Вы тут

Дзеці глытаюць капейкі, батарэйкі і бытавую хімію


Медыкі загаварылі аб вывядзенні на новы, прававы, узровень праблемы адказнасці бацькоў, чые дзеці трапілі ў клініку з небяспечнымі рэчывамі ў страваводзе або страўніку.


На жаль, не ўсё, што можа праглынуць чалавек, здольна пакінуць арганізм натуральным шляхам. Тая ж плоская батарэечка, хоць і малая, але агрэсіўна прапальвае стрававод і пашкоджвае аорту — гэта выклікае крывацёк, ад чаго дзіця можа загінуць ці застацца інвалідам. Але чаму бацькі кідаюць дзіця без нагляду? Чаму дробныя прадметы аказваюцца такімі даступнымі для малых? Што прымушае бацькоў пераліваць атрутныя вадкасці ў бутэлькі з-пад ліманаду? Пытанні носяць у першую чаргу сацыяльны, а не медыцынскі характар. Тым не менш Міністэрства аховы здароўя Беларусі звяртае ўвагу вытворцаў хіміі на неабходнасць выкарыстання спецыяльнай упакоўкі, якую не змогуць адкрыць дзеці, якая павінна мець невялікі аб'ём, быць няяркай і змяшчаць павялічаны шрыфт для папярэджвання аб смяротнай небяспецы. Адпаведным патрабаванням павінна адпавядаць і замежная прадукцыя.

— Фактычна ў любы дзень і час у нашай клініцы знаходзяцца каля 40 дзяцей з апёкам стрававода, — расказвае дырэктар РНПЦ дзіцячай хірургіі Канстанцін ДРАЗДОЎСКІ. — Іншародныя целы ў страўнікава-кішачным тракце дзяцей — плоскія батарэйкі, манеты, шрубы, шарыкі, якія глытаюцца, а таксама агрэсіўныя вадкасці, якія выпіваюцца дзецьмі, — застаюцца сур'ёзнай праблемай. Сёлета ў цэнтр трапіла 171 дзіця з іншародным целам. Галоўным чынам гэта пацыенты з Мінска. З рэгіёнаў дастаўляюцца радзей, бо там таксама ёсць магчымасці аказання меддапамогі ў падобных выпадках. Калі ў 2015 годзе мы выканалі 26 эндаскапічных аперацый па прычыне выдалення іншароднага цела са стрававода або страўніка, то ў 2016-м — 86, а сёлета — ужо 91. Па краі-
не за 7 месяцаў праведзена 137 такіх умяшанняў. Глытаюць дзеці і розныя агрэсіўныя вадкасці, самая страшная з якіх — сродак для чысткі каналізацыі кшталту «Крата». У 2016-м паступілі 38 дзяцей з апёкам стрававода, сёлета — ужо 67...

Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай хірургіі аказвае сёння меддапамогу на самым сучасным узроўні. Дзякуючы ініцыятыве дабрачыннага фонду «Шанс» клініка атрымала нядаўна абсталяванне на суму звыш 300 тысяч долараў. Як толькі яго ўстановяць, стане магчымым аказваць хірургічную дапамогу дзецям з парушэннямі рытму сэрца ва ўзросце 2—5 гадоў. Такія пацыенты змогуць пайсці ў школу ўжо здаровымі, займацца спортам. Тым часам кампанія Velcom сабрала ў межах сваёй дабрачыннай акцыі каля 90 тысяч рублёў для атрымання абсталявання па правядзенні хуткай, сучаснай працэдуры пункцыі сасудаў.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Даступная... атрута

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.