Вы тут

Лёгкаатлет Максім Недасекаў: Лічу, што спартсмен павінен быць галодным


Чэмпіён Еўропы прыадкрывае сакрэты паспяховых скачкоў.

Максім Недасекаў выйграў кантынентальны чэмпіянат па лёгкай атлетыцы (U-20) у скачках у вышыню з вынікам 2 метры 33 сантыметры, на нядаўніх Алімпійскіх гульнях у Бразіліі такая вышыня прынесла спартсмену з Украіны Багдану Бандарэнку бронзавы медаль. Акрамя таго, Максім перапісаў рэкорд юнацкага чэмпіянату Еўропы, які заставаўся непахісным на працягу 40 гадоў. Нягледзячы на тое, што так паспяхова малады спартсмен яшчэ не скакаў, у планах пакарыць яшчэ больш крутыя вышыні і дагнаць цяперашняга лідара ў гэтым відзе спорту катарца Мутаза Эса Баршыма, які паказвае вынік 2.37. У сваім інтэрв'ю Максім расказаў пра атмасферу чэмпіянату Еўропы, пра тое, што матывуе яго на вынік, і як звычайна праводзіць дзень старту.


— На гэты турнір у італьянскі Грасета я ехаў толькі за «золатам». На чэмпіянаце Беларусі паказаў добры вынік — 2.26, нягледзячы на тое, што стан быў не вельмі добры, таму смела разлічваў на медаль. У кваліфікацыі выкарыстаў не шмат сіл, хутка аднавіўся, але самаадчуванне ў фінале мне ўсё роўна не падабалася — не адчуваў сваіх ног. Калі выйшаў у сектар, пачаліся скачкі, усё стала на свае месцы. Па выніках сапернікаў у кваліфікацыі думаў, што выйграю спаборніцтвы з вышынёй 2.26, але хлопцы з іншых краін узялі 2.28, мне прыйшлося перанесці сваю спробу на 2.30. Сабраўся, настроіўся, успомніў, што на мяне глядзіць столькі людзей на трыбунах, хварэюць дома, і ўсё атрымалася.

— Выніку ў 2.30 хапала для перамогі, але ты вырашыў паспрабаваць яшчэ вышэй — 2.33...

— Так, гэтая спроба нічога не вырашала, 2.32 я ўжо спрабаваў скакаць, а на сантыметр вышэй — не, вырашыў зрабіць гэта. У трэцяй спробе ўсё атрымалася ідэальна, хацеў яшчэ пастарацца ўзяць 2.35, але не атрымалася, да таго ж здарылася траўма. Скончыў спаборніцтвы з вынікам 2.33, усталяваўшы асабісты рэкорд і рэкорд спаборніцтваў. Быў у вялікім шоку.

— Што важней — выйграць медаль або ўсталяваць рэкорд?

— Я хацеў проста выйграць і забраць залатую ўзнагароду, а тут яшчэ і вынік такі, блізкі да алімпійскага п'едэстала Рыа.

— Акрамя свайго выніку, здзівіла што-небудзь у Італіі?

— Больш за ўсё рассяленне — мы жылі ў манастыры, побач знаходзіліся манашкі. Гэта было неяк дзіўна. Адбой у 23 гадзіны, выйсці пасля гэтага часу немагчыма, у нумарах не было разетак для ноўтбука, гэта стварала некаторую нязручнасць, але потым мы прывыклі.

— Якую вышыню плануеш скарыць далей?

— Для пачатку трэба прывыкнуць да гэтай, рухацца далей пакуль не хачу, ды гэта і не атрымаецца. Хачу пастарацца заўсёды скакаць 2.28, каб часам атрымлівалася 2.30, гэтага пакуль досыць.

— Немалы шум на чэмпіянаце Еўропы выклікала сітуацыя з Віялетай Скварцовай, на ўзнагароджванні якой пераблыталі гімны.

— Гэта памылка арганізатараў, я не думаю, што ўчынак быў зроблены наўмысна. Так, яны вінаватыя, але казаць, што гэта проста катастрофа, не варта, такое здараецца. А што датычыцца Віялеты, думаю, на яе месцы, так паступіў бы любы спартсмен, у тым ліку і я.

— Вернемся да твайго віду спорту. У скачках важна думаць, сачыць за паводзінамі сапернікаў і тактычна пралічваць, якую вышыню варта заявіць у пэўны момант?

— Вядома, гэта абавязковы кампанент поспеху, які да таго ж аказвае псіхалагічны ціск на спартсмена. Я яго адчуваў ужо не моцна, таму што да гэтага ўдзельнічаў у шматлікіх камерцыйных турнірах і прывык да такой атмасферы. Часта спартсмен сам вырашае, якую вышыню заявіць, часам раіцца з трэнерам, мы з маім настаўнікам ужо разумеем адзін аднаго з погляду, таму тут нават не трэба слоў.

