Вы тут

Знаёмімся з навічкамі вышэйшай лігі чэмпіянату краіны па гандболе


«Віцязь» за сваю нядоўгую пяцігадовую гісторыю паспеў пабываць студэнцкай камандай, базай для юнацкай і маладзёжнай зборных краіны, але, здаецца, заўсёды заставаўся тым калектывам, дзе збіраюцца не аматары, а ўлюбёныя сэрцам у гандбол. Чаму яны гатовыя гуляць без добрых спартыўных заробкаў, што ў прыярытэтах у самага беларускага гандбольнага клуба краіны і якія задачы ставіць перад сабой «Віцязь» у сезоне 2017/18, мы даведаліся, пабываўшы на адной з трэніровак каманды.


Гэты праект узнік у 2012 годзе на чыстым энтузіязме. І калі, напрыклад, для Германіі гэта было б не дзіўна, таму што большасць спартыўных клубаў там будуецца менавіта па такім прынцыпе, то для Беларусі «Віцязь» стаў навінкай.

— Цікава і адметна, што гэта каманда не ініцыяваная дзяржавай, а створаная грамадствам. Першапачаткова яна сфарміравалася на базе БДЭУ і была студэнцкай, — расказвае Аляксандр Апейкін, які стаяў каля вытокаў стварэння клуба, а цяпер з'яўляецца яго дырэктарам. — А потым у адзін момант у «Віцязю» сабраліся прафесійна падрыхтаваныя гульцы, якія па розных прычынах завязалі з гандболам. Хтосьці атрымаў траўму, хтосьці не бачыў перспектыў далейшага развіцця і вырашыў атрымліваць адукацыю, камусьці проста не знайшлося месца ў беларускіх клубах, таму што іх у нас не так шмат.

Студэнцкая каманда хутка выйграла шматлікія турніры аматарскага ўзроўню, таму і ў кіраўніцтва і ў гульцоў сама сабой узнікла думка, што «Віцязь» можа перарасці ў штосьці большае. Аднак, не маючы практыкі, у чэмпіянаце Беларусі, куды заявілася каманда, яна сутыкнулася з вялікай колькасцю выклікаў, пачынаючы ад адміністрацыйных пытанняў, заканчваючы праблемамі са сваёй нестабільнай гульнёй.

— Потым два гады мы працавалі з Рэспубліканскім вучылішчам алімпійскага рэзерву. На базе клуба гуляла каманда 1996 года нараджэння, у «Віцязю» паспрабавалі сабраць самую таленавітую моладзь краіны. Даць ацэнку гэтаму эксперыментальнаму варыянту цяпер складана, — кажа Аляксандр Апейкін.

У той час, як дарослая частка каманды працягнула выступаць на аматарскіх турнірах, таленавітая моладзь разбеглася, бо ў клуба не было магчымасці плаціць гульцам зарплату. З таго складу «Віцязя» выраслі выдатныя прафесіяналы, якія сёння прадстаўляюць зборную краіны і выступаюць у прэстыжных клубных топ-турнірах — Аляксандр Падшывалаў, Андрэй Юрынок, Арцём Кулак.

— Для нас гэта класны сімвалічны капітал, бо першым клубам у кар'еры хлопцаў назаўжды застанецца «Віцязь».

* * *

Нягледзячы на тое, што ў клубе сёння гуляюць людзі зусім розных прафесій — работнік МАЗа, дырэктар, бізнесмен, бармен, загадчык кафедры і іншыя, — хлопцы справядліва не любяць, калі іх называюць аматарамі.

— У нашым разуменні аматары — гэта тыя, хто не да канца разбіраецца ва ўсіх дэталях гандбола, але ім падабаецца гэтая гульня, — гаворыць дырэктар клуба. — У нас жа ўсе гульцы прафесійна падрыхтаваныя, многія з іх гулялі за маладзёжную зборную (Арцём Красуцкі, Іван Юркевіч, Канстанцін Грыбаў, Аляксандр Ланін, Антон Ладуцька і іншыя), іх «ляпілі» з самага дзяцінства. Напрыклад, Вячаслаў Жолудзеў гуляў у складзе зборнай Беларусі, якая стала 6-й на маладзёжным чэмпіянаце свету ў Бразіліі, але так склалася, што ў нейкі момант застаўся без клуба. Гэта чалавек, які ў «Віцязю» можа перазапусціць сваю кар'еру.

Дарэчы, перазапуск кар'еры ў гэтай камандзе — ужо добрая традыцыя, летась у эстонскі клуб перайшоў Мікіта Ермашэвіч, сёлета за мяжой аказаліся запатрабаваныя «віцязі» Антон Бароўскі і Сяргей Радзюкоў. Пры тым што, напрыклад, Сяргей ужо тры гады сумяшчаў гульню ў гандбол з работай менеджара па лагістыцы.

