Вы тут

Замест будынка


Кажам — тэатр, маем на ўвазе — будынак. Для шараговага гледача менавіта месца — адзін з галоўных крытэрыяў набыцця квіткоў на спектакль. Каб здзейсніць рытуальны жэст культурнага адпачынку, глядач выбірае «намоленае» (з гісторыяй і хутчэй за ўсё азначэннямі «нацыянальны» ды «акадэмічны») ці «праверанае» (некалькі разоў былі, спадабалася). Для такога выбару мае значэнне не толькі тое, што там пакажуць на сцэне, а яшчэ і наяўнасць буфету, магчымасці сфатаграфавацца ў прыгожым фае і г. д. Асаблівае значэнне мае адпаведнасць вядомай гледачу традыцыі паказу. Для некага істотнай перашкодай можа стаць ужо толькі надпіс на квітку «вольная рассадка».


Для кансерватыўнай часткі прафесійнай тэатральнай супольнасці будынак — гэта сімвал трываласці, устойлівасці (праект сёння ёсць, а заўтра няма), прыналежнасці да пэўнай традыцыі і кола спецыялістаў з дыпломам аб профільнай вышэйшай адукацыі.

Аднак большасць значных для развіцця беларускага тэатра падзей сёння адбываецца якраз у тэатры праектным, што не мае сталай пляцоўкі (а часам нават і залы ды сцэны ў звыклым уяўленні). Падводзячы вынікі сезона 2016/2017, хочацца сфакусіраваць увагу менавіта на ім.

Гэта не значыць, што ў стацыянарным рэпертуарным тэатры не адбывалася нічога заўважнага. Да прыкладу, у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі Аляксандр Гарцуеў паставіў п’есу Віктара Марціновіча «Кар’ера доктара Рауса», дзе асоба і дзейнасць Францыска Скарыны паўстаюць не ў героіка-патрыятычнай традыцыі, характэрнай для гістарычнай плыні беларускага тэатра апошніх дзесяцігоддзяў, а трагікамічна, вострасацыяльна, метафізічна. У Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры Дзмітрый Багаслаўскі паставіў «Dreamworks» Івана Вырыпаева, асэнсаваўшы новы сацыяльны павеў часу — мужчына не заўсёды павінен быць моцным: герой у выкананні Андрэя Бібікава перажывае смерць жонкі ад анкалагічнай хваробы. Нарэшце напоўніцу на беларускай сцэне праявіўся імправізацыйны талент італьянскага рэжысёра Матэа Сп’яцы, які разам з акцёрамі Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек стварыў кранальную камедыю масак пра жыццесцвярджальнае існаванне ў доме састарэлых «Пансіён “Belvedere”». У абсалютна нязвыклай для Купалаўскага тэатра эстэтыцы Юра Дзівакоў увасобіў на камернай сцэне «Войцэка» Георга Бюхнера: салдат Войцэк узыходзіць на эстраду, а яго каханая Мары, здаецца, і руху не зробіць, каб не паказаць публіцы сваю сексуальнасць. Але ж вернемся да праектнага тэатра і набыткаў гэтага сезона, якія з’явіліся дзякуючы выключна ініцыятывам па-за тэатрам-будынкам.

Беларускі тэатр асвоіў новы ўзровень імерсіўнасці (уключанасці гледача ў дзеянне) і глядацкай свабоды. Незалежны тэатральны калектыў з Брэста «Крылы халопа» напрыканцы сезона прадставіў першы з шэрагу гарадскіх спектаклей цыкла Brest Stories Guide. Каб патрапіць на яго, гледачу патрэбна толькі скачаць мабільны дадатак на гаджэт з аперацыйнай сістэмай Android і ў любы зручны час выправіцца на шпацыр па брэсцкіх вуліцах. Першая частка праекта — дакументальная гісторыя брэсцкага гета, з тысяч вязняў якога выйшлі жывымі каля 20 чалавек. Аўдыясуправаджэнне са сведчанняў і дакументаў, створанае гукарэжысёрам Андрэем Багданавым, накладаецца на прастору, дзе адбываліся падзеі, час мінулы спалучаецца з часам цяперашнім, правакуючы асаблівыя глядацкія перажыванні. Глядач, якога аддзяляе ад падзей больш за палову стагоддзя, уключаецца ў гарадскую катастрофу мінулага, перажывае яе, асэнсоўвае наступствы. І адначасова атрымлівае небывалую свабоду: на гэты спектакль не трэба набываць квіток, можна прыходзіць у любы час, любым складам (хоць аднаму) і самастойна канструяваць відовішча з пяці прапанаваных маршрутаў. Аўтар ідэі Brest Stories Guide рэжысёр Аксана Гайко плануе стварыць цыкл спектакляў, што асэнсуюць падзеі з гісторыі горада, якія засталіся без належнай увагі.

Адзінота гледача стала папулярнай тэмай мінулага сезона. Восенню, падчас ІІ Фестывалю казак, тэатра і кніг «Казачны джэм» у Мінску, нарэшце прэзентавалі тэатральны аўтамат, створаны Святланай Бень і Лінай Хесінай. У аўтамаце (невялікай будцы, падобнай да фотакабіны) лялечны спектакль паказваюць толькі для аднаго гледача. У залежнасці ад яго выбару відовішча будзе доўжыцца ад адной да чатырох хвілін. Падчас дзеяння гледачу прапануюць вызначыцца (напрыклад, злым ці добрым будзе дракон напачатку, цукерку ці мараль вы хочаце атрымаць напрыканцы), тым самым стварыць сваю ўнікальную гісторыю з безлічы варыянтаў ды перажыць яе ў адзіноце. Такім чынам, імерсіўнасць у беларускім тэатры прасціраецца даволі шырока: ад стварэння гледачом забаўляльнага відовішча да ўключэння яго ў асэнсаванне гуманітарнай катастрофы.

Яшчэ адной яркай рысай мінулага сезона стаў зварот да літаратурнай класікі розных эпох і пошук новых шляхоў для яе пераасэнсавання. На пачатку сезона тая ж Святлана Бень адкрыла праграму Belarus Open Міжнароднага форуму тэатральнага мастацтва «TEART» незалежным тэатральна-музычным праектам «З жыцця насякомых», створаным паводле вершаў паэта-абэрыута Мікалая Алейнікава (рэжысура супольна з Дзмітрыем Багаслаўскім). Спектакль выкрышталізаваўся са шмат якіх даўніх цікавасцяў Святланы Бень. Фанаты гурта «Серебряная свадьба» памятаюць Бенькіну песеньку пра смажанага карася на вершы Алейнікава, тэатралы памятаюць заўсёдную яе ўвагу да свету маленькіх істот — напрыклад, спектакль «Vermes» («Чарвякі»), да крыўднага мала паказаны ў Беларусі. На гэтым падмурку і паўстае праект, аб’яднаўшы паэзію, музыку, анімацыю і тэатр лялек. «З жыцця насякомых» гуляе з гледачом, змяняючы маштабы светаадчування: вось ты глядзіш вачыма маленькай казуркі, якую можа пазбавіць жыцця падэшва чаравіка, а праз імгненне — апантанага вучонага, здольнага кіраваць мікрабіялагічнымі сусветамі.

А напрыканцы сезона Аляксандр Марчанка, захоплены эстэтыкай дакументальнага тэатра, нечакана звярнуўся да старажытнагрэчаскай трагедыі. Аднак захапленням не здрадзіў і сінтэзаваў «Антыгону» Сафокла, вербацім і site-specifi c у спектаклі «Anti[gone]», выпушчаны Цэнтрам візуальных і выканаўчых мастацтваў «АРТ Карпарэйшн». Ідэя спектакля ўзнікла у рэжысёра падчас культурнага семінара, накіраванага на аб’яднанне лідараў з розных сфер грамадскага жыцця. «Anti[gone]» разбурае межы і робіць акцэнт на адвечнасці чалавечага быцця. У адной з залаў Мемарыяльнага музея-майстэрні З. І. Азгура актрыса Дар’я Новік у адмысловай манеры чытання-спявання выконвае ўрыўкі сафоклаўскага тэксту. Кожны з іх прысвечаны пэўнай праблеме: братэрскія адносіны, маральны абавязак, уладная ўседазволенасць. Асаблівасць спектакля — удзел непрафесійных акцёраў. Урывак правакуе ўзняцца і распавесці сваю гісторыю некага з імправізаванага хору вядомых беларусаў, рассаджанага ў зале. Апавядальнікі не перадаюць гісторыі акцёрам, а пераказваюць іх асабіста: двухразовая чэмпіёнка свету па муай-тай Марына Калініна, сацыёлаг Таццяна Вадалажская, арганізатар і прадзюсар фестывалю «Вольнае паветра» Уладзімір Шаблінскі, крэатыўны дырэктар Talaka.by Іван Вядзенін ды іншыя.

Па-ранейшаму ў фокусе ўвагі праектнага тэатра — сучасная беларуская драматургія. Сярод галоўных тэатральных ініцыятыў гэтага сезона — ІІ Конкурс-фестываль сучаснай беларускай драматургіі WrіteBox — незалежны праект, створаны тэатразнаўцам Вікторыяй Беляковай. Больш за ўсё ўражваюць і абнадзейваюць лічбы. Па-першае, парадкавы нумар: праект займеў працяг, не стаўся, нягледзячы на ўсе цяжкасці арганізацыі, адзінкавай падзеяй. Падругое, колькасць п’ес, дасланых на конкурс, — 42, большасць з якіх напісаныя цягам года, што сведчыць пра інтэнсіўнасць драматургічнага працэсу. Дзясятку лепшых п’ес у маі агучылі на тэатральнай пляцоўцы Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў. Адной з самых папулярных тэм гэтым разам стала эміграцыя — ад’езд і вяртанне. Яе асэнсоўваюць у сваіх новых п’есах Віталь Каралёў («Москаў Дрымін»), Максім Дасько («Лабрум»), Андрэй Іваноў («З вучылішча»). Заўважныя таксама і фармальныя пошукі драматургаў. Так, «Лабрум» Максіма Дасько асвойвае незвычайна вялікі для п’есы аб’ём і створаны ў апавядальнай манеры. Драматург сягае ў будучыню і ператварае Беларусь у загадкавую тэрыторыю, куды вяртаецца Крыстаф Раўх, а ў мінулым Леанід Шаблоўскі... Аляксей Макейчык стварыў сваю п’есу «Галасы» з шасці маналогаў-псеўдавербацімаў, аб’яднаўшы іх толькі тэмай: органы пачуццяў чалавека.

Яшчэ адзін набытак сезона — Міжнародны тэатральны праект HomoCosmos. Яго аўтары Кацярына Саладуха і Дарыуш Язерскі ствараюць серыю спектакляў, што спрабуюць асэнсаваць цялеснасць чалавека і паразважаць над табу, звязанымі з ёй. Аднак стваральнікі HomoCosmos разглядаюць Cosmos не толькі як прастору метафарычную, але і як цалкам геаграфічную, намагаючыся глабалізаваць тэатральны свет, аб’яднаць творцаў з розных краін. Так, другі спектакль праекта «Бог казытання» спалучыў тэатральныя традыцыі сучасных беларускага і грузінскага тэатраў. П’есу беларускага драматурга Мікалая Рудкоўскага ўвасобіла грузінская пастановачная група: рэжысёр Давід Мгебрышвілі і мастакпастаноўшчык Тамара Ахікян. Пастаноўка найперш вылучаецца тэмай (гісторыя кахання фотамастака-гея з безліччу адсылак да архетыповых літаратурных сюжэтаў) і мастацкім афармленнем (Тамара Ахікян асвоіла прастору былой сталоўкі, стварыўшы нават галерэю работ фотамастака, па якой гледачы могуць прайсціся пасля антракту).

Такім чынам, беларускі праектны тэатр у сезоне 2016/2017 асэнсоўвае імерсіўнасць, звяртаецца да класікі, па-ранейшаму заўзята цікавіцца беларускай драматургіяй і шукае нечаканыя спалучэнні (тэксту і прасторы, тэмы і сродкаў выразнасці і г.д.). Засталося дачакацца хіба што актыўнага двухбаковага руху: няхай бы часцей гледачы выходзілі з будынкаў, а ідэі, здабытыя па-за іх межамі, наадварот, — часцей уваходзілі.

Алена МАЛЬЧЭЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.