— Шмат што ў скачках залежыць ад навакольнага асяроддзя?

— Так, асабліва для мяне. Чым больш людзей на стадыёне, чым мацнейшая падтрымка, тым прасцей мне скакаць. Увага мяне не скоўвае, а, наадварот, надае ўпэўненасці. Шмат што залежыць ад пакрыцця стадыёна — цвёрдае яно або мяккае. Ёсць залежнасць і ад надвор'я. Непажадана, каб быў вецер — у залежнасці ад таго, з якога боку ён дзьме, трэба карэктаваць разбег. Самая камфортная тэмпература дзесьці +25 градусаў. У дождж мы, дарэчы, таксама скачам.

— Як звычайна спраўляешся з хваляваннем?

— На ўсе турніры спецыяльна бяру з сабой ноўтбук, гуляю ў Dota, каб не думаць аб спаборніцтвах. Але гуляю або сяджу ў інтэрнэце, толькі калі ёсць вольны час, так ноўтбук не адчыняю наогул, хоць раней не мог жыць без яго.

— Як праходзіць для цябе дзень спаборніцтваў?

— У гэты дзень я практычна не ем. Лічу, што спартсмен павінен быць галодным, тады ён лепш выступае. Гэта, вядома, не датычыцца тых відаў спорту, дзе атлету трэба шмат энергіі. Прачнуўся, п'ю гарбату з шакаладкай і іду на размінку, калі ёсць час да старту, то слухаю музыку ці гляджу цікавыя відэа. Пасля спаборніцтваў ужо адрываюся, ем усё, што хачу, больш за ўсё люблю мяса.

— Што з'яўляецца для цябе галоўнай матывацыяй?

— Я хачу зарабляць грошы, каб поўнасцю забяспечваць сябе, мець кватэру, машыну. Калі казаць пра спартыўныя мэты, то, вядома, як любы спартсмен, імкнуся да алімпійскага медаля, а там ужо як атрымаецца.

— На твой погляд, якія агульныя рысы аб'ядноўваюць чэмпіёнаў?

— Талент, працаздольнасць і правільная псіхалогія. Думаю, што галоўным інгрэдыентам у рэцэпце поспеху ўсё ж з'яўляюцца задаткі з дзяцінства — гэта 60 працэнтаў.

— Звычайна пераход з маладзёжнага ў дарослы спорт адбываецца цяжка і не заўсёды паспяхова, не баішся гэтага?

— Тут больш псіхалогіі, не трэба задумвацца пра тое, што не ўсё так проста, лепш больш працаваць, прыслухоўвацца да свайго арганізма, і тады ўсё атрымаецца. Я ўжо прымаў удзел у дарослых камерцыйных турнірах, спаборнічаў з алімпійскімі чэмпіёнамі і абгульваў іх. Зараз найлепшы ў свеце ў скачках — спартсмен з Катара, яго вынік у гэтым сезоне 2.37, гэта досыць высока, але спадзяюся, што ў мяне знойдуцца сілы дарасці да яго.

— Што самае складанае ў спорце для цябе на сённяшні момант?

— Пакуль усё ідзе добра, не адчуваю асаблівых праблем. Складана даводзіцца ў асноўным зімой, калі ў спартсменаў закладваецца база, там напружанне не толькі фізічнае, але і псіхалагічнае — доўгая манатонная праца. У нейкі момант трэба проста сябе пераламаць, перацярпець.

— Наогул, з відам спорту ты вызначыўся адразу?

— Не, два гады займаўся плаваннем, потым боксам, мне вельмі падабалася, але бацькі пастаянна настойвалі, каб я пайшоў у лёгкую атлетыку. Яны самі спартсмены, майстры спорту — бацька ў бегу з бар'ерамі, мама ў скачках у даўжыню. Я ў дзяцінстве наогул усё выйграваў, потым спыніўся на трох дысцыплінах — бар'еры, скачкі ў даўжыню і вышыню. І цяпер, дарэчы, вельмі добра бягу спрынт, праўда, у красоўках, шыповак у мяне няма. Вельмі хацелася б паспрабаваць у іх, але трэнер не дазваляе.

— Вынікі ў скачках у вышыню прыйшлі адразу?

— Усё ішло паступова і залежала ад працы. Я ведаў, што ў гэтым сезоне зрабіў вельмі вялікі і якасны аб'ём работы, таму вынік павінен быў прыйсці.

— Калі б не спорт...

— Нават не ведаю, чым бы я мог займацца, у дзяцінстве вельмі любіў стралялкі, хацеў трапіць на вайну.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».