Вы тут

Уладзімір Гусакоў сустрэўся з касманаўтам Алегам Навіцкім


Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў сустрэўся з касманаўтам Алегам Навіцкім. У перамовах прынялі ўдзел таксама кіраўнік апарату НАН Беларусі Пётр Віцязь і дырэктар Навукова-інжынернага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Геаінфармацыйныя сістэмы» НАН Беларусі, галоўны канструктар Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі Сяргей Залаты.


Касманаўт Алег Навіцкі азнаёміўся з экспазіцыяй Музея гісторыі НАН Беларусі і пастаянна дзеючай выстаўкай «Дасягненні айчыннай навукі — вытворчасці».

Тэмай перамоў з расійскім касманаўтам, ураджэнцам беларускага горада Чэрвеня, стала падрыхтоўка да правядзення 31-га Міжнароднага кангрэса Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў, які пройдзе ў Беларусі ў верасні 2018 года, а таксама ўдзел у гэтым форуме расійскіх касманаўтаў.

— Мы надаём асаблівае значэнне правядзенню касмічнага кангрэса ў Беларусі, — падкрэсліў старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў. — Гэтае мерапрыемства адыгрывае важную ролю ва ўмацаванні іміджу Беларусі як касмічнай дзяржавы.

Уладзімір Гусакоў азнаёміў Алега Навіцкага з дасягненнямі Беларусі ў касмічнай сферы. Пасля запуску ў ліпені 2012 года Беларускага касмічнага апарата сумесна з расійскім касмічным апаратам «Канопус-В» наша краіна ўвайшла ў лік сусветных касмічных дзяржаў. На 68-й сесіі Генасамблеі ААН 1 лістапада 2013 года Беларусь была прынятая ў члены Камітэта ААН па выкарыстанні касмічнай прасторы ў мірных мэтах.

Уладзімір Гусакоў расказаў, што ў цяперашні час Беларусь і Расія прыступілі да стварэння новага расійска-беларускага касмічнага апарата звышвысокага раздзялення (РБКА). Сукупнасць яго тэхнічных характарыстык дасць магчымасць атрымліваць касмічныя здымкі з параметрамі, якія на сусветным рынку яшчэ адсутнічаюць, што гарантуе попыт на выраб такіх касмічных апаратаў. Можна казаць аб серыйнай іх вытворчасці. Акрамя таго, новыя магчымасці з'яўляюцца ў карыстальнікаў касмічнай інфармацыі, рэальнасцю становяцца лічбавыя кадастравыя мадэлі буйных гарадоў, іншыя высокатэхналагічныя інфармацыйныя праграмы, істотна павышаецца ўзровень вырашэння задач, скіраваных на павышэнне абараназдольнасці і бяспекі Беларусі і Саюзнай дзяржавы.

Міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў, які пройдзе ў Беларусі ў верасні 2018 года, збярэ дэлегатаў (касманаўтаў, астранаўтаў, прадстаўнікоў навукова-даследчых устаноў і нацыянальных касмічных агенцтваў) больш чым з 30 краін. Як чакаецца, мерапрыемствы кангрэса будуць доўжыцца на працягу тыдня. Дэлегатам прапануюць наведаць некалькі інстытутаў НАН Беларусі і азнаёміцца з дасягненнямі нашай краіны ў касмічнай сферы. Касманаўт Алег Навіцкі паабяцаў прыняць удзел у 31-м Міжнародным кангрэсе Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў у Мінску.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Работа над іміджам. Касмічным...

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.