала такую заяву:

Дырэктару Цэнтральнага

дзяржаўнага архіва літаратуры

і мастацтва БССР

студэнта гістарычнага факультэта

Ленінградскага ўніверсітэта

Скалабана Віталя Уладзіміравіча

заява.

Цэнтральным дзяржаўным архіве ваенна-марскога флоту мной выяўлены дакументы аб службе паэта Алеся Гурло на Балтыйскім флоце: 1). Прыёмны фармулярны спіс А. К. Гурло (Ф. 989, 1914 г., спр. 112, арк. 526, 527, 528 дадаю фотакопіі гэтых дакументаў). 2). Алфавітны спіс вучняў машыннай школы № 5361 А. К. Гурло. Ф. 674, воп. 1, спр. 115, арк. 23 — 24. 3). Экзаменныя спісы А. К. Гурло Ф. 674, воп. 1, спр. 125, арк. 36 — 37, 75 — 76. 4). Спіс асабістага складу эсмінца «Забіяка» на 26 чэрвеня 1918 г. А. К. Гурло лічыцца маторным старшыной. Дата 1 лютага 1968 г. і асабісты подпіс.

Копіі названых у заяве дакументаў праз пэўны час былі дасланы ў Мінск у Цэнтральны дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва. Пройдуць гады і Віталь Уладзіміравіч стане для архівамузея літаратуры і мастацтва выдатным экспертам, натхняльнікам і, найперш, яго актыўным рухавіком у справе камплектавання. Гэта быў сапраўдны творчы саюз калектыву БДАМЛМ і гісторыка Віталя Скалабана. З яго ўдзелам і пры яго падтрымцы ў 2001 г. прайшлі першыя «Узвышаўскія чытанні», а пасля, праз усе гады, ён быў самым актыўным іх удзельнікам: прапаноўваў тэмы, чытаў даклады, кіраваў канферэнцыйнымі секцыямі.

Універсітэт Віталь Скалабан скончыў у 1970 годзе і неўзабаве быў прызваны на службу ў Савецкую Армію. Служыў у ГДР. А з 1972 г., дваццаць тры гады, яго лёс быў прафесійна і творча звязаны з выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя»: з 1972-га працаваў рэдактарам, у 1992 — 1995 загадваў рэдакцыяй гісторыі Беларусі. Гэты перыяд біяграфіі стаў для яго часам актыўнага пошуку забытых імёнаў і гістарычных падзей, што нязменна патрабавала вывучэння архіўных фондаў і збірання дакументаў. У той жа час у 1987 г. Віталь Скалабан абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Беларускі нацыянальны камісарыят. Студзень 1918 — сакавік 1919 г.». Самым яскравым прыкладам выдатнай працы Віталя Скалабана — энцыклапедыста з’яўляецца збор дакументаў для кнігі «Памяць — Ляхавічы і Ляхавіцкі раён». Ён сведчыць не толькі пра яго высокія патрабаванні да такога роду выданняў, а і пра трапяткую любоў да сваёй малой радзімы. Ён з вялікай ашчаднасцю збярог усю перапіску, запісы гутарак з героямі артыкулаў, выразкі з газет, успаміны і сведчанні жыхароў, копіі дакументаў розных архіваў па гісторыі Ляхаўшчыны, калекцыю здымкаў, сабраную для ілюстрацыі кнігі, і інш. Цэлы краязнаўчы музей. Калі-небудзь гэта ўсё стане выдатнай крыніцай пры стварэнні такога музея ў Ляхавічах, пра які, дарэчы, заўсёды марыў Віталь Уладзіміравіч.

У 1995 г. Віталь Скалабан прымае цалкам вытлумачальнае рашэнне перайсці на працу ў архіўную галіну Беларусі, на пасаду намесніка дырэктара Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазанаўства і архіўнай справы. За пяць гадоў работы ў гэтай навуковай установе ён змог многае зрабіць у практычнай археаграфіі, у публікацыйнай справе невядомых архіўных крыніц, іх уключэнні ў навуковы ўжытак. У гэты перыяд ён працягвае актыўна займацца дакументальна-творчай спадчынай М. Гарэцкага, А. Уса, М. Мялешкі, Ф. Шантыра і іншых, працуе над зводным каталогам «Бібліятэкі Міхася Мялешкі» (Мн., 1998).

Т. Кекелева, В. Данекіна, Г. Запартыка, Г. Ляшук віншуюць В. Скалабана з 60-годдзем, 2007 г

У 2000 г. сваю навуковую дзейнасць Віталь Скалабан працягваў ужо ў Нацыянальным навукова-асветным цэнтры імя Ф. Скарыны і сваю работу ў ім цесна злучыў з тэмай краязнаўства. Праграмы, прапановы па праекце «Беларускае краязнаўства як гісторыка-культурны феномен», збор артыкулаў на тэму краязнаўства (многія з праўкай Віталя Уладзіміравіча і інш.) сведчаць пра яго мары і жаданні ўзняць краязнаўства ў Беларусі да агульнанацыянальнай ідэі. Самую каштоўную частку працы Віталя Скалабана на гэтай дзялянцы складаюць матэрыялы, сабраныя да даведніка «Беларускія краязнаўцы»: анкеты, бібліяграфічныя даведкі, перапіска і інш. На вялікі жаль, гэты праект не быў рэалізаваны.

Праз пяць гадоў Віталь Скалабан вярнуўся ў архіўную галіну, на гэты раз у аддзел публікацый Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, які з 2004 г. узначаліў. Гэта быў час росквіту публікацыйнай работы ў найбуйнейшым архіве краіны. Выходзілі адзін за адным зборнікі дакументаў па самых актуальных гістарычных тэмах, якім папярэднічала своеасаблівае ўсеархіўнае выяўленне крыніц. І распаўсюджвалася яно не толькі на архівы Беларусі, а і сягала ў малаасвоеныя намі на той час архівы Масквы, Пецярбурга, Кіева і інш. Ён валодаў талентам захапіць працай вялікую колькасць людзей, і гэта давала свае плённыя вынікі.

Варта згадаць яго ўклад у мастацкую творчасць і дакументальнае кіно. У гэтым шэрагу знаходзіцца найперш гістарычная драма «Людвіка і Фабіян», напісаная сумесна з Л. Рублеўскай, якая была пастаўлена аматарскім тэатрам. Ён быў суаўтарам літаратурных сцэнарыяў фільмаў «Тайны Грушаўскага палаца» (разам з У. Емяльянчыкам), «Імша па Купалу» (з Т. Процькай), «Справа Ігнатоўскага» і іншых.

На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў Віталь Скалабан радаваў усіх нас нечаканымі публікацыямі-адкрыццямі невядомых дакументальных крыніц, даючы магчымасць дакрануцца да таямніц гісторыі шырокаму колу чытачоў. Але адной з вялікіх яго заслуг перад навукай з’яўляюцца распрацаваныя ім у бегу ўсяго жыцця бібліяграфіі: каталог публікацый газеты «Вольная Беларусь» за 1917 год, імянная навукова-дапаможная картатэка з біяграфічнымі, бібліяграфічнымі запісамі і спісамі архіўных крыніц, тэматычная навукова-дапаможная картатэка па такіх тэмах, як «Маскоўскае зямляцтва», «Гістарыяграфія», «Сцяг, гімн», «Белнацкам» і інш., картатэка поўных архіўных крыніц да зборніка «Купала і Колас, вы нас гадавалі». Усё гэта яшчэ чакае свайго даследчыка.

Ганна ЗАПАРТЫКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».