Вы тут

Тэквандыст Арман-Маршал Сіла дыскваліфікаваны на 4 гады


Такая інфармацыя з'явілася на сайце Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва, якое атрымала рашэнне Спартыўнага арбітражнага суда ў Лазане па апеляцыі, пададзенай 17 студзеня 2017 года Сусветным антыдопінгавым агенцтвам на рашэнне, вынесенае дысцыплінарнай камісіяй Беларускай федэрацыі тэквандо 23 лістапада 2016 года ў справе Армана-Маршала Сілы. У выніку спартсмен атрымаў пакаранне — дыскваліфікацыю тэрмінам на 4 гады пачынаючы з даты ўступлення ў сілу арбітражнага рашэння САS. Усе вынікі спаборніцтваў, дасягнутыя спартсменам з 13 ліпеня (уключна) да 11 жніўня 2016 года, анулююцца. Дыскваліфікацыя спартсмена працягнецца з 20 ліпеня 2017-га па 6 красавіка 2021 года.


Нагадаем, напярэдадні вылету на Алімпіяду ў Рыа-дэ-Жанэйра ў допінг-спробе аднаго з рэальных прэтэндэнтаў на ўзнагароду Армана-Маршала Сілы быў знойдзены мельдоній. Сам спартсмен, яго асабісты трэнер Юлія Сухавіцкая і доктар нацыянальнай каманды адразу паведамілі, што Сіла не ўжываў забароненыя прэпараты. Якія да таго ж не здольныя паўплываць на вынік у тэквандо. Мельдоній у арганізме Сілы быў знойдзены ў канцэнтрацыі, якая перавышае ўсе межы разумнага, што таксама наводзіла на думку, што спартсмен не мог ужыць забаронены прэпарат свядома. «У тэквандо допінг наогул практычна не ўжываецца, а мельдоній — тым больш. Я ўжо шмат разоў задаваў сабе пытанне, як ён мог трапіць да мяне ў арганізм. Я не першы год у спорце і прымаў усе меры засцярогі: пакінуў адкрытую бутэльку — больш з яе не пі, у невядомых месцах не ем... Нядобразычліўцаў у мяне тут таксама быццам бы не было», — адзначыў у адным са сваіх інтэрв'ю Арман-Маршал Сіла.

Экспертыза паказала, што прэпарат быў у слоіку са спартыўным харчаваннем. Спецыялісты ўстанавілі, што мельдоній быў менавіта падсыпаны: яго канцэнтрацыя аказалася нераўнамернай. Акрамя экспертыз атлет двойчы праходзіў паліграф.

Нягледзячы на ўсё гэта, пакаранне аказалася суровым — 4 гады дыскваліфікацыі, у той час як, напрыклад, Марыя Шарапава за прымяненне мельдонію была адхіленая ад спорту толькі на паўтара года. Сіла не выключае, што гэтая дыскваліфікацыя можа датэрмінова завяршыць яго кар'еру.

Нагадаем, што спартсмен з'яўляецца двухразовым чэмпіёнам Еўропы (2014 і 2016 гадоў) у катэгорыі звыш 87 кг, двухразовым чэмпіёнам Еўропы сярод моладзі, шматразовым чэмпіёнам Беларусі. Ён адзіны айчынны тэквандыст, якому ўдалося заваяваць пуцёўку на Алімпійскія гульні.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Памылка, якая можа паламаць кар'еру

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».