Вы тут

Ці магчыма правесці капрамонт за месяц?


Такі эксперымент, што мае на мэце палепшыць якасць капітальнага рамонту і выявіць рэзервы для скарачэння затрат на работы, пачнецца восенню на спецыяльна адабраных пілотных аб'ектах сталіцы і іншых рэгіёнаў краіны. Пра гэта расказалі прадстаўнікі Міністэрства ЖКГ і Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі.


Пры гэтым у месячны тэрмін капрамонту не ўваходзяць падрыхтоўчыя работы.

— Каб выконваць капрамонт за месяц, трэба праводзіць вялікую падрыхтоўчую працу са спажыўцом, размаўляць з ім і даносіць да яе ўсю інфармацыю: пра склад работ, графік атрымання доступу ў кватэру і іншае. Каб не было потым пытанняў з праектнай дакументацыяй і не з'явіліся схаваныя дадатковыя работы, якія не былі выяўлены раней, — акцэнтаваў увагу Андрэй РАМАШКА, начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства ЖКГ. — Калі ўсё гэта будзе зроблена, то не ўзнікне ніякай складанасці з тым, каб увайсці ў дом і выканаць працу за месяц.

Каб дасягнуць разумення з жыхарамі і выканаць графік работ, магчыма, дзесьці будуць арганізаваны і дадатковыя змены будаўнікоў, каб было зручна ўсім, мяркуе спецыяліст.

— Капітальны рамонт за месяц прадугледжвае выкананне асобных відаў работ у кватэры (замена газавых камунікацый, сістэм водазабеспячэння і каналізацыі), а не капрамонт усяго дома, — падкрэсліла Валянціна ЧЫГІР, начальнік аддзела ДА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка». — Напрыклад, адрамантаваць тыя ж балконы за месяц немагчыма.

Увогуле, заканадаўча цяпер прадугледжана, што на капрамонт дома патрабуецца 3,5—5 месяцаў. На падставе вынікаў эксперыменту нарматыўныя тэрміны правядзення капрамонту будуць перагледжаны.

Капітальнага рамонту патрабуе каля 10% жылля краіны, кажуць спецыялісты.

— У 90-я гады аб'ёмы капрамонту былі надта нізкія. Ды і ў 2010-м, напрыклад, выконваўся рамонт толькі 1% аб'ёму ўсёй эксплуатаванай плошчы жылля. Сёлета мы выходзім на 2,3% — гэта запланаваныя 2,6 млн м2 для капітальнага рамонту па ўсёй краіне. Згодна ж з дзяржаўнай праграмай «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяродзе» аб'ёмы капрамонту да 2020 г. павінны дасягнуць 3% у год. Гэта аптымальны штогадовы паказчык, які дазволіць у далейшым не павялічваць так званую зону недарамонту, — расказаў Андрэй Рамашка.

Дастойным паказчыкам дасягненняў апошняга дзесяцігоддзя быў названы ўзровень старога і аварыйнага жылля, які ў краіне не падымаецца вышэй за 0,1%. Добры знак таксама — штогадовае нарошчванне аб'ёмаў капрамонту.

— У 2015-м было адрамантавана 670 тыс. м2, сёлета мы збіраемся зрабіць 794 тыс. м2. А ўвогуле, Мінск гатовы штогод рамантаваць да мільёна квадратных метраў пры наяўнасці сродкаў, — паведаміла Валянціна Чыгір. — Што датычыцца добраўпарадкавання дваравых тэрыторый, то мы робім у Мінску падходы да жылых дамоў, падходы да пад'езда. Для арганізацыі безбар'ернага асяроддзя ў некаторых месцах робім з'езды, усталёўваем поручні. Віды работ у параўнанні з тымі, што выконваліся ў папярэднія гады, крыху скараціліся.

За кошт адлічэнняў грамадзян па-ранейшаму аплачваецца да 30% сумы кошту капрамонту. З бюджэту сёлета на капітальны рамонт выдзелена 224 млн рублёў, а ўсяго патрэбна 300 млн.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.