— У нас шмат хлопцаў з цікавымі гісторыямі жыцця. Напрыклад, Арцём Красуцкі — найталенавіцейшы хлопец — у нейкі момант з-за праблем са здароўем (складаныя траўмы двух каленяў), аказаўся за мяжой гандбола, а ў «Віцязю» зноў знайшоў сябе, летась закінуў больш за 180 мячоў за сезон. Варатар Вадзім Котаў — унікальная асоба, пагуляў, напэўна, ва ўсіх клубах Беларусі, самы вялікі абаронца варот у краіне. Гуляе ў нас і брат вядомага Максіма Бабічава (зараз гулец украінскага «Матора» і зборнай Беларусі) — Дзмітрый, найразумнейшы хлопец, дырэктар лагістычнай кампаніі.

* * *

Кіраўнікі і стваральнікі адзначаюць, што асноўная матывацыя ўсіх гульцоў «Віцязя» — даказаць, што яны нічым не горшыя за гульцоў, якія лічаць сябе прафесійнымі гандбалістамі ў нашай краіне.

— Практычна ўсе хлопцы не дагулялі сваё, рана скончылі кар'еру, а ўзровень іх гульні яшчэ дазваляе канкурыраваць з іншымі клубамі на зусім «не аматарскім» узроўні, таму «Віцязь» — гэта клуб другога шанцу.

Паколькі ў каманды пэўны час не было спонсараў і яна ніяк не фінансавалася дзяржавай, у калектыве была створана сістэма ўзносаў, гульцы самі пакрывалі значную колькасць выдаткаў.

— Пазней неабходнасць гэтай сістэмы адпала, сёння ў нас ёсць партнёры, якія дапамагаюць з транспартам, аплачваюць форму. І, ведаеце, унікальная для краіны сітуацыя — яны нават не хочуць атрымліваць за гэта рэкламу. Наогул, вядома, вялікі плюс гандбола ў тым, што ён вельмі бюджэтны від спорту. Летась каманда добра гуляла, гэта прыцягнула пэўную ўвагу і выклікала сур'ёзны давер з боку федэрацыі і многіх людзей у гандболе.

* * *

На пачатку 2016 года да каманды далучыўся вядомы ў Беларусі трэнер — Аляксандр Жыркевіч. кіраўніцтва адзначае, што з гэтага моманту ў «Віцязя» пачаўся новы этап. Каманда стала разрастацца, хоць да гэтага былі цяжкія моманты, калі на трэніроўкі прыходзіла літаральна 6—7 чалавек.

— Цяпер мы выканалі ўсе патрабаванні, каб гуляць у вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі. Ёсць абавязковая ліцэнзія ў трэнера, доктара, падрыхтавалі форму, якая павінна адпавядаць пэўнаму ўзору. Дамашнія матчы будзем праводзіць у Мінску, на пляцоўцы РЦАР па вуліцы Філімонава. Добра, што сёлета паднялі часавую планку правядзення гульняў па будных днях. Да гэтага рэгіянальныя клубы любілі паставіць гульню дзе-небудзь на 16 гадзін, забываючы, што галоўная асоба ў спорце — гэта глядач.

Дарэчы, з імі ў «Віцязя» пакуль цяжка, хоць каманда разлічвае, што да сярэдзіны сезона людзей на трыбунах стане прыкметна больш.

— Наш праект будуецца не на матэрыяльных каштоўнасцях, гэта шмат у каго выклікае сімпатыю. Мы думаем, што наша асноўная аўдыторыя якраз не гандбольная, а людзі, для якіх гандбол — гэта штосьці новае. На наш погляд, патэнцыйнага балельшчыка павінна зацікавіць, што клуб не дзяржаўны, з цікавымі жыццёвымі гісторыямі гульцоў і трэнераў, і думаю, «Віцязь» — самы беларускі гандбольны клуб у краіне. Мы перайшлі на беларускую мову цалкам, таму, можа быць, наша задача прыцягнуць балельшчыка ўскладнілася, але гэта свядомы крок. Мы хочам рабіць штосьці карыснае для краіны, штосьці шчырае і цікавае, а мова — гэта адна з самых галоўных каштоўнасцяў. Акрамя таго, сёлета ў нашых гульцоў будзе вельмі прыгожая форма з беларускім арнаментам.

Плануецца, што ўсе дамашнія і, магчыма, нават выязныя матчы будуць суправаджацца якаснымі інтэрнэт-трансляцыямі. Да таго ж «Віцязь» абяцае здзіўляць не толькі спартыўнымі дасягненнямі, але і рознымі культуралагічнымі праектамі, звязанымі з беларускай мовай і гісторыяй.

— Наогул, мы, вядома, ідзём да стварэння сапраўднай прафесійнай каманды, думаю, гэта адбудзецца ў наступныя 3—5 гадоў. Да клуба, дзе будзе арганізаваны сістэматычны трэніровачны працэс, дзе спартсмены змогуць атрымліваць грашовую кампенсацыю за сваю гульню. Што датычыцца гэтага сезона, то, вядома, хацелася б трапіць у чацвёрку лідараў чэмпіянату. У першую чаргу гэта надасць імпульс усёй камандзе, на якім можна працаваць яшчэ некалькі гадоў, і стане добрым прыкладам для людзей, якія развіваюць уласныя некамерцыйныя праекты.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Каманда другога шанцу

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.