Вы тут

Азімая культура скошана, яравая — на чарзе


У сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве «Прагрэс-Верцялішкі» (Гродзенскі раён) ураджаем алейнай культуры задаволены — сёлета атрымана 53,4 ц/га. Гэта ў 2,3 раза вышэй за сярэднерэспубліканскі паказчык. Гаспадарка поўнасцю забяспечыць птушку і буйную рагатую жывёлу ўласным бялковым кормам.


На рапсавым полі ідзе завяршальны этап — пагрузка і вываз цюкоў саломы. Дбайныя гаспадары вывозяць усё падчыстую. І гэта не проста адходы, якія ідуць на подсціл для жывёлы. Здробленую салому рапсу дадаюць у корм. Такую ідэю вытворцам падказалі навукоўцы Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта. Яны ўпэнены, што гэты кампанент корму выклікае добры апетыт у жывёл — «казыча рубец», як вобразна зазначыў намеснік старшыні кааператыва Аляксандр Гарошка.

...Здаецца, што нам не прабіцца праз тоўстыя сцёблы, што тырчаць на полі. Але аўтамабіль Аляксандра Іванавіча ўпэўнена рухаецца па рапсавай пожні да той самай тэхнікі, якая вывозіць з поля цюкі. Камбайны, што хадзілі тут нядаўна, ужо змянілі жняяркі і вядуць уборку на суседнім, ячменным участку. Але праз тыдзень-другі зноў вернуцца да гэтай культуры. Азімы рапс у зерневай групе пачынае ўборачную кампанію, а яравы — завяршае.

Гэтай культуры апошнім часам тут надаюць асаблівае значэнне. Яна з кожным годам набірае папулярнасць. Вось і сёлета плошчу пад рапс павялічылі, і цяпер яна займае чвэрць усёй зерневай групы гаспадаркі. Вышэй леташняга атрымалі і ўраджайнасць. Плошчы пад азімы рапс таксама плануюць павялічыць.

Такая ўвага да алейнай культуры апраўданая. За ёй стаіць эканамічны разлік. Аляксандр Гарошка прыводзіць такія аргументы: калі раней на закупку бялковых кампанентаў для кармоў трацілі 1,6 млн долараў, то цяпер — толькі 800 тысяч. Эканомію забяспечвае рапс.

Згодна з прагнозам яго будзе сабрана каля 3 тыс. тон. Гэтага дастаткова, каб поўнасцю забяспечыць бялковай сыравінай птушкагадоўлю і буйную рагатую жывёлу. Сёлета плануюць увесці рапсавы алей і ў рацыён норак. Іх тут каля 40 тысяч.

...З поля едзем на міні-завод па перапрацоўцы насення рапсу. Яго засыпаюць у бункер, ачышчаюць, падсушваюць, а затым адпраўляюць пад прэс. Гатовы алей выцякае праз кранік, а макуху складзіруюць у спецыяльныя ёмістасці. Яна — важны кампанент камбікармоў. Абсталяванне не таннае — 200 тыс. долараў. Але ўкладзеныя сродкі вярнуліся з прыбыткам, кажа Аляксандр Гарошка. У будучым у гаспадарцы маюць намер прадаваць лішкі алею. Сёлета ўстаноўку павялічылі яшчэ на адзін прэс.

— Цяпер мы поўнасцю перайшлі на ўласную сыравіну, — кажа Аляксандр Гарошка, — гэта вельмі перспектыўна, таму мы хочам максімальна павялічыць плошчы пад азімы рапс. Зносім пустыя хутары, задзейнічаем зямельныя ўчасткі.

Пакуль на адным канцы поля жнуць, на другім — ужо сеюць. Тэхнікі ў гаспадарцы дастаткова — на лініі працуе 14 камбайнаў, у палявых работах задзейнічана больш за 100 чалавек.

На 10 жніўня ў калгасе скошана палова плошчы. Ураджайнасць збожжавых складае 98,8 ц/га.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

 

У тэму:

Алена Чарнушчык, намеснік старшыні СВК «Прагрэс-Верцялішкі»:

— У гаспадарцы распрацавана сістэма прэміравання падчас уборачных работ. Калі намалот за дзень склаў 70—100 тон (у залежнасці ад тыпу камбайна), камбайнеру за гэты дзень налічваецца дадаткова 15 рублёў да зарплаты. Гэта датычыць і вадзіцеляў. Таксама па выніках уборкі прадугледжана прэмія. За першае месца камбайнер і вадзіцель атрымаюць 250 рублёў, за другое — 220, за трэцяе — 190 рублёў. Зарплата на перыяд уборкі павялічана на 25%. Напрыклад, на ўборцы рапсу зарплата склала 1,5 тыс. рублёў.

Каб чарговая ўборка запомнілася, падрыхтаваны імянныя прызы ў выглядзе стэлы з арганічнага шкла з лагатыпам. Таксама пераможцам уручаюцца белы хлеб і букет з каласкамі. Будзем рабіць памятны фотакалаж пра лідараў жніва.

Мы стараемся прэміраваць як мага больш добрасумленных работнікаў, нават тых, хто не трапіў у лік прызёраў, але намалаціў і перавёз больш за 1,5 тыс. тон збожжа.

Калгасныя «Дажынкі» мяркуем правесці ў канцы жніўня.

Загаловак у газеце: Стратэгічны рапс

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.