Вы тут

Хто бачыў партрэты Янкі Брыля?


Калекцыянеры Аляксандр і Iна Радаевы паказалі твор графіка Сямёна Геруса

У Мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» ўчора адбылася вечарына, прысвечаная асобе народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля, арганізаваная сумесна Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва і рэдакцыяй газеты «Літаратура і мастацтва». Да падрыхтоўкі імпрэзы далучыліся калекцыянеры Аляксандр і Iна Радаевы, якія прадаставілі для экспанавання партрэт пісьменніка Янкі Брыля, напісаны знакамітым беларускім графікам Сямёнам Герусам у 1962 годзе.


Сямён Герус (1925 — 1998). Партрэт пiсьменнiка Янкi Брыля. 1962 г. Папера, вугаль, 79,5 ˟ 60 (лiст), 56 ˟ 44,5 (выява). Прыватны збор сям’і Радаевых.

Партрэт напісаны вугалем. Першае, што прыцягвае ўвагу, — мяккія лініі твару пісьменніка. Адразу ж зразумела: Сямён Герус імкнуўся падкрэсліць мяккасць душы пісьменніка, яго добрую, прыемную энергетыку. Аднак гэта не проста партрэт, а яшчэ і абсалютна прадуманая кампазіцыя, у якой сумяшчаецца жаданне аўтара прадэманстраваць не толькі знешнюю статнасць Янкі Брыля, але ж паказаць пісьменніка ў гармоніі са светам і самім сабой. І гэта атрымалася.

У такіх партрэтаў заўсёды цікавая гісторыя, якая звязала пісьменніка і мастака.

Расказвае калекцыянер Аляксандр Радаеў:

— Гэты твор я набыў ва ўдавы Сямёна Геруса ў 2005 годзе. На жаль, нейкіх падрабязнасцяў напісання партрэта яна не ведала. Увогуле, збіральніцтва мастацкіх твораў — гэта наша агульнае захапленне з жонкай. На пачатку гэтай справы быў адразу неабыякавы да партрэтнага жанру. А калі гэта яшчэ тычылася партрэтаў знакавых асоб для Беларусі, выпадкаў, калі, напрыклад, мастак пісаў мастака альбо дзесьці ўдавалася знайсці аўтапартрэт, я не мог прайсці міма. Аднойчы выпаў шанц набыць арыгінальны малюнак — партрэт Янкі Брыля, і я з радасцю скарыстаў такую магчымасцю. Тым больш пісьменнік мне вельмі сімпатычны не толькі як творца, але і як сапраўдны герой не толькі беларускага, але і польскага народа. Ён стаў прызнаным беларускім пісьменнікам, імя якога не забыта, выклікае павагу і гонар.

Аўтар партрэта графік Сямён Герус — прадстаўнік класічнай графічнай беларускай школы, якая атрымала другое нараджэнне разам са стварэннем у Мінску Тэатральна-мастацкага інстытута. Пасля вайны мастак паступіў у Вільнюскі мастацкі інстытут, потым там некаторы час выкладаў. Пасля быў запрошаны кіраўніцтвам Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута ў Мінск для стварэння кафедры графікі і эстампнай майстэрні. Сямён Герус быў першым выкладчыкам графічнага аддзялення мастацкага факультэта, навучаў студэнтаў тэхнікам графічнага мастацтва — лінагравюры, ксілаграфіі, літаграфіі, афорту, сухой ігле… Сярод вучняў Геруса былі такія знакамітыя майстры, як Арлен Кашкурэвіч, Людвіг Асецкі ды іншыя творцы.

На пачатку творчага шляху мастак звяртаўся да гістарычнай тэматыкі і ў выніку пачаў займацца стварэннем серыі партрэтаў знакамітых дзеячаў Беларусі ў розных тэхніках (лінагравюра, літаграфія, афорт, малюнак). Так, у творчы архіў мастака ўвайшлі партрэты Францыска Скарыны, Кастуся Каліноўскага, Адама Міцкевіча, Максіма Танка ды іншых.

 — Калі меркаваць па памерах малюнка, то гэта фармат класічных літаграфічных лістоў — 80 × 60 см — Сямёна Геруса, — падкрэслівае Аляксандр Радаеў. — Таму, магчыма, партрэт Янкі Брыля быў задуманы першапачаткова як падрыхтоўчы малюнак да наступнай тыражнай літаграфіі.

Перад тым, як прадставіць партрэт шырокай публіцы, Аляксандр Радаеў звярнуўся да трох каталогаў прыжыццёвых выставак Сямёна Геруса (1963, 1978, 1987 гг.), у кожным з якіх знайшоў прадстаўлены твор пад подпісам «Пісьменнік Янка Брыль». Таксама ў каталогах 1978 і 1987 гадоў сярод пераліку прадстаўленых твораў можна ўбачыць афорт пад назвай «Янка Брыль», датаваны 1969 годам.

— Афорт я ніколі не бачыў і нават не сустракаў рэпрадукцыі, хоць з творчасцю Сямёна Геруса знаёмы дастаткова добра, — адзначае калекцыянер. — І афорты ў Геруса, як правіла, значна меншых памераў. Таму лагічна меркаваць, што афорт «Янка Брыль» 1969 года не паўтарае партрэт вугалем «Пicьменнiк Янка Брыль» 1962 года. Тым больш мастак не стаў бы дэманстраваць аднолькавыя творы, якія адрозніваюцца толькі тэхнікай выканання. Думаю, што з вялікай доляй упэўненасці можна гаварыць аб арыгінальнасці працы, якая знаходзіцца ў калекцыі нашай сям’і. Таксама, на мой погляд, неабходна падкрэсліць, што сам мастак лічыў партрэт удалым. Думаю, і Янку Брылю ён падабаўся. Пра гэта можна меркаваць не толькі па тым, што Сямён Герус выстаўляў яго на кожнай персанальнай выстаўцы, але ж і па тым, як акуратна сам малюнак наклеены на шчыльны кардон і аформлены аўтарскі паспарт, і, у сваю чаргу, наклеены на полі малюнка. Атрымліваецца, што партрэт аформлены самім мастаком, як кажуць, на стагоддзі.

Дакладных звестак пра стварэнне партрэта сёння няма, аднак вядома, што майстэрня Сямёна Геруса знаходзілася на праспекце Незалежнасці 38, (тады праспект Леніна 38), у флігелі дома з хлебнай крамай-булачнай, што размешчаны на Плошчы Перамогі. Зыходзячы з гэтага, можна выказаць здагадку, што партрэт народнага пісьменніка быў напісаны менавіта там альбо ў кватэры Янкі Брыля.

Партрэтаў Янкі Брыля аказалася ў краіне не так шмат. Таму тое, што твор Сямёна Гаруса захаваўся і быў прадэманстраваны беларускаму гледачу праз 30 гадоў, можна лічыць сапраўднай мастацкай сенсацыяй для краіны.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».