Вы тут

Памножанае на тры


Лета — час для добрага і вечнага, вырашылі на «Беларусьфільме»: кінастудыя пачала здымкі адразу трох стужак, што для яе — крок наперад.


Здымкі фільма «Тум-Пабі-Дум» (рэж. В. Нікіфараў)

1. Тыдзень таму стартавалі здымкі дзіцячага кіно «Скачок саламандры» Ігара Чацверакова. Здымкі пройдуць у Мінску і адным з раённых гарадоў. Рэжысёр звяртаецца да дзіцячай тэмы не ў першы раз, бо яго дэбютам быў фільм «Шэльма», разлічаны на падлеткаў, але, напэўна, лёс яшчэ і ў тым, што Чацверакоў будзе працаваць у тандэме са сцэнарыстам Валянцінам Залужным, як гэта было на здымках «Дзяржаўнай мяжы» і «Участка лейтэнанта Качуры».

Рэжысёр лічыць, што ва ўсе часы дзецям і падлеткам падабалася авантурнае кіно, пошукі скарбаў, многія пакаленні кінааматараў выраслі на знакамітых «Корціку» і «Бронзавай птушцы», але сёння здзівіць маладых гледачоў тым жа самым кіно будзе складана. Чацверакоў абяцае дынамічную стужку з мінімумам маралізатарства, хоць і не адмаўляецца ад асноўных агульначалавечых прынцыпаў, такіх як сяброўства і перамога духоўнага над матэрыяльным.

Героі фільма — каманда геймераў, якія мараць стаць пераможцамі міжнародных спаборніцтваў па вядомай ва ўсім свеце гульні (вы яе таксама ведаеце, бо створана яна ў Беларусі). Але кінематаграфіст надае ўвагу не камп’ютарным прыгодам, а рэальным, і кіно вырашана стварыць жанравае, з ухілам на беларускую гісторыю. Вядома, што ў стужцы будуць спасылкі на наша мінулае, але падрабязнасці не раскрываюцца.

2. Здымкі мастацкага фільма «Тум-Пабі-Дум» Вячаслава Нікіфарава ўжо пачаліся ў Мінску, хоць да ўвасаблення сваёй ідэі рэжысёр ішоў амаль 15 гадоў! Нікіфараў — сапраўдны майстар у дзіцячым і сямейным кіно, за якое ён атрымліваў шмат узнагарод. Кінематаграфіст распавёў, што ідэя новага фільма з’явілася ў яго па дарозе ў Фонд Ралана Быкава, які займаўся падтрымкай дзіцячага некамерцыйнага кіно. «Тум-ПабіДум» таксама будзе некамерцыйным — на кінастудыі адзначылі, што поўнаметражная стужка здымаецца ў мінімальныя тэрміны і за мінімальны бюджэт. Сцэнарый фільма рэжысёр пісаў у супрацоўніцтве з Дзмітрыем Міхлеевым. У фокусе — шчымлівая гісторыя выхаванца дзіцячага дома Санька, які вырашае шукаць сям’ю па аб’яве: «Маладое дзіця шукае сям’ю з мэтай наладжвання асабістага жыцця».

Галоўнага героя Вячаслаў Нікіфараў знайшоў ва Украіне: маленькі акцёр Арцём Вагняровіч уразіў рэжысёра сваім маналогам на шоу «Украіна мае талент», дзе хлопчык выбраў тэму менавіта пра выхаванцаў дзіцячых дамоў і давёў да слёз усю залу. Астатнія акцёры — беларускія. Ролю маленькай сяброўкі Санька выканае Даша Кірэева, дарослых іграюць Валерыя Арланава, Павел Харланчук ды іншыя. Стужку выпусцяць сёлета.

3. «Жыццё пасля жыцця» Дзмітрый Астрахан здымае на «Беларусьфільме» сумесна з расійскай кампаніяй «МАВР» па сцэнарыі Алега Данілава. Здымкі праходзяць у Мінску і Маскве і працягнуцца да 20 верасня, ужо напрыканцы 2017 года кіно пакажуць у кінатэатрах, а для тэлебачання прадугледжана 4-серыйная версія. У фільме пра барацьбу за сямейнае шчасце здымуцца Аляксандр Дамагараў, Таццяна Кабанава, Ганна Семяновіч.

Генеральны дырэктар «Беларусьфільма» Ігар Поршнеў адзначыў, што не ведае непаспяховых работ творчага тандэма Астрахана і Данілава. Сюжэт, з аднаго боку, вельмі рэалістычны: кінапрадзюсар Юрый Нячаеў, сапсаваны святлом сафітаў і славай, хоча кінуць сваю жонку Алену дзеля маладой актрысы. З другога боку, у стужцы ёсць «нябесная» камісія, якая займаецца справамі кахання, — вось і нерэальнасць. У кіно людзі, якія сапраўды кахаюць адзін аднаго, могуць быць разам і пасля смерці, і камісія павінна шукаць такое шчырае каханне, для якога вечнасць будзе не карай, а ўзнагародай.